Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адмаўляецца забіраць зь Нямеччыны турбіну для «Паўночнага патоку»


Оляф Шольц наведвае Siemens Energy ў Мюльгайм-ан-дэр-Рур
Оляф Шольц наведвае Siemens Energy ў Мюльгайм-ан-дэр-Рур

Абсталяваньне апячатанае і гатовае да адпраўкі Расею. У той жа час Масква перашкаджае транспартаваньню, выстаўляючы недарэчныя патрабаваньні, заявілі ў кампаніі Siemens Energy.

Пра гэта інфармуе DW.

Газавая турбіна для расейскага газаправоду «Паўночны паток – 1» гатовая да выкарыстаньня і па-ранейшаму знаходзіцца ў апячатаным стане ў нямецкім горадзе Мюльгайм-ан-дэр-Рур, зрухаў ва ўрэгуляваньні рознагалосьсяў з Расеяй не відаць, паведаміў прадстаўнік кампаніі Siemens Energy у сераду, 17 жніўня, у Мюнхэне.

Паводле яго, Расея працягвае чапляцца да дакумэнтаў і выстаўляць недарэчныя патрабаваньні. Турбіну мяркуецца пераправіць у РФ на грузавіку, таму спасылкі на цяперашні нізкі ўзровень вады, які нібыта перашкаджае пастаўцы абсталяваньня рачным транспартам, не адыгрываюць ніякай ролі, адзначыў прадстаўнік.

Расейскі канцэрн «Газпрам» у чэрвені скараціў пастаўкі газу па «Паўночным патоку – 1», спаслаўшыся на адсутнасьць турбіны, якая разам зь іншым абсталяваньнем стварае ціск для прапампоўваньня паліва. Гэтая турбіна ў чэрвені была адрамантаваная ў Канадзе і зь сярэдзіны ліпеня знаходзіцца ў Нямеччыне, чакаючы адпраўкі ў РФ. «Газпрам» скардзіцца на адсутнасьць інфармацыі аб праведзеным рамонце, Siemens Energy абвяргае гэтыя прэтэнзіі.

Канцлер ФРН Оляф Шольц падчас візыту ў Мюльхайм два тыдні таму,заявіў, што Расея выкарыстоўвае надуманыя падставы для скарачэньня аб’ёму паставак у парушэньне кантракту. Паводле Шольца, турбіна гатовая да выкарыстаньня і можа быць у любы момант пастаўленая Расеі. «Відавочна, што нічога, абсалютна нічога не перашкаджае транспартаваньню і падключэньню гэтай турбіны ў Расеі», — сказаў ён.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG