Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ігар зараз можа тэлефанаваць дадому». Палітвязень Лосік за кратамі 778 дзён


Ігар Лосік, архіўнае фота
Ігар Лосік, архіўнае фота

Журналіста Свабоды, палітвязьня Ігара Лосіка на пачатку лета перавялі на месца адбыцьця пакараньня — у Наваполацкую калёнію. Увесь ранейшы час за кратамі ён правёў у розных СІЗА. Камунікацыя з роднымі адбываецца празь ліставаньне і тэлефон.

У калёніях вязьні маюць магчымасьць званіць родным. Па словах Дар’і Лосік, лісты ад мужа ходзяць нядрэнна, аднак сам Ігар атрымлівае паведамленьні толькі ад жонкі, брата і бацькоў.

«3–4 лісты ад Ігара атрымліваю ў тыдзень, — расказвае Дар’я. — Даволі хутка ходзяць. У яго ўсё тое ж. Працуе, перабірае плястыкавыя „бубкі“. З гэтым нічога не зьмянілася. Ігар таксама пісаў, што яму даюць нейкія прэпараты, каб зьменшыць ціск. Я перадавала ў калёнію мэдычныя выпіскі Ігара, там быў дыягназ — артэрыяльная гіпэртэнзія. Пыталася, ці ёсьць нейкія пабочныя эфэкты ад прэпаратаў. Кажа, што не, што ўсё нядрэнна».

Па словах Дар’і, у калёніі Ігар адчувае сябе лепш, нават крыху загарэў. Працуе палітвязень у закрытым памяшканьні, але часам ёсьць магчымасьць выйсьці на сонца. У гэтым калёнія моцна адрозьніваецца ад СІЗА, дзе Ігар прабыў амаль два гады.

«З кім Ігар разам адбывае пакараньне, хто зь ім у атрадзе, Ігар ні разу не напісаў, — кажа Дар’я. — Я неяк спрабавала яму напісаць пра эканамічныя навіны. Пра ВУП, пра экспарт. Але ўсё гэта выкрасьлілі. У калёніі перапіска правяраецца яшчэ больш строга, чым гэта было ў СІЗА. Пра побыт, пра дачку, пра родных — гэта ўсё даходзіць, пытаньняў няма. Але калі гаварыць пра сусьветныя навіны альбо беларускія, то не. Я ўжо і не пішу такога. Лістоў проста не перададуць, а хочацца мець сувязь зь Ігарам».

Дар’я Лосік расказвае, што пра распарадак дня Ігара таксама ведае мала. Толькі тое, што ў калёніі вольнага часу ў Ігара стала менш, ён займае яго адказамі на лісты. Працуе Ігар Лосік шэсьць дзён на тыдзень, выходны толькі адзін — нядзеля.

Дар’я ўжо была ў Наваполацку, вазіла мужу перадачу вагою 50 кіляграм. Пра магчымую сустрэчу зь ім пакуль навінаў няма. Дар’я вельмі спадзяецца, што ўдасца атрымаць доўгатэрміновую сустрэчу з мужам. З новага тое, што Ігар можа званіць родным дадому і размаўляць зь імі голасам. Жонцы журналіст Свабоды тэлефануе двойчы на тыдзень. Апошні раз Дар’я зь Ігарам размаўляла 4 жніўня, ён пазваніў а 19-й гадзіне, паразмаўляць удалося пяць хвілін.

«Пасьпяваю даведвацца, ці ўсё ў Ігара нармальна, — расказвае Дар’я. — Ігар можа званіць бацькам, брату, мне, дачцэ Паўліне. Але Паўліна жыве са мной, таму званок сюды толькі адзін. На жаль, атрымлівалася так, што калі Ігар званіў, Паўліны не было побач. А гэта ж толькі пяць хвілін, я яе не пасьпявала паклікаць. Калі атрымаецца, то я, вядома, уключу ёй гучную сувязь».

У сярэдзіне ліпеня дадому да Ігара ў Баранавічах прыйшлі судовыя выканаўцы. Яны паказалі Дар’і дакумэнт, згодна зь якім маюць права арыштаваць маёмасьць у лік пагашэньня доўгу Ігара перад дзяржавай.

Па словах Дар’і Лосік, новых візытаў судовых выканаўцаў да яе не было. Дар’я мяркуе, што яны яшчэ прыйдуць, аднак гэта будзе адбывацца ня вельмі часта.

«Хай прыходзяць, — кажа яна. — Я ім супраціўляцца не зьбіраюся, гэта бессэнсоўна. Сума там вельмі вялікая, і я ня ведаю, што ў нас у кватэры можна канфіскаваць, каб яе пакрыць. Падчас прыгавору агучвалі 2 мільёны 660 тысяч рублёў, але там былі яшчэ і канфіскаваныя ў Ціханоўскага грошы, і яго тэхніка. Таму я не магу сказаць, колькі менавіта яны хочуць спагнаць зь Ігара. Ня бачу я пакуль сумы, якую яны хочуць спагнаць зь Ігара Аляксандравіча Лосіка. З задавальненьнем бы пра яе даведалася».

Напісаць Ігару можна па адрасе: ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вуліца Тэхнічная, 8, Лосіку Ігару Аляксандравічу.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG