Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён атрымлівае лісты толькі ад пяці чалавек». Ігар Лосік за кратамі 685 дзён


Палітзьняволены журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік
Палітзьняволены журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік

Журналіст Радыё Свабода і палітвязень быў арыштаваны 25 чэрвеня 2020 году. Ад моманту пачатку вайны Расеі супраць Украіны яго амаль цалкам пазбавілі перапіскі.

У канцы красавіка стала вядома, што скаргу на прысуд Ігару Лосіку і шэрагу іншых палітвязьняў будуць разглядаць у Вярхоўным судзе 31 траўня.

Прысуд, паводле якога Ігар атрымаў 15 гадоў калёніі, агучылі яшчэ 14 сьнежня мінулага году. Увесь гэты час журналіст Свабоды знаходзіўся ў СІЗА-3 Гомля, куды яго перавялі са сьледчай турмы Жодзіна амаль год таму. У калёнію Ігара Лосіка перавязуць толькі пасьля разгляду апэляцыі. Жонка Ігара Дар’я Лосік расказала апошнія навіны пра мужа.

«Справу Ігара перадалі ў Вярхоўны суд, і мы чакаем разгляду апэляцыі, таму спатканьняў нам да апэляцыі не даюць, – расказвае Дар’я. – Такая склалася практыка. Таму, пэўна, маё бліжэйшае спатканьне з Ігарам будзе ўжо на наступны дзень пасьля апэляцыі».

Ці будзе Ігар асабіста прысутнічаць на разглядзе скаргі, ніхто пакуль ня ведае. Па словах Дар’і Лосік, яна амаль перакананая, што ейнага мужа і іншых абвінавачаных у Менск на паседжаньне не павязуць. Па яе словах, цяпер у Ігара найбольшая праблема – амаль поўная забарона на перапіску. Яна цягнецца ўжо больш за два месяцы.

«Чалавека асудзілі на 15 гадоў, які сэнс яму зараз блякаваць лісты ад іншых людзей? – наракае Дар’я Лосік. – Яны трацяць свае грошы, купляюць канвэрты, паштоўкі і маркі, каб нешта паслаць Ігару. Ніводнага ліста ад няродных ён не атрымаў, пачынаючы з канца лютага. Акурат з пачатку вайны. Як толькі яна пачалася, то лісты перасталі даходзіць. Хаця ў Ігара неўзабаве будзе дзень народзінаў (20 траўня). Я ўпэўненая, што людзі будуць яму пісаць. Але ад таго, што нехта мае схільнасьць да садызму, лістоў ён гэтых не атрымае».

Як расказвае Дар’я, Ігар Лосік ужо больш за два месяцы атрымлівае лісты толькі ад яе, бацькоў і часам ад цёткі і брата. Больш нічыіх лістоў яму не аддаюць.

«Апошні раз я Ігара бачыла ў канцы красавіка, гэта было з дазволу Гомельскага абласнога суду, – гаворыць Дар’я. – Лісты ад яго даходзяць розныя. Быў шэраг вельмі пазытыўных лістоў. Мы ўспаміналі зь Ігарам, як жылі да ўсяго гэтага жаху. Абмяркоўвалі, што хацелі б зрабіць пасьля, калі гэта ўсё будзе пройдзена. Ігар пытае, чым бы я хацела займацца, дзе я хацела б працаваць. Такія побытавыя моманты. Але праскоквалі і лісты, дзе Ігар піша пра тое, што яму ўсё надакучыла. Што ён два гады знаходзіцца ў каменным мяху проста так, асуджаны ні за што на 15 гадоў. Яму цяжка».

У перапісцы з роднымі сам Ігар Лосік моцна наракае на забарону на перапіску. Па яго словах, гэтую забарону ў СІЗА ніяк не тлумачаць.

«Лістоў мне ўвогуле не аддаюць, – піша Ігар Лосік. – Без тлумачэньня прычын, як звычайна. Дзіўнае рашэньне, улічваючы, што я на ўліку як схільны да суіцыду. Шкада, людзі марнуюць грошы, час, эмоцыі, а гэта ўсё на сьметнік ідзе праз кагосьці, хто, мабыць, схільны да садызму».

Дар’я таксама расказвае аб праблемах са здароўем у Ігара. Ён мае стары гастрыт, лячыць які ва ўмовах СІЗА праблематычна. Палітвязень таксама скардзіцца на вочы – за два гады зьняволеньня ў яго моцна пацярпеў зрок. У камэры няма сьвятла і да таго ж проста фізычна няма куды глядзець на далёкія адлегласьці, што неабходна для захаваньня вастрыні зроку.

«Ігар таксама вельмі моцна скардзіцца на тое, што не дазваляюць перадаць мне ягоныя рэчы, – гаворыць Дар’я Лосік. – Ён даўно на гэта скардзіцца. У Ігара за два гады сабралася шмат рэчаў, у яго неўзабаве новы этап у калёнію. Таму Ігар хоча перадаць частку зь непатрэбнага мне, перавозіць іх потым з закутымі ў кайданкі рукамі вельмі складана. У калёніі зусім іншыя правілы, там патрэбны іншыя рэчы. Каб перадаць, Ігар ужо напісаў каля 10 заяваў на імя начальніка СІЗА-3 Гомля Рубанава А.А., але адказу на іх няма. Альбо начальнік СІЗА-3 вельмі моцна заняты, альбо ён прынцыпова не разглядае заявы ад Ігара. Я схіляюся да другога варыянту».

Нягледзячы на невялікія шанцы пабачыць Ігара ў залі Вярхоўнага суду, Дар’я зьбіраецца асабіста прыехаць 31 траўня ў Менск і паспрабуе трапіць на паседжаньне.

«Вядома, я там буду, – кажа яна. – Я думаю, мне не дадуць трапіць у памяшканьне, дзе будзе праходзіць разгляд апэляцыі. Дзе нам скажуць, што прысуд пакідаюць у сіле. Альбо яшчэ нешта прыдумаюць. Але ў сам Вярхоўны суд я пляную трапіць. Падчас апэляцыі я ў любым выпадку буду ці ля Вярхоўнага суду, ці недзе унутры будынка».

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG