Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у справе аб «змове»: Рамана Пратасевіча дапыталі ў якасьці сьведкі

абноўлена

Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа), падсудныя ў справе аб «змове»
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа), падсудныя ў справе аб «змове»

Як паведамляюць праўладныя СМІ, Пратасевіч пацьвердзіў, што знаёмы зь Юрыем Зянковічам і Рыгорам Кастусёвым.

Паводле словаў Рамана Пратасевіча, ён пазнаёміўся зь Зянковічам у 2017 ці 2018 гадах — іх пазнаёміў Дзьмітры Шчыгельскі ў Менску. Што да Шчыгельскага, то зь ім Пратасевіч пазнаёміўся прыкладна ў 2015 годзе ва Ўкраіне.

«Мне Шчыгельскі паведаміў, што ёсьць варыянт сілавога зрынаньня ўлады ў Беларусі, і запрасіў да ўдзелу ў zoom-канфэрэнцыі», — сказаў Пратасевіч у судзе.

Ён сказаў, што плянавалася сустрэча Ціханоўскай і «змоўцаў» у Маскве, Стамбуле або якім-небудзь іншым горадзе ў Эўропе. Таксама апавёў, што «змоўцы» бачылі адзін варыянт зрынаньня ўлады — «сілавы з удзелам вайскоўцаў».

«Ніякім іншым спосабам уладу нельга было зьмяніць. Маршы і шэсьці ўжо праваліліся», — сказаў Пратасевіч.

Пратасевіч заявіў, што ў штаба не было магчымасьці прафінансаваць «змоўцаў», таму ён пагутарыў з Андрэем Стрыжаком, які меў дачыненьне да фонду BYSOL:

«Лягічна было б паспрабаваць пагаварыць зь ім. Ён сказаў, што такія вялікія грошы знайсьці ня ўдасца. Максымум гатовы быў дапамагчы з эвакуацыяй сем’яў вайскоўцаў, якія пагадзіліся б у гэтым паўдзельнічаць. Размова ішла аб колькасьці ў прамежку ад 10 да 20 сем’яў», — прыводзіць словы Пратасевіча праўладнае агенцтва БелТА

Напярэдадні, 10 жніўня, у судзе выступілі арыштаваныя прафсаюзныя лідэры. У гэтай палітычнай справе яны праходзяць як сьведкі.

Судовы працэс у «справе аб дзяржаўным перавароце», дзе фігуруюць Юры Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук, пачаўся 29 ліпеня ў будынку суду Менскага раёну.

  • Зянковіча абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці).
  • Фядуту і Кастусёва — паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
  • Галубовіч і Краўчука — паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG