Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На суд у «справе аб змове» сьведкамі прывезьлі арыштаваных прафсаюзных лідэраў


Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

Працэс праходзіць у Менскім абласным судзе. Пад канвоем у залю даставілі кіраўніка Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандра Ярашука і яго намесьніка Сяргея Антусевіча. 

Ярашук паведаміў, што знаёмы з шэрагам абвінавачаных. Ён сказаў, што ў жніўні 2020-га сустракаўся зь Юрыем Зянковічам у сваім офісе ў Менску. Зь яго словаў, Зянковіч разглядаў варыянт зьмены ўлады неканстытуцыйным шляхам і казаў, што трэба прыцягваць сілавікоў, паведамляе Вясна. На працэсе працуюць толькі дзяржаўныя і расейскія СМІ.

Антусевіч расказаў, што знаёмы з усімі фігурантамі гэтай справы, а ў камэры СІЗА № 1 сядзіць разам з Аляксандрам Фядутам. Ён падкрэсьліў, што Фядута «інтэлектуальна дапамагае» сукамэрнікам трымацца.

Паводле сьведчаньня Антусевіча, Зянковіч запрашаў яго ўдзельнічаць у zoom-канфэрэнцыях «змоўцаў», але ён адмовіўся. Пракурор зачытаў паказаньні Антусевіча на сьледзтве. У іх сьцьвярджаецца, быццам у 2020 годзе Зянковіч казаў, што хоча легалізаваць свой статус як прэзыдэнта, а пазьней хацеў стаць прэзыдэнтам Беларусі.

Таксама ў судзе зачыталі пратаколы яшчэ аднаго сьведкі — грамадзяніна Ўкраіны. Згодна зь імі, Зянковіч плянаваў прыцягнуць для змовы грошы багатых прадстаўнікоў ізраільскай дыяспары ў ЗША.

Кіраўнікоў беларускіх прафсаюзаў затрымалі 19 красавіка 2022 году. 19 ліпеня дзейнасьць шэрагу незалежных прафсаюзаў спынілі па пазовах генэральнага пракурора Андрэя Шведа.

Судовы працэс у «справе аб дзяржаўным перавароце», дзе фігуруюць Юры Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук, пачаўся 29 ліпеня ў будынку суду Менскага раёну.

  • Зянковіча абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці).
  • Фядуту і Кастусёва — паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
  • Галубовіч і Краўчука — паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць

  • У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
  • У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
  • Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
  • Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
  • Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
  • У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
  • Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
  • 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
  • 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
  • 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
  • Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG