Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ахоўнік лягеру сказаў: падзякуйце свайму вусатаму „бацьку“». Беларускаму ўцекачу пагражае прымусовая дэпартацыя зь Нямеччыны


Станіслаў Цыбінскі ў Нямеччыне
Станіслаў Цыбінскі ў Нямеччыне

Нямеччына адмовіла ў статусе палітычнага ўцекача Станіславу Цыбінскаму, які ў Беларусі адбыў 15-гадовы тэрмін за забойства, але пасьля вызваленьня дапамагаў вязьням і сам трапіў пад рэпрэсіі. Станіслаў кажа, што прымусовая дэпартацыя пагражае яшчэ 16 яго суайчыньнікам.

У шматлікіх інтэрвію беларускім СМІ Станіслаў Цыбінскі апавядаў, што ў 18 год забіў хлопца, які згвалціў ягоную дзяўчыну. За гэта ён атрымаў 15 гадоў калёніі. Тэрмін мужчына адбыў цалкам, у зробленым злачынстве раскаяўся, папрасіў прабачэньня ў маці загінулага.

Пасьля вызваленьня Цыбінскі змог пачаць новае жыцьцё — знайшоў жыльлё і працу, а потым вырашыў аказваць розную падтрымку былым вязьням. У 2020 годзе ён, як тысячы беларусаў, беспасярэдне сутыкнуўся з рэпрэсіямі — у жніўні Станіслава жорстка пабілі сілавікі, зламалі яму чатыры рабры. Праз пагрозу трапіць за краты мужчына тэрмінова выехаў у Расею, дзе яму зрабілі 2 апэрацыі. Больш за месяц ён быў у маскоўскай лякарні.

Аднак палітычны перасьлед Станіслава ня скончыўся: празь нейкі час яго затрымалі супрацоўнікі ФСБ. У выніку мужчына тэрмінова зьехаў ва Ўкраіну. У Кіеве ён уладкаваўся ў мясцовы рэстаран кухарам, а ў вольны час удзельнічаў у акцыях салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. Калі пачалася вайна, Станіслаў гатаваў ежу для байцоў Узброеных сілаў Украіны, але праз пагрозу жыцьцю ад няспынных баявых дзеяньняў вырашыў усё ж такі пакінуць гэтую краіну. Выбраў Нямеччыну. У Бэрлін прыехаў у траўні.

«Адно з маіх інтэрвію прачытала сям’я, якая жыла ў нямецкім горадзе Энігэрлё. Яны ўраджэнцы Ўзбэкістану. Прасякнуліся маёй гісторыяй, здаецца, мяне пашкадавалі і прапанавалі ў разе неабходнасьці пажыць пэўны час у іх. Я скарыстаўся гэтай дапамогай. А, напрыклад, у Польшчы ў мяне нікога не было», — тлумачыць ён.

Станіслаў Цыбінскі
Станіслаў Цыбінскі

«Не магу нават купіць SIM-карту »

Пазьней Станіслаў прыйшоў у сацыяльны цэнтар, каб атрымаць статус уцекача.

«Там падаў заяву аб тым, што прашу прытулак. Прымацаваў дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што мяне ў Беларусі перасьледавалі. Мне адразу адмовілі, сказалі ехаць у Бохум — цэнтральны горад, дзе разьмяркоўваюць па іншых акругах. — расказвае Станіслаў. — Ужо ў Бохуме мяне накіравалі ў лягер. Туалет і душ там былі на вуліцы. У памяшканьні прыкладна 12×3 мэтры са мной жылі яшчэ 5 уцекачоў».

Станіслаў Цыбінскі ў сацыяльным цэнтры
Станіслаў Цыбінскі ў сацыяльным цэнтры

Праз 2 дні Станіслава накіравалі ў іншы лягер, каля Цырндорфу. Мужчына прызнаецца, што першае ўражаньне аб гэтым месцы ў яго склалася неадназначнае.

«Захавалася ў памяці стаўленьне супрацоўнікаў. Напрыклад, рэчы ўкраінцаў яны адкрылі, хутка паглядзелі на наяўнасьць алькаголю, нажоў і таму падобнае. Мяне ж „праверылі“ зусім па-іншаму — перавярнулі ўсё, адзеньне прамацалі, перагледзелі ўсе кішэні, забралі ўсе дакумэнты: вайсковы білет, дыплёмы, нават выпадковыя даведкі зь пячаткай, правы кіроўцы. Пашпарт сканфіскавалі. А потым пад канвоем завялі ў сам лягер, дзе я знаходжуся дагэтуль».

Умовы ў лягеры для ўцекачоў, дзе жыве Станіслаў Цыбінскі
Умовы ў лягеры для ўцекачоў, дзе жыве Станіслаў Цыбінскі

З словаў Станіслава, замест пашпарту яму выдалі часовы дакумэнт, які фактычна не дае ніякіх правоў — на яго нават няможна зарэгістраваць SIM-карту. З сродкаў сувязі ў Станіслава толькі бясплатны wi-fi, які можна злавіць у некаторых месцах лягеру, у цэнтры гораду або на прыпынках грамадзкага транспарту.

«Адносіны — як быццам цябе няма»

Станіслаў кажа, што супрацоўнікі ўстановы, у якой ён жыве, да яго ня маюць «ніякай павагі».

«Адносіны, як быццам цябе няма, на нейкія просьбы ніхто не адгукаецца. Кожным разам адфутбольваюць. Мы нікому не патрэбныя», — тлумачыць суразмоўца і падкрэсьлівае, што паводле інфармацыі, якую яму ўдалося атрымаць, стаўленьне да беларускіх уцекачоў да пачатку вайны ва Ўкраіне было лепшым.

«Аднойчы з намі гутарыў расейскамоўны ахоўнік лягеру і сказаў: „Падзякуйце свайму вусатаму „бацьку““. Паводле яго, міграцыйная палітыка да нас зьмянілася пасьля таго, як з тэрыторыі Беларусі пачалі запускаць ракеты, — паступіў нейкі негалосны загад».

Часовы дакумэнт Станіслава Цыбінскага
Часовы дакумэнт Станіслава Цыбінскага

«Дапамога штомесяц — 166 эўра»

З моманту прыезду ў Нямеччыну Станіслаў штомесяц атрымоўваў грашовую дапамогу ў 166 эўра.

«Афраамэрыканцам вылучаюць па 600-800 эўра. Кажуць, што яны ж зь бедных краін, ад вайны бягуць, не бачылі сьвету. А мы нібыта ў Эўропе жывём», — дадае суразмоўца.

Хоць у краіне ён ужо 6 месяцаў, статус палітычнага ўцекача Станіслаў так і не набыў.

«У мяне была размова з супрацоўнікамі сацыяльнай службы па тэлефоне, безь перакладніка. Я мусіў ім назваць мэту прыезду ў Нямеччыну і прычыны, чаму хачу атрымаць статус уцекача, — расказвае Станіслаў. — Майго аповеду пра перасьлед у Беларусі аказалася недастаткова — ад міграцыйнай службы 28 ліпеня мне прыйшоў пісьмовы наказ пакінуць краіну і агулам Эўразьвяз цягам 30 дзён. У адваротным выпадку — прыяжджаюць, надзяюць кайданкі і, паколькі няма простых рэйсаў у Беларусь, дэпартуюць у Турцыю, а адтуль куды хочаш, туды і едзь. Прычына адмовы ў легалізацыі — нібыта асуджэньне за асабліва цяжкае злачынства».

Рашэньне аб адмове ў наданьні статуса палітычнага уцекача
Рашэньне аб адмове ў наданьні статуса палітычнага уцекача

7 жніўня Станіслаў падаў у суд апэляцыю на гэтае рашэньне.

Ліст Цыбінскага ў суд
Ліст Цыбінскага ў суд

Пагроза прымусовай дэпартацыі, з словаў Станіслава, закранула яшчэ 16 беларусаў, якія зараз у Нямеччыне. Па дапамогу актывіст зьвярнуўся да офісу Сьвятланы Ціханоўскай, аднак кажа, што пакуль не атрымаў адказу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG