Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы ведаеце, з кім жывяце?» Чаму міліцыя стварае адмоўны імідж былому вязьню, які дапамагае людзям


Станіслаў Цыбінскі
Станіслаў Цыбінскі

Станіслаў Цыбінскі паўтара года таму выйшаў з калёніі, уладкаваўся на дзьве працы і 80% заробку аддае на дабрачыннасьць. За гэты час ён ні разу не парушыў закону. Аднак дагэтуль міліцыянты клапоцяцца пра тое, каб ягоныя суседзі і калегі ведалі пра мінулае мужчыны. Днямі яны прыйшлі ў інтэрнат у Горадні, дзе жыве Станіслаў, зь ператрусам. Дзеяньнямі міліцыянтаў зацікавілася пракуратура.

«Вы ведаеце, з кім жывяце? Гэта былы крымінальнік»

34-гадовы Станіслаў адседзеў за забойства амаль палову жыцьця — 16 гадоў.

«Вы калі-небудзь кахалі?», — пытаецца ён.

Хлопец забіў саперніка, які згвалціў ягоную дзяўчыну. Паваліў на зямлю, пачаў біць нагамі і зламаў рабро, якое прабіла лёгкае. Кажа, што забіваць не хацеў. Віну прызнаў і раскаяўся.

Пасьля вызваленьня Стасу прызначылі прэвэнтыўны нагляд на паўгода, калі ён рэгулярна мусіў адзначацца ў міліцыі і знаходзіцца дома вечарамі. Нагляд ужо скончыўся, а Цыбінскага дагэтуль наведваюць міліцыянты.

«Яны прыйшлі і запыталіся ў майго суседа па пакоі: «Вы ведаеце, з кім вы жывяце? Гэта былы крымінальнік». А той: «Навошта вы мне гэта кажаце?», — успамінае мужчына.

Такім жа чынам міліцыянты папярэдзілі іншых суседзяў у інтэрнаце. Яны рэгулярна прыходзяць да дзяжурнага, проста каб запытацца, дзе Цыбінскі, і сыходзяць. Такіх візытаў можа быць некалькі на тыдзень. Пэрыядычна пытаюцца ў суседзяў і калег, як мужчына сябе паводзіць, калі вяртаецца дахаты.

Летась быў выпадак, калі міліцыянт прыйшоў пасярод ночы, пабудзіў, не назваўшыся нават пасьля просьбы.

«Кажа: „Давай, зьбірайся, паказвай свае дакумэнты. Нам паступіла інфармацыя, што вы тут знаходзіцеся нелегальна“», — расказвае суразмоўца.

Аднойчы міліцыянты пажартавалі ў інтэрнаце: «Глядзіце, неўзабаве ў вас рондлі прападуць».

«Зрабі так, каб міліцыянты сюды больш не хадзілі»

Падобнае адбываецца і на працы. Станіслаў працуе ў двух прыватных горадзенскіх рэстаранах афіцыянтам. Там да яго ставяцца добра. У адным зь месцаў яго нядаўна павысілі і перавялі на пасаду адміністратара. Аднак мужчына больш любіць працаваць з кліентамі, таму вярнуўся зноў на месца афіцыянта. Аднак праз дакучлівасьць міліцыі Стас баіцца страціць працу і пакой у інтэрнаце, які атрымаў ад працы.

Так яго папрасілі выселіцца з папярэдняга інтэрната. Цяпер аб гэтым жа папярэджвае новы камэндант. Нікому не падабаецца, што ў інтэрнат часта прыходзіць міліцыя, нібы ў ім нешта не ў парадку.

Празь ціск міліцыянтаў мужчына баіцца пазбавіцца працы і жытла
Празь ціск міліцыянтаў мужчына баіцца пазбавіцца працы і жытла

«На працы ўжо ўсе ведаюць, што я сядзеў. Але ў чым цымус. Кожны месяц прыходзіць супрацоўнік у форме. Пытаецца, дзе Цыбінскі, кажа, што хоча са мной пагаварыць, а на якую тэму, ня кажа. Там працуюць афіцыянты, кухары, калектыў. Яны думаюць: раз прыходзіць міліцыя, значыць, нешта здарылася, значыць, зноў Цыбінскі нешта нарабіў, некуды ўлез», — разважае Станіслаў.

Па ягоных словах, частыя візыты людзей у форме раздражняюць супрацоўнікаў. Часам афіцыянтаў адрываюць ад працы, просяць напісаць тлумачэньні пра Цыбінскага ў момант, калі тыя мусяць абслужыць наведнікаў, прынесьці рахунак. Калегі ня хочуць, каб іх тузалі за тое, што ён калісьці сядзеў.

«Людзі мне ўжо казалі: „Зрабі так, каб яны сюды больш не хадзілі“. У мяне ёсьць калега, якая ніколі раней не сутыкалася зь міліцыяй. Яна прыходзіць да мяне і кажа: „Празь цябе я сяджу і пішу тлумачальную“», — расказвае Стас.

Дагэтуль у дакумэнтах Цыбінскага называюць «асуджаным»

Ён гатовы прыходзіць на прафіляктычныя размовы або на іншыя патрабаваньні міліцыі, але хоча, каб гэта адбывалася іншым спосабам.

«Ну ня трэба хадзіць, ня трэба акцэнтаваць увагу. Дайце позву, я сам да вас прыйду. Яны маглі б мне пазваніць, сказаць, што хочуць правесьці прафіляктыку, перажываюць за мяне», — кажа былы зьняволены.

Яшчэ ў калёніі Стас змагаўся за свае правы, перадаў на волю артыкул пра ўмовы ўтрыманьня асуджаных, за які яго потым пакаралі
Яшчэ ў калёніі Стас змагаўся за свае правы, перадаў на волю артыкул пра ўмовы ўтрыманьня асуджаных, за які яго потым пакаралі

​Дагэтуль мужчыну дасылаюць дакумэнты, дзе яго называюць асуджаным. Адну такую паперу нядаўна пакінулі ў дзяжурнага па інтэрнаце.

«Пачакайце. Я знаходжуся на волі. Яны ня маюць права пісаць у дакумэнтах, што я асуджаны. Гэта грубая памылка. На якой падставе яны распаўсюджваюць маю асабістую інфармацыю сярод чужых людзей?», — абураецца Стас і плянуе падаць у суд на такія дзеяньні.

Апавяшчэньне, дзе Цыбінскага называюць зьняволеным ужо пасьля вызваленьня
Апавяшчэньне, дзе Цыбінскага называюць зьняволеным ужо пасьля вызваленьня

Кажа, што раней ішоў на вахту і ўсьміхаўся, а цяпер апускае позірк, бо сорамна глядзець людзям у вочы.

Сёлета 2 жніўня да яго ў пакой прыйшлі міліцыянты на ператрус. Сказалі, што яго падазраюць у наяўнасьці забароненых рэчаў або рэчываў. Напярэдадні Стас паставіў у пакоі відэакамэру і папярэдзіў пра гэта міліцыянтаў. У выніку ў яго нічога не знайшлі.

Мужчына скардзіўся ў міліцыю, пракуратуру, міністру ўнутраных справаў Юрыю Караеву і ў Адміністрацыю прэзыдэнта на дзеяньні міліцыянтаў, аднак парушэньняў у іхнай дзейнасьці ніколі не знаходзілі.

Мужчына лічыць, што выправіўся пасьля злачынства
Мужчына лічыць, што выправіўся пасьля злачынства

«Яны даюць адпіскі: „Паколькі ў вас артыкул асабліва цяжкі, мы будзем прыходзіць“», — пераказвае адказы з унутраных органаў суразмоўца.

УУС Горадзенскага аблвыканкама правяло праверку наконт наведваньня Цыбінскага па месцы жыхарства работнікамі міліцыі АУС Кастрычніцкага раёна Горадні.

У іхным пісьмовым адказе гаворыцца, што Цыбінскі стаяў на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспэкцыі АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Горадні пад прэвэнтыўным наглядам да 7 траўня 2018 году, бо раней быў асуджаны па ч. 2 арт. 139 КК Рэспублікі Беларусь (забойства). Аднак былому зьняволенаму могуць вярнуць нагляд.

«З 14.05.2018 на падставе арт. 81 КК Рэспублікі Беларусь вы былі пастаўленыя на ўлік у КВІ АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Горадні як асоба, у дачыненьні да якой можа быць усталяваны прэвэнтыўны нагляд, у сувязі з судзімасьцю за асабліва цяжкое злачынства. Па прычыне знаходжаньня на дадзеным уліку вас правяраюць і далей будуць правяраць па месцы жыхарства супрацоўнікамі міліцыі», — адзначаецца ў адказе Цыбінскаму з УУС Горадзенскага аблвыканкама.

Адказ УУС Горадзенскага аблвыканкама
Адказ УУС Горадзенскага аблвыканкама

З адміністрацыі прэзыдэнта зварот Цыбінскага накіравалі ў мясцовыя органы ўлады
З адміністрацыі прэзыдэнта зварот Цыбінскага накіравалі ў мясцовыя органы ўлады

Цыбінскі дапамагае зьняволеным за свае грошы

Станіслаў прызнае, што рызыка ўчыніць паўторнае парушэньне пасьля вызваленьня ёсьць. Паводле яго, такі чалавек часта застаецца бяз працы і жытла. Былых зэкаў ніхто ня хоча браць на працу. Некаторыя ў выніку ідуць красьці. Станіслаў красьці не хацеў.

«Чалавек выйшаў зь месцаў пазбаўленьня волі, хоча нешта купіць паесьці. Там вельмі не хапае салодкага. А грошай няма. Чалавек ідзе і крадзе, бо працы няма. Няма магчымасьці зарабіць, бо яго не бяруць на працу», — тлумачыць Стас.

Ён сірата. Калі ён быў немаўлём, памёр ягоны бацька, а маці пайшла з хаты і кінула яго. Хлопчык выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Берасьцейскай вобласьці. Ягоная бабуля памерла, пакуль ён быў за кратамі. Дом ня быў прыватызаваны і пасьля ейнай сьмерці адышоў дзяржаве.

Калі Стас сядзеў, выйшаў закон, паводле якога сіроты маюць падаць дакумэнты на сацыяльнае жытло да 23 гадоў. Аднак дзеля гэтага патрэбна было знаходзіцца на волі. Калі мужчына вызваліўся, то страціў свой статус сіраты, як яму патлумачылі мясцовыя ўлады. Тыдзень мужчына правёў у прытулку Аляксея Шчадрова пад Шчучынам, потым два месяцы ён жыў на чыгуначным вакзале ў Горадні.

За гэты час яму дапамагла толькі адна старая жанчына, якая купіла яму прадукты. Калі мужчына кажа пра гэта, ягоныя вочы вільгатнеюць. Іншыя «пасылалі» яго на ягоныя просьбы аб дапамозе або нават давалі высьпятка.

У Цыбінскага 5 дыплёмаў аб прафэсійнай адукацыі. Ён будаўнік, кравец, трактарыст, афіцыянт. Аднак уладкоўваць яго ніхто не хацеў. Нейкі час падпрацоўваў грузчыкам. Потым нават знайшоў працу ў Шчучынскім доме культуры, пасьпеў арганізаваць некалькі мерапрыемстваў. Аднак калі кіраўніцтва даведалася пра ягоную судзімасьць, то папрасіла яго звольніцца.

Як ён сам кажа, яго ўзялі на працу ў рэстаран толькі таму, што яго ўрэшце пашкадавалі добрыя людзі і далі шанец.

Цяпер Станіслаў таксама дапамагае зьняволеным і тым, хто выходзіць на волю. Ён удзельнічае ў кампаніі «Вярнуць чалавека ў грамадзтва» разам з Беларускім дакумэнтацыйным цэнтрам ды іншымі арганізацыямі. У межах кампаніі людзям пасьля зьняволеньня дапамагаюць шукаць працу, жытло, а тым, хто яшчэ сядзіць, перадаюць адзеньне, прадукты харчаваньня, пішуць лісты.

Значная частка пакоя Станіслава занятая вопраткай, абуткам, харчамі, якія ён набывае за свае грошы для зьняволеных
Значная частка пакоя Станіслава занятая вопраткай, абуткам, харчамі, якія ён набывае за свае грошы для зьняволеных

«У кожным лісьце просяць, каб ім пісалі хоць пару радкоў. Людзям трэба адчуваць хоць невялікую падтрымку», — кажа Стас.

— Вам нехта пісаў у калёнію?

— Не, — пасьля паўзы адказвае мужчына.

Тых, каму дапамаглі ў межах гэтай кампаніі, тысячы. Сам Стас кажа, што асабіста ён дапамог ужо сотням.

Цяпер Станіславу пішуць з просьбай дапамагчы многія асуджаныя
Цяпер Станіславу пішуць з просьбай дапамагчы многія асуджаныя

Ён працуе штодня цэлы працоўны дзень. Асабліва напружаныя дні пятніца, субота і нядзеля, калі даводзіцца заставацца да ночы. Большую частку заробку мужчына траціць на тое, каб набыць неабходныя рэчы асуджаным і пераслаць у месцы пазбаўленьня волі.

Дзяўчына, за якую ён забіў чалавека ў юнацтве, цяпер жыве зь іншым, мае дзяцей, былое каханьне да яе прайшло. Станіслаў пасьля вызваленьня знайшоў маці забітага ім хлопца, папрасіў прабачэньня.

«Хочацца цяпер зрабіць нешта добрае»
«Хочацца цяпер зрабіць нешта добрае»

«Мы доўга разам плакалі. Потым яна сказала: „Ты забраў у мяне сына, то цяпер ты будзеш мне за сына“», — успамінае тую размову мужчына.

Цяпер ён трымае зь ёй сувязь, тэлефануе ёй.

«Я жыву адзін. Грошы траціць асабліва няма куды. У мяне такі душэўны стан, што я нешта зрабіў кепскае, таму хочацца цяпер зрабіць нешта добрае», — кажа Станіслаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG