Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без крэдытаў ад дзяржавы 53,4% арганізацыяў стратныя. Што ня так зь беларускай сельскай гаспадаркай


Ілюстрацыя
Ілюстрацыя

Чыноўнікі разам з Лукашэнкам апошнія месяцы гавораць пра жніво і сельскую гаспадарку. Мы паглядзелі, што зь ёй ня так.

5 жніўня Лукашэнка ўчыніў вымову чыноўнікам у Пастаўскім раёне, бо яго не задаволілі тэмпы жніва. Глядзім, што агулам адбываецца зь сельскай гаспадаркай у Беларусі.

Даўгі і страты

17,2 мільярда рублёў — агульная запазычанасьць сельскагаспадарчых арганізацыяў. Гэта на 6,9% больш, чым у студзені, і на 1,5% больш, чым у траўні, падлічвае Белстат.

Агульная запазычанасьць у 2021 годзе складала 8,9 мільярда рублёў, то бок амаль удвая меней.

Сярод арганізацыяў сельскай гаспадаркі 6,4% стратныя. Але трэба ўлічваць, што сельскую гаспадарку падтрымлівае таннымі крэдытамі дзяржава. Безь дзяржаўнай падтрымкі стратных арганізацыяў у сельскай гаспадарцы — 53,4%. Г. зн. без крэдытаў ад дзяржавы больш за палову арганізацыяў стратныя.

Што ня так зь беларускай сельскай гаспадаркай
Што ня так зь беларускай сельскай гаспадаркай

Намалоты і ўраджайнасьць падаюць

Дзяржаўная прэса рапартуе аб 3 мільёнах тон збожжа, намалочанага на 7 жніўня. 2 гады таму, у 2020 годзе, на 3 жніўня намалацілі 3,4 мільёна тон збожжа.

Вышэйшая была і ўраджайнасьць: тады — 38,4 цэнтнэра з гектара, цяпер — 37,4 цэнтнэра з гектара.

Вытворчасьць падае

У першым паўгодзьдзі ў гаспадарках усіх катэгорыяў вырабілі прадукцыі на 9 мільярдаў рублёў, што на 3% менш, чым у першым паўгодзьдзі 2021 году.

За год гародніна даражэе на траціну

Прадукцыя сельскай гаспадаркі — у лідэрах росту цэнаў. Напрыклад, гародніна за год, у падліках на чэрвень, падаражэла на 32,4%, мяса і мясапрадукты падаражэлі на 16,8%, малако і малочныя прадукты — на 11,4%.

За паўгода цыбуля ў Беларусі падаражэла на 46%, морква — на 37%.

Заробак на 23% меншы за сярэдні

Заробак у сельскай гаспадарцы на чэрвень сёлета склаў 1253,2 рубля, або 485 даляраў паводле курсу на 8 жніўня. Гэта на 23% менш, чым сярэдні заробак у Беларусі. У жывёлагадоўлі сярэдні заробак — 1182 рублі (458 даляраў).

Вынікае, што заробак у сельскай гаспадарцы не дасягае нават 500 даляраў.

Цяпер у аграрным сэктары Беларусі працуюць 233,8 тысячы чалавек. Гэта на 4,5% менш, чым летась.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG