Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цыбуля +46%, рыба +31,5%. Як за паўгода вырасьлі цэны ў Беларусі


За першае паўгодзьдзе 2022 году цыбуля ў Беларусі падаражэла найбольш
За першае паўгодзьдзе 2022 году цыбуля ў Беларусі падаражэла найбольш

Чыноўнікі вінавацяць у росьце цэнаў імпарт, але найбольш даражэе цыбуля, якая расьце ў Беларусі.

Дзяржкантроль правярае беларускія крамы ўжо некалькі месяцаў, сярод асноўных праблем называюць павышэньне цэнаў. Але цэны ўсё адно растуць. Глядзім, на колькі і як хутка.

Рост цэн у Беларусі за першыя паўгода 2022. Інфаграфіка
Рост цэн у Беларусі за першыя паўгода 2022. Інфаграфіка

Гадавая інфляцыя ў траўні ў Беларусі наблізілася да рэкордных 18%. Дзяржкантроль рапартуе пра рост цэнаў, але тыя расьці не перастаюць.

«Асноўны ўплыў на інфляцыю аказала падаражэньне тавараў і сыравіны для іх вытворчасьці на фоне аслабленьня беларускага рубля да валюты асноўнага гандлёвага партнэра — Расейскай Фэдэрацыі. Захоўваецца ціск на спажывецкі рынак ад павелічэньня сярэдніх цэнаў імпарту на фоне росту сусьветных цэнаў, цэнаў у сумежных краінах, краінах — асноўных гандлёвых партнэрах», — так тлумачаць рост цэнаў у Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.

Глядзім, што даражэе найбольш з пачатку году.

Гародніна і садавіна

У параўнаньні са студзенем морква падаражэла на 37%. На пачатку году яна каштавала 1,41 рубля за кіляграм, а ў чэрвені — 2,24 рубля, паведамляе Белстат.

Салодкі перац за 6 месяцаў падаражэлі на 26%, цыбуля за гэты час падаражэла на 46%. Бульба вырасла ў цане на 24,3%.

Чыноўнікі кажуць, што ў інфляцыі вінаватыя цэны на імпарт, але ўсе гэтыя прадукты растуць і ў Беларусі.

А вось прывазная садавіна падаражэла менш. Бананы вырасьлі ў цане на 14%, вінаград — на 35%, цытрусавыя — на 18,7%, яблыкі — на 25%.

Мяса і рыба

Жывая рыба (звычайна гэта карп, якога разводзяць у Беларусі) падаражэла за паўгода на 31,5%. А вось прывазная марожаная рыба — толькі на 16,5%.

Бескасьцёвая сьвініна за паўгода падаражэла на 5,8%, ялавічына — на 6%. Кураціна амаль не зьмянілася ў цане — плюс 1,1% за паўгода.

Яйкі і крупы

Яйкі падаражэлі за паўгода на 4,27%, грэчка — на 13%, ячныя крупы — на 6,3%. Мука вырасла ў цане за 6 месяцаў на 16%, макарона — на 17%, вэрмішэль — на 20%.

Малочныя прадукты

Малако за паўгода падаражэла на 1,1%, сьмятана — на 6,8%, кефір патаньнеў на 4,6%.

Кава, гарбата і ласункі

Кава за паўгода прыбавіла ў цане 28%, гарбата — 24,6%. Печыва за 6 месяцаў падаражэла на 18,3%, вафлі — на 26%, зэфір — на 20%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG