Праз расейскую агрэсію на Харкаўшчыне загінулі больш за 1000 мірных жыхароў, зь іх 50 дзяцей

Месца расейскага абстрэлу ў Харкаве, 20 ліпеня 2022 года
Месца расейскага абстрэлу ў Харкаве, 20 ліпеня 2022 года

У выніку расейскай агрэсіі ў Харкаўскай вобласьці загінулі больш за 1000 мірных жыхароў, параненых удвая больш, паведамляе прэс-служба Харкаўскай абласной пракуратуры.

«Дзяржава-агрэсар тэрарызуе і забівае мірных жыхароў. Я павінен канстатаваць, што на тэрыторыі Харкава і вобласьці ўжо загінулі больш за 1000 цывільных асобаў, параненых удвая больш. Сярод забітых — 50 дзяцей. Найменшы, хто загінуў ад дзеяньняў агрэсара, — 5-месячны малы», — паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной пракуратуры Аляксандар Фільчакоў.

Паводле ведамства, расейская армія штодня запускае па Харкаўшчыне дзясяткі ракет і абстрэльвае паселішчы з артылерыі — ужо цалкам або часткова разбурана больш за 7 тысяч аб’ектаў у горадзе і вобласьці, 2800 шматпавярховікаў, амаль 1800 жылых дамоў, больш за паўтысячы навучальных установаў і паўтары сотні лякарняў.

Кіраўнік Харкаўскай абласной пракуратуры адзначыў, што на сёньня праваахоўнікі расьсьледуюць амаль 3500 злачынстваў, зьвязаных з парушэньнем законаў вядзеньня вайны.

Харкаў і іншыя паселішчы вобласьці штодня абстрэльваюць расейцы.

Нягледзячы на шматлікія доказы расейскіх абстрэлаў ўкраінскіх населеных пунктаў, Масква надалей адмаўляе свае атакі на цывільныя абʼекты ва Ўкраіне.

​
XS
SM
MD
LG