Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: маем цьвярозы аналіз, каб ня даць нагоды Лукашэнку ўхваліць рашэньне аб уварваньні ва Ўкраіну


Дзьмітро Кулеба
Дзьмітро Кулеба

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў аб адсутнасьці ілюзій наконт Беларусі пасьля прадастаўленьня яе тэрыторыі Расеі для ўварваньня ва Ўкраіну.

«У нас няма ілюзій наконт Беларусі, а ёсьць цьвярозы аналіз таго, што адбываецца і якім чынам не даваць дадатковых нагодаў Лукашэнку ўхваляць тыя ці іншыя рашэньні. Я ўжо казаў публічна, і мая пазыцыя не зьмянілася: калі беларускія ўзброеныя сілы зойдуць на тэрыторыю Ўкраіны, я тэрмінова адпраўлю прапанову разарваць зь імі дыпляматычныя дачыненьні», — заявіў Дзьмітро Кулеба ў інтэрвію ўкраінскаму дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву «Укрінформ».

Міністар замежных спраў Украіны дадаў, што цудоўна памятае, як у ноч на 24 лютага з тэрыторыі Беларусі пачалося расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, хаця да таго «беларусы прысягалі, што Беларусь не нясе для нас ніякай пагрозы».

«Тое, што ў паветранай прасторы Беларусі лятаюць расейскія бамбавікі, — часам проста трэнуюцца, часам страляюць, — гэта наша штодзённая рэальнасьць. Яшчэ раз хачу падкрэсьліць — Беларусь зьяўляецца саўдзельніцай злачынства агрэсіі супраць Украіны. У гэтым няма ніякіх сумневаў. Таму ніякіх апраўданьняў ім няма і ня будзе», — заявіў Дзьмітро Кулеба, камэнтуючы апошні абстрэл з тэрыторыі Беларусі 28 ліпеня, калі ва Ўкраіне адзначалі Дзень украінскай дзяржаўнасьці.

Беларусь з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну дазволіла расейскім войскам выкарыстоўваць сваю вайсковую інфраструктуру, а таксама паветраную прастору для нанясеньня авіяцыйных удараў па тэрыторыі Ўкраіны. Дагэтуль Беларусь і Ўкраіна маюць дыпляматычныя дачыненьні, хоць беларускія дыпляматы амаль у поўным складзе на чале з амбасадарам Ігарам Сокалам выехалі з Украіны.

У Беларусі ўкраінская амбасада працягвае працаваць і дапамагаць украінскім грамадзянам, якія выехалі ў Беларусь добраахвотна альбо іх незаконна вывезьлі расейскія войскі пры адыходзе з памежных зь Беларусьсю абласьцей Украіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG