Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«„Брэст“ ніколі нікога ня кідаў, а палонныя „Тромблі“ і „Клешч“ — сапраўдныя героі». Беларус «Тор» пра службу ў войску і сьмерць пабрацімаў


Кірыл «Тор» Іваноў
Кірыл «Тор» Іваноў

Кірыл Іваноў з пазыўным «Тор» кажа, што прыехаў ва Ўкраіну, каб даць адпор тым рэжымам, якія пазбавілі яго радзімы. Ужо амаль пяць месяцаў ён ваюе ў складзе палку Кастуся Каліноўскага, цяпер уваходзіць у батальён «Волат».

«„Брэст“ ніколі нікога ня кідаў, а палонныя „Тромблі“ і „Клешч“ — сапраўдныя героі». Беларус-кулямётчык «Тор» пра службу ў войску і сьмерць пабрацімаў

У інтэрвію Свабодзе Кірыл расказаў, што мусіў цярпець у беларускім войску, як яго падштурхнулі да эміграцыі, а таксама пра загінулых паплечнікаў.

«Марыў стаць вайскоўцам ці міліцыянтам»

— Раскажыце, калі ласка, што можаце, пра сябе, дзе вы нарадзіліся, дзе працавалі.

— Нарадзіўся ў Лунінцы, мне 25 гадоў. У 19 гадоў пераехаў у Пінск. Адслужыў у войску. Потым нядоўга папрацаваў у «Пятым элемэнце», а потым два гады адпрацаваў на Пінскім мясакамбінаце. Быў абвальшчыкам мяса. Гэта ня той, хто забівае жывёл, а той, хто іх рэжа ўжо мёртвымі.

— Ці спадабалася вам у беларускай арміі?

— (Сьмяецца) Мылі падлогу і засьцілалі ложкі — гэта ўсё, што я магу пра яе сказаць. Я служыў у Слоніме ў артылерыйскай частцы, быў мэханікам-кіроўцам. Асноўную частку часу мы фарбавалі бардзюры, насілі «буржуйку» на палігон на ламах. Шмат такіх «цікавых» гісторый. Адзіны карысны навык, які я там атрымаў, — уменьне кіраваць гусенічнай тэхнікай. Да арміі я жыў марай пра кар’еру вайскоўца, а калі там пабываў, то зразумеў, што рабіць гэта буду яўна не ў Беларусі. Вельмі моцна ў гэтым усім расчараваўся.

Кірыл «Тор» Іваноў
Кірыл «Тор» Іваноў

— Адкуль жаданьне стаць вайскоўцам?

— Мяне заўсёды прыцягвала тэма са службай, дысцыплінай. Падабалася і міліцыя ў дзяцінстве. Але і ў тым, і ў тым так моцна расчараваўся ў Беларусі, што горш быць ня можа.

— Якія афіцэры з вамі працавалі?

— Людзі адэкватныя там ёсьць, але прыжыцца там яны ня могуць. Іх проста не пускаюць вышэй за пэўную плянку. У мяне быў вельмі клясны камандзір батарэі, талковы мужык, але ён хадзіў капітанам гадоў дзесяць. Для вайскоўца гэта капец. Людзі, якія маюць сваю думку і пазыцыю, проста там не прыжываюцца. Іх выжываюць усімі шляхамі.

«Культурных словаў не хапае»

— «Дзедаўшчына» была?

— Я служыў у Печах за год да таго, як там павесілі Коржыча [салдат тэрміновай службы Аляксандар Коржыч знойдзены павешаным у вайсковай частцы 3 кастрычніка 2017 году. — РС]. Я не магу назваць гэта «дзедаўшчынай», але і культурных словаў, каб усё апісаць, бяз матаў, таксама няма. У нас была фізпадрыхтоўка тры разы на дзень, якая складалася выключна зь бегу на далёкія дыстанцыі. Потым мы ўсе былі хворыя, бо не працавалі сушылкі, пры гэтым мы ў мокрых берцах пастаянна рабілі знакаміты армейскі «квадратны сьнег». Усе хварэлі пагалоўна, аж да пнэўманій. Таблеткі пры гэтым мець было забаронена, нас прыводзілі ў спартзалю, распраналі да парткоў і прымушалі скакаць, усё было як на сутках. Калі знаходзілі нейкія спэцыі, то прымушалі іх есьці, калі каву — тое самае. Такое было пакараньне. Я сыходзіў у армію з вагою 100 кг, а вяртаўся — 68. І выгляд у мяне быў вельмі хваравіты. Калі я прыйшоў у адпачынак, то ў мяне падстраўнікавая так схапіла, што давялося выклікаць хуткую. Такога, каб хтосьці біў, у войску не было. Проста стаўленьне было як да сабакі.

— А «фізуху» падцягнулі ў арміі?

— Калі прымаць за «фізуху» бясконцы бег, то так, калі нешта іншае — то не. Немагчыма падцягнуць «фізуху», калі ты ўвесь час галодны, кепска сьпіш, пастаянна з тэмпэратурай 38. У такіх умовах немагчыма быць як у фільмах пра амэрыканскіх салдат, якія здаровыя, крутыя. Хутчэй ты банальна проста кулямёт не падымеш.

— Што зь ежай? Здароваму мужыку не хапала порцыі?

— Так. Ну, можа, я такі праглот, але мне вельмі не хапала. Кармілі, можа, і нармальна, але мне не хапала капітальна.

— Неяк гэтую сыстэму памяняць магчыма?

— Тут такая сытуацыя, як ва ўсёй краіне. Гэта як жыць на балоце, але спрабаваць заліць фундамэнт. Куды ні капянеш, а вакол вада і твань. Хочацца верыць, што можна нешта зьмяніць, не ламаючы ўсё пад корань, але на справе ўсё вельмі кепска. Глядзіш на матэрыяльнае забесьпячэньне — дупа, асабовы склад — дупа, дысцыпліна — дупа. Ва ўсіх сфэрах так. Сёньняшняя армія — гэта перажытак савецкай. І яе трэба ствараць цалкам з нуля. На мой погляд, кантрактная армія нашмат больш эфэктыўная за тэрміновую. Альбо ўжо тэрміновая, але з нашмат больш строгімі патрабаваньнямі. Са мной служылі людзі з парокамі сэрца, проста адбываецца хапун.

— Пра ня самыя прыемныя рэчы вы спрабуеце расказваць з гумарам.

— Я і пад абстрэламі заўсёды сьмяюся. І калі падчас стралковага бою ў мяне зламаўся кулямёт і на нас выехаў танк, то я таксама сьмяяўся. А што рабіць? Ня плакаць жа.

«Ня мог заставацца ўбаку»

— Як вы далучыліся да пратэстаў 2020 году? Што стала трыгерам?

— Шчыра кажучы, гвалт. Шчыра кажучы, я ня самы палітычны чалавек, я ня вельмі патрабавальны чалавек. Ня «чарка і скварка», канечне, але даводзілася і на падлозе на гіпсакардоне спаць на заробках, еў «ролтаны» і нармальна сябе адчуваў. Калі ў 2020 годзе пачаліся зьбіцьці і да мяне пачалі прыходзіць сябры ў сіняках, паламаныя, я зразумеў, што не магу застацца ўбаку. Нават калі мне гэта будзе нявыгадна. Я палічыў, што мушу выходзіць, нават калі мяне пакалечаць і заб’юць.

Кірыл «Тор» Іваноў
Кірыл «Тор» Іваноў

— І зь якога часу вы сталі хадзіць?

— 9 жніўня я яшчэ ня выйшаў. Хоць і быў тады каля гаравыканкаму ў Пінску, але сышоў да бойкі, і даведаўся пра яе ранкам. Хутчэй за ўсё, выйшаў 14 жніўня, калі ў горадзе фармаваліся ланцугі. У нас былі маршы таксама. 30 жніўня мяне ўпершыню затрымалі на суткі. Ня ведаю, чаму мне так пашанцавала, магчыма, яны ўжо астылі, ці я такі ўсьмешлівы і гаваркі, але жорстка не было. Мы ішлі тады з мамай, па маіх адчуваньнях, мяне бралі 30 чалавек у броніках, а я іду з Канстытуцыяй, перавязанай чорнай стужкай, шортах, майках і сьцягам на плячах. Нікуды я не ўцякаў ад іх, бо сэнсу няма. Потым мяне прымалі на працы, дома, на вуліцы, у дзяўчыны. На сутках у мяне пыталіся, за каго я галасаваў. А я зьезьдзіў адмыслова ў Лунінец па месцы прапіскі. Прыехалі, а мы ўжо ў сьпісе тых, хто прагаласаваў. Нас з мамай нанова запісвалі асадкай зьнізу аркушыка. Думаю, выдатныя вы хлопцы. Мы яшчэ зь белымі бранзалетамі былі.

— Дык а колькі разоў вас затрымлівалі?

— Здаецца, шэсьць разоў. А на суткі адпраўлялі тры разы. Было ў парадку рэчаў забраць мяне на які допыт. Сумарна я адседзеў 28 сутак. Спачатку на дзесяць, потым на пятнаццаць, а перад самым ад’ездам у Польшчу закрылі яшчэ на трое сутак. Гэта было ў жніўні 2021 году, такое глупства было, забралі проста ў гадавіну выбараў. Потым мяне абвінавачвалі, што я будучы на працы, з нажом, па локаць у крыві, у фартуху, дзе няма нават кішэняў, пад камэрамі, пісаў у тэлеграме, што «мянты — казлы». Я тады аддаў нармальна грошай на адваката, і справа, дзякуй богу, развалілася. Падумаў, што мяне так могуць амаль кожны тыдзень закрываць на трое сутак, таму вырашыў зьяжджаць.

Кірыл «Тор» Іваноў
Кірыл «Тор» Іваноў

«Нібыта ў фільм „Аватар“ трапіў»

— Калі зьехалі ў Польшчу, чым там займаліся?

— Здаецца, у сярэдзіне верасьня 2021 году. Зьехалі разам са сваёй дзяўчынай. Шукалі працу, паехалі на завод тэлевізараў «Філіпс». Дзяўчыне там было цяжкавата, таму паехалі на працу на склад адзеньня, там адпрацавалі амаль паўгода. Жылі ў горадзе Ольштыне.

— Жыцьцё ў Польшчы розьнілася ад жыцьця ў Беларусі?

— Вы што, вы што! Гэта неба і зямля! Я як чалавек, які адзін раз у жыцьці быў на адпачынку ў Туапсэ, то для мяне гэта была як іншая плянэта, нібыта я ў фільме «Аватар». Прыгожыя дарогі, дарагія машыны, адэкватныя ўмовы працы, паўсюль цывілізацыя. Мне нават цяжка спантанна апісаць увесь свой спэктар эмоцый, калі я туды прыехаў. Калі мне людзі казалі, што Гожаў бедны горад, то я думаў: а якія ж тады багатыя? Такая архітэктура, дамы, дворыкі такія акуратныя. Ад іхнай крамы «Бядронка» я проста балдзеў. Я тады зразумеў, што можна жыць як чалавек, нават калі ты мігрант без асаблівых правоў. Ты можаш спакойна здымаць тэлефон і адчыняць дзьверы і не чакаць у госьці міліцыю, бо ты іншай думкі, чым вусаты таварыш.

«Дзяўчына таксама перабралася ва Ўкраіну»

— Калі пачалася вайна, то адразу зразумелі, што паедзеце?

— Я — так. Але дзяўчына была супраць, баялася, перажывала за мяне. Старалася мяне адгаварыць, але лічыла, што справа важная. Я нейкі час разважаў. Прыехаў ва Ўкраіну я 13 сакавіка, тыдзень чакаў адпраўкі ў Варшаве. А напісаў, што гатовы ехаць, 1 сакавіка.

— Як дзяўчына цяпер успрымае ваш занятак?

— Хвалюецца, сама перабралася ва Ўкраіну, каб быць бліжэй. Яна цяпер жыве ў Кіеве, на ратацыі я жыву зь ёю, каб было трошку прасьцей. У Польшчы ёй было проста невыносна.

— Ва Ўкраіне ёй ня страшна?

— Ёй страшна за мяне, а не за сябе. Мы зь ёю вельмі падобныя ў гэтым: мне таксама страшна не за сябе, а за сваіх блізкіх. За сябе мы не баімся, магчыма, у гэтым і праблема.

«Адна думка ў галаве: „Жыві!“»

— Раскажыце пра апэрацыі, у якіх бралі ўдзел.

— Быў на Херсонскім кірунку ў Лазавым. Мы ўдзельнічалі ў прасоўваньні фронту. Быў у Севераданецку, удзельнічаў там у штурме. Было шмат дробных выхадаў таксама, як выведка, дапамога мінамётнаму разьліку.

Кірыл «Тор» Іваноў
Кірыл «Тор» Іваноў

— Якія першыя адчуваньні ад баёў былі?

— Я разумеў, куды еду. Самае моцнае адчуваньне — гэта страх за пабрацімаў. Калі рвуцца снарады, то за сябе страшна, але ня так, як за пабрацімаў, што падаюць раненымі ці кантужанымі. Яны крычаць, ты іх ня бачыш — гэта настолькі страшна, проста жах. У такія моманты ты забываесься на ўсе сваркі, канфлікты, што нехта на выхадзе марудна ішоў ці шумеў. Адна думка ў галаве: «Жыві!» У той момант ты гатовы зрабіць усё, каб толькі твой пабрацім застаўся жывы. Я быў і пад танкавым абстрэлам, і авіяцыя па нас працавала, удзельнічаў у стралковым баі, усё адно самы вялікі страх за тых, хто побач, і што ты ня зможаш дапамагчы.

— За гэты час не парываліся паехаць назад у Польшчу?

— Не, я прыняў цьвёрдае рашэньне. Буду змагацца да той пары, пакуль буду жывы, ці пакуль не пераможам.

«Выжыў толькі таму, што беларус»

— Можаце крыху расказаць пра Івана «Брэста» Марчука? Што гэта быў за чалавек?

— Ваня быў прыкладам камандзіра. Такіх камандзіраў проста немагчыма болей знайсьці. Можа, груба, але гэта быў чалавек, які выцягваў сваіх падначаленых зь любой п...ы. Ён знаходзіў і забіраў кожнага. Калі нехта адзін адбіўся ад групы, згубіўся, ці яго раніла, то «Брэст» ішоў па яго. Яму было ўсё адно, наколькі гэта небясьпечна і ці было гэта тактычна выгадным. «Брэст» ніколі нікога ня кідаў. Гэта быў чалавек, які стаяў за сваіх падначаленых гарой. Калі нават ягоныя байцы ня мелі рацыі, то ён станавіўся перад кімсьці і казаў: «Калі маіх хлопцаў хтосьці і будзе строіць, то толькі я». Ён заўжды вырашаў усе пытаньні і стасаваўся з усімі на роўных, нягледзячы на вялізны баявы досьвед. Таксама да ўсіх прыслухоўваўся. Пасьля яго сьмерці я быў разьбіты. Мы абавязаныя працягнуць яго справу. Гэта была справа ягонага жыцьця. Ён жыў вайной.

— Астатніх загінулых хлопцаў зналі?

— Нядоўга, але знаў «Волата» (Павал Суслаў. — РС). Знаў яго па Кіеве, на жаль, у баявых разам не хадзілі. Нават за гэты кароткі пэрыяд чалавек уразіў мяне поўным бясстрашшам. Ён ставіўся да вайны так: альбо табе пашанцуе, альбо не. Ён быў вельмі шмат разоў паранены. У нас на базе быў агульны душ, заходзіш туды — і бачыш, што «Волат» увесь у шнарах. Яго нават камісавалі, але вайна дазволіла працягнуць далей, казаў Паша. Ён мне расказваў пра самае складанае раненьне, калі асколак выйшаў з патыліцы. «Я ляжаў у коме, але выжыў толькі таму, што беларус», — сказаў ён мне. Мяне гэта так уразіла і напоўніла гонарам. Я быў вельмі натхнёны Паўлам. Яны з «Брэстам» былі падобныя тым, што з усімі стасаваліся на роўных, ва ўсім дапамагалі.

«Сьмяротна паранены „Атам“ выстраліў увесь боезапас»

— Па Пінску Васіля «Атама» Грудовіка ня зналі?

— Не, ужо тут пазнаёміліся. Добра стасаваліся, сябравалі. Мы зь ім разам ехалі ў Кіеў. Ён мне расказваў пра свае барабаны, гурт. Дамаўляліся, што пасьля вайны сыграе мне на барабанах. Вельмі дружалюбны «Атам». Я размаўляў з тымі, хто выжыў у тым баі. «Атам» быў з кулямётам, і мне казалі, што кулямёт працаваў да апошняга. Будучы сьмяротна паранены, у яго было выхадное раненьне ў вобласьці пляча на сьпіне, ён выстраліў увесь боезапас. Ён загінуў героем. Біўся да апошняга, як і «Брэст». Фота цела «Атама» па-ранейшаму няма, я б вельмі хацеў, каб ён быў жывы, але парамэдык казаў, што ў яго нават не хапіла матэрыялу, каб закрыць гэтую адтуліну. Былі бачныя нават унутраныя органы, яго ўжо было не ўратаваць. Васіль — вельмі крэпкі фізычна хлопец, займаўся адзінаборствамі, ён быў у прытомнасьці, размаўляў. Парамэдык казаў, што «Атам» нават спытаў у яго: «Гэта ўсё?».

— Чуў, што гэты самы парамэдык разам з «Брэстам» спрабавалі ўратаваць і «Волата».

— Так, гэта вельмі складаная прафэсія, калі людзі проста паміраюць у цябе на руках. Я не магу нават уявіць, як яму зараз цяжка. Абсалютна слушна, «Брэст» сеў у аўто і паехаў на эвакуацыю «Волата». Паўла адкачвалі да апошняга, але траўма была такая, што ўжо немагчыма было ўратаваць. Яны зрабілі ўсё магчымае, нават больш за тое.

Я служыў у адным падразьдзяленьні з Вадзімам «Папікам» Шатровым, Янам «Тромблі» Дзюрбейкам, Сяргеем «Кляшчом» Дзёгцевым. Яны ўсе прасіліся да мяне на вясельле, асабліва «Клешч». «Папік» — адказны і разважлівы чалавек, захоўваў спакой заўжды, знаходзіў з усімі агульную мову. Не скажу, што шмат па душах стасаваліся, але ўсю службу праходзілі разам. Для яго вельмі важнай была сям’я. Незадоўга да выезду ён паказваў нам паштоўку ад дзяцей: «Тата, вярніся жывым».

І «Тромблі», і «Клешч», якія трапілі ў палон, у маіх вачах сапраўдныя героі. Што б іх ні прымусілі сказаць зараз на камэры — гэта ніяк не паўплывае на маю думку. Той жа «Тромблі» да апошняга перавязваў раненых, аказваў дапамогу «Брэсту», «Атаму», «Сябро». Ён чакаў эвакуацыі, спадзяваўся, што іх уратуюць. У адзін з момантаў ён сказаў у рацыю: «На нас едзе танк». Чаму ён яшчэ герой? Бо нікога ня кінуў, застаўся з усімі.

«Ні на сэкунду не сумняюся ў перамозе»

— Што самае складанае на вайне?

— Сьмерць пабрацімаў.

— А што самае прыемнае на вайне?

— Калі ўсе з заданьня вяртаюцца жывыя.

— Чаму вы «Тор»?

— Я гэта раней троху саромеўся, але я паганец і мне вельмі падабаецца тэматыка з «Вальгалай», са сьмерцю ў баях. Для мяне блізкая такая вера. Адносіны да бітваў у мяне такія, што я нарадзіўся дзеля іх. Хтосьці гэта павінен рабіць. Хтосьці павінен узяць у рукі зброю. «Тор» яшчэ таму, што я кулямётчык, а кулямёт вельмі гучна працуе. Я яго жартам «молат» называю.

— Вы пераможаце ў гэтай вайне?

— Адназначна. Сто адсоткаў. Вось у гэтым ні на сэкунду не сумняюся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG