Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магчыма, стану прэзыдэнтам Расеі». Добраахвотнік «Ліс» пра тое, як закідваў «раёнку» яйкамі і як служыў ва ўкраінскай арміі


Добраахвотнік Зьміцер «Ліс»
Добраахвотнік Зьміцер «Ліс»

Беларусы ваююць за Ўкраіну ня толькі ў складзе палку Кастуся Каліноўскага, але і ў рэгулярных войсках. 21-гадовы «Ліс» заключыў кантракт з УСУ яшчэ ў лістападзе 2021 году. Вайну ён сустрэў каля самага Крыму.

У інтэрвію Свабодзе Зьміцер расказаў пра пратэст у невялікім горадзе ў Берасьцейскай вобласьці, пра катаваньні і пагрозу згвалтаваньня, уцёкі ў Літву, а таксама вайну на поўдні Ўкраіны.

«Першая кніга — „Адкуль мой род“»

Называць сваё поўнае імя Зьміцер не сьпяшаецца. Справа ў тым, што яго прозьвішча не прагучала ў сьпісе беларусаў, што ваююць ва Ўкраіне, які склаў ГУБАЗіК, таму аблягчаць ім працу хлопец ня хоча.

«Я звычайны беларус. Родам зь Берасьцейскай вобласьці. З 14 гадоў зацікавіўся ідэямі нацыяналізму. Мая бабуля была старшынёй мясцовай суполкі БНФ, дэпутаткай мясцовага савету. Менавіта бабуля найбольш займалася маім выхаваньнем. Маёй першай кнігай быў „Адкуль мой род“ Уладзімера Арлова, здаецца, гэта шмат пра што кажа».

«Ліс» вучыўся ў абласным ліцэі на гістарычна-грамадазнаўчым профілі, цікавіўся гісторыяй Беларусі. Пасьля школы паступіў на гістфак БДУ, але сышоў адтуль яшчэ да першай сэсіі, бо палічыў, што гэта не ягонае. У хуткім час хлопца забралі ў войска.

«Я роўна тыдзень праслужыў у памежных войсках, але ўдала „саскочыў“ у шпіталь, і праз два месяцы мяне камісавалі. Я ня супраць быў служыць у войску, нават рыхтаваўся да паступленьня ў Вайсковую акадэмію на факультэт унутраных войскаў, хоць лупцаваць людзей ніколі не хацеў. Але тады мяне забракавала мэдкамісія, а вось для самога войска я раптоўна ўжо падыходзіў. Але ў рэальнасьці ніякага беларускага войска не існуе. Усё па-расейску, сьпяваюць нейкія дурныя расейскія песьні, нават вайсковага білета не існуе на беларускай мове. Калі мяне камісавалі, гэта было палёгкай».

«Мяне затрымлівалі тыя ж людзі, што і Аўтуховіча»

Нейкі час Зьміцер папрацаваў мантажнікам у «Эўраопце», але доўга не ўтрымаўся — кажа, што лічыў гэтую працу рабскай. У 2020 годзе хлопец уключыўся ў рух за справядлівыя выбары і перамены, хоць нікога з палітыкаў тады не падтрымліваў.

«Удзельнічаў у сутыкненьнях зь міліцыяй, маршах, акцыях пратэсту, потым у партызанскім руху. У асноўным у сваім горадзе. У Менск прыяжджаў 15 лістапада, калі была акцыя на „плошчы Перамен“», — расказвае «Ліс».

«Мяне затрымлівалі ў родным горадзе некалькі разоў, яшчэ было пару няўдалых спробаў. Агулам па адміністрацыйных пратаколах і па крымінальных справах я адседзеў 40 сутак. Мяне затрымлівалі 18 верасьня ў рамках крымінальнай справы за сарваны сьцяг, пратрымалі трое сутак, яшчэ трое сутак па адміністрацыйнай справе, але ў выніку далі штраф. Нават запісалі тады відэа з маім удзелам, але я там сказаў, што не раскайваюся ў зробленым, тады такія відэа таксама выкладвалі», — працягвае ён.

Суразмоўца Свабоды кажа, што ў траўні 2021 году яго затрымліваў «забойны аддзел» зь Берасьця па справе пашкоджаньня маёмасьці.

«Затрымлівалі мяне тыя ж людзі, што раней затрымлівалі Аўтуховіча. Свой дзень нараджэньня я сустракаў у ІЧУ. Моцна псыхалягічна ціснулі, але ў іх нічога не было на мяне, таму давялося выпускаць. Літаральна празь дзень мяне ўжо затрымлівае ГУБАЗіК, яны працавалі па партызанскім руху ў нашым горадзе».

«У „прэс-хаце“ пагражалі згвалтаваньнем»

Зьміцер расказвае, што дзесьці зь лютага 2021 году публічных акцый пратэсту больш ня ладзілі, а актывісты перайшлі да больш радыкальных дзеяньняў — зрывалі сьцягі, потым іх падпальвалі, ламалі шыльды ў дзяржаўных установах, псавалі камэры відэаназіраньня, раскідвалі газэты і ўлёткі, а потым дайшло да пашкоджаньняў «Табакерак» і апорных пунктаў міліцыі.

«У адным з такіх пунктаў працаваў мой колішні сябра дзяцінства, які потым двойчы мяне афармляў пры затрыманьнях. Закідвалі яйкамі будынак раённай газэты. На наш невялікі 10-тысячны горад мы сарвалі за пару месяцаў 15 сьцягоў. Тады было шмат затрыманьняў у горадзе, мяне затрымлівалі на вачах у малодшай сястры. Пагражалі, што заб’юць і павесяць. Мяне затрымліваў той самы супрацоўнік ГУБАЗіКу, які браў Міколу Дзядка. Я тады прыдурваўся — „А якія партызаны? Пра што вы?“ У мяне досыць дзіцячы твар, таму мог сабе такое дазволіць».

Па словах «Ліса», яго адвезьлі ў берасьцейскі ІЧУ, па дарозе працягвалі біць, а там кінулі ў «прэс-хату» (камэру, дзе зьняволеным ствараюць невыносныя ўмовы).

«Там мне адразу сталі пагражаць згвалтаваньнем, але ў рэальнасьці зэкі там былі слабаватыя. Я адразу кінуўся ў бойку зь імі. Хутка мяне выцягнулі з камэры, на калідоры я працягваў махацца зь мянтамі, але іх было болей, мяне скруцілі і ўкінулі ў „стакан“ мэтар на мэтар. Тады мяне таксама ўсё ж не закрылі па крымінальнай справе».

«Цяпер зарабляю 3500 эўра»

Пасьля чарговага вызваленьня Зьміцер зразумеў, што мусіць зьяжджаць з краіны. Тады ён зьвязаўся з фондам «Дапамога» ў Літве, а таксама зь яго кіраўніцай Натальляй Калегавай. Месяц быў на кансьпіратыўнай кватэры не ў сваім горадзе, а 29 чэрвеня 2021 году нелегальна перасек беларуска-літоўскую мяжу. На той час у «Ліса» не было нават пашпарта — забралі пры адным з затрыманьняў. Толькі празь некалькі месяцаў дакумэнт перадалі ў Літву праз знаёмых.

«Тры месяцы я жыў у Літве, падаўся там на ўцякацтва. Але маёй мэтай было паехаць ва Ўкраіну і падпісаць кантракт з Узброенымі сіламі. З таго часу я ішоў да гэтай мэты. У верасьні я прыляцеў у Кіеў, кастрычнік рыхтаваў дакумэнты, мяне правяралі. А зь лістапада я служу. Накіравалі мяне ў звычайную мэханізаваную брыгаду».

Зьміцер «Ліс»
Зьміцер «Ліс»

Брыгаду Зьмітра досыць хутка адправілі на поўдзень Украіны ў Мікалаеўскую вобласьць, бліжэй да Крыму.

«Да вайны заробак быў чыста на жыцьцё — 350 эўра. За знаходжаньне ў Мікалаеўскай вобласьці дакідвалі яшчэ 200 эўра. З пачаткам вайны заробак трошку паднялі — да 400 эўра, а разам са знаходжаньнем у зоне баявых дзеяньняў я атрымліваю 3500 эўра — гэта не сакрэт, адкрытыя дадзеныя. Я шмат экіпаваўся за свае грошы — трымаюся думкі, што салдату рыштунак купляе дзяржава, а рыцар набывае яго сабе сам. Трэба адпавядаць вобразу найміта (сьмяецца). Таксама далі пад’ёмныя — 300 эўра. Цікава, што гэтыя грошы — больш за 600 эўра — прыйшлі на другі дзень вайны, я адразу перавёў палову дзяўчыне. Я доўга жыць не зьбіраўся, а з сабой у магілу іх не забярэш».

У першы дзень вайны адбыўся бой з буратамі

За некалькі тыдняў да пачатку вайны брыгаду Зьмітра адправілі ў Алешкі Херсонскай вобласьці.

«Там былі нават кафэшкі, мы туды хадзілі харчавацца, нічога асаблівага не чакалі. Я да канца ня верыў у вайну. За пару гадзін да пачатку вайны мы паехалі пад Крым, тады ўжо было ясна, што Пуцін паехаў кукухай. Мы былі за пятнаццаць кілямэтраў ад лініі разьмежаваньня. Пастаяў у каравуле, паахоўваў тэхніку, у нас былі беларускія МАЗы. А 5 гадзіне я прачнуўся, адкрыў інтэрнэт, тады і пачуў прыходы артылерыі. Чытаю, што ідуць бомбавыя ўдары. На ўсю Херсонскую вобласьць там быў толькі батальён марпехаў і наша напалову ўкамплектаваная брыгада. Я падышоў да камандзіра: „Што робім?“ „Пакуль чакаем“, — быў адказ. Пайшоў яшчэ гадзіну паспаў. Прачнуўся ад таго, што прыляцела некалькі крылатых ракет. Бачылі, як залятаюць сюды расейскія зьнішчальнікі СУ, якія працавалі па пазыцыях марпехаў».

Зьміцер «Ліс»
Зьміцер «Ліс»

Ужо ў першы дзень вайны ў Алешках брыгада Зьмітра вяла бой з групай салдатаў з Буратыі, якія на БМП адбіліся ад агульнай калёны. Быў забіты адзін украінскі жаўнер, а таксама чацьвёра буратаў. Сам «Ліс» кажа, што ў першы дзень нават не страляў, бо не было такога, каб праціўнік апынуўся блізка ад яго. Быў Зьміцер і каля Антонаўскага моста ў Херсоне, калі там адбываліся баі.

«Быў сьмешны выпадак. Сабраліся разам, стаім ля шашы. Пад’яжджае потым да нас адзін мужык, як потым высьветлілася, мясцовы бізнэсовец, які якраз трасамі займаўся. І адразу нам: „Дзякуй богу, што вы прыйшлі, а то гэтыя ё...ныя бандэры ўжо закалябалі“. Яго хутка скруцілі, троху памялі бакі. Я ня біў, бо сябе нават да „бандэр“ залічыць не магу (сьмяецца). Ноччу на „брані“ прыехалі ў Сьнегуроўку Мікалаеўскай вобласьці, моцна замерзьлі па дарозе. На наступны дзень былі ў Мікалаеве, горад проста вымер, людзей амаль не было. Ноччу прачнуліся ад ракетнага ўдару, які быў за 200 мэтраў ад нас».

«Ува УСУ цяпер трапіць ня так проста»

Брыгада адышла далей у тыл, а «Ліс» выконваў заданьні па выведцы. Задачай беларуса было скідаць дадзеныя пра перамяшчэньні расейскіх калён з тэхнікай і выводзіць на іх артылерыйскія ўдары. Адным з самых складаных заданьняў «Ліс» называе працу ў вёсцы між Южнаўкраінскам і Вазьнясенскам у Мікалаеўскай вобласьці.

«Мы працавалі ў гэтым сяле яшчэ да прыезду праціўнікаў. Расейцы адразу вызвалілі сяло ад газу, сьвятла, водаправоду, тэлефоннай сувязі. Шукалі, ці ёсьць тут людзі з тэрытарыяльнай абароны. Я асабіста наводзіў артылерыю на танкавую калёну. Празь нейкі час расейцы паставілі на выездах блёк-пасты, таму мы ніяк не маглі адысьці. Хаваліся на гарышчы, як у „Сотнікаве“. Жывымі ім здавацца ніхто не хацеў. У выніку праз колькі дзён нас адвезьлі на „Жыгулях“ да ракі, а там перавозілі на драўляным чоўне. У мяне быў з сабой толькі аўтамат і некалькі магазынаў патронаў. Цяпер гэтая вёска вызваленая, яна ўжо вельмі глыбока ў тыле».

Зьміцер «Ліс»
Зьміцер «Ліс»

Зьміцер са сваёй брыгадай працягваюць стаяць на пазыцыі на поўдні Ўкраіны, прарываў у іх кірунку няма, але і наступы праціўніка адбіваць удаецца. Сам «Ліс» двойчы ўдзельнічаў у эвакуацыі пяхоты, раз цягнуў два кілямэтры забітага салдата.

«Загінуў — гэта нармальна. Але я б не хацеў трапіць на фатаздымкі ў расейскіх тэлеграм-каналах. Па людзях пытаньняў няма, ва УСУ цяпер трапіць ня так проста. Хіба што ў полк Каліноўскага ідзе пастаянны набор, але гэта іншая структура. Я быў у іх у гасьцях, калі яны былі ў Мікалаеве. Пасьпеў пазнаёміцца з „Волатам“. Зь ім было магчыма дамаўляцца. Бачыце, забілі „Волата“, забілі „Брэста“ — старыя камандзіры не бераглі сябе, пазбаўляюць выдатных прафэсіяналаў».

«Шкада, равы з кракадзіламі не арганізаваць»

У сваёй брыгадзе Зьміцер адзіны беларус. Кажа, што па нацыянальнай прыкмеце яго ніхто ня троліць.

«Мяне не пужае амаль нічога, я нармальна перажываю абстрэлы, яны дадаюць адрэналіну, але я хутка адыходжу. Мне не падабаецца толькі нейкая нявызначанасьць, неарганізаванасьць. Пачуцьцё выкананай задачы — самае прыемнае, што ёсьць на вайне. Тое, як ставяцца людзі да цябе. Прыемна ваяваць са злом за нашы ідэалы».

Зьміцер мяркуе, што перамены ў Расеі могуць не пачацца і пасьля сыходу Пуціна.

«Дастаткова пачытаць Пазьняка — у іх крымінальная сьвядомасьць, імпэрыялізм у крыві. Нават калі там будзе паўстаньне супраць Пуціна, то паставяць іншага Навальнага, які таксама імпэрыяліст. Варта задаць толькі пытаньне пра волю Чачні, каб зразумець іх погляды. Таму толькі візавы рэжым, на мяжы высокі плот, кулямётныя пункты, шкада, што равы з кракадзіламі немагчыма будзе арганізаваць (сьмяецца). Пакуль Беларусь ня вызвалю, я не зьбіраюся спыняцца. А пасьля, канечне, я магу стаць і настаўнікам гісторыі, і супрацоўнікам спэцслужбаў. Прыдумаю нешта, як буду карысным радзіме. А магчыма, стану прэзыдэнтам Расеі Ілджэдзьмітрыем ІІІ, мне пабрацімы такое прапаноўваюць, то развалю Расею за некалькі дзён».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG