Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне падрыхтавалі, што загіну за тры дні». Добраахвотнік «Біл» пра беларускую «бомж-армію», барыкады на «Пушкінскай» і прыемнае на вайне


Максім «Біл» Пражэнік
Максім «Біл» Пражэнік

24-гадовы Максім «Біл» Пражэнік з палку імя Кастуся Каліноўскага на вайне ўжо чатыры месяцы. Пры гэтым у яго застаецца пазытыўны настрой і погляд на падзеі.

У вялікім інтэрвію Свабодзе «Біл» расказаў пра службу ў войску, свой удзел у пратэстах 2020 году, СІЗА і пра тое, чаму ўкраінцы часам апраўдана крытыкуюць беларусаў.

«Беларускае войска — гэта страчаны час і дэградацыя»

— Хто вы такі, адкуль родам, чым займаліся?

— Сам я зь Менску, вырас у Серабранцы. Вучыўся на будаўніка, дакладней — на плітачніка-абліцоўшчыка, але па прафэсіі амаль ніколі не працаваў. Прайшоў беларускае войска. Працаваў майстрам па рамонце мабільных тэлефонаў.

— Як трапілі ў войска, што там пабачылі?

— Служыў паўтара года ў вайсковай частцы 29591 ва Ўруччы. Асноўнай задачай было падмятаць пляц, ніякай вайсковай падрыхтоўкі не было. Ад войска не касіў, але розныя дзівакі пачалі рабіць пра мяне фэйкі, падраблялі нават дакумэнты, што я касіў ад арміі. Гэта было вельмі сьмешна. Гэта згублены час і дэградацыя. Ты там тупееш, бо заняцца няма чым, трэба толькі слухаць увесь час гэтак званых камандзіраў. Ні для кога не сакрэт, што там квітнее п’янства. Афіцэры, бывала, нават на працу прыходзілі п’янымі.

— У вас некалі была такая прыгожая фраза пра «бомж-армію». Чаму вы так сказалі?

— Бо ніякага забесьпячэньня па факце няма. Форма застаецца старая савецкая. Калі нешта рвецца і патрабуе замены, то мяняецца раз на год. Штаны пастаянна ў дзірках, трэба зашываць. Нешта атрымаць на складзе амаль нерэальна. Для мяне гэта вялікая страта часу, я б шмат чаго мог рэалізаваць за гэты час.

— «Дзедаўшчына» існавала?

— Хутчэй не. Але нават невялікія яе праявы бываюць карыснымі больш, чым жыць па статуце. Былі спробы жыць цалкам па статуце, але такога ня зможа ніводзін чалавек.

— З украінскай арміяй вялікая розьніца?

— Ну натуральна. Асабліва ў пляне баявой падрыхтоўкі. Тое самае па тэорыі. Я за месяц ва Ўкраіне дазнаўся болей, чым за паўтара года ў Беларусі. У беларускім войску я ведаў толькі, як трымаць мяцёлку і як хадзіць у нарады. А калі вывозілі на стрэльбы, то дадуць тры патроны, а потым тры гадзіны мыць аўтамат — несур’ёзна. Час вольны зьяўляўся, але калі нейкі афіцэр цябе ўбачыць, то яго ня будзе.

«Мне баяцца ўжо няма чаго»

— Чым для вас быў 2020 год?

— Усё пачалося банальна і звычайна. Калі пачаўся перадвыбарчы «дзьвіж», то я пачаў цікавіцца, глядзець. На той момант я працаваў у «Острове чистоты» памочнікам адміністратара, бачыў стаўленьне начальства да людзей, бачыў заробкі. 9 жніўня выйшаў вечарам на Стэлу, убачыў усё бясчынства, якое там адбывалася. Бачыў, як білі людзей дубінкамі, кідалі гранаты, быў моцна шакаваны. Зразумеў, што трэба паспрабаваць нешта зрабіць. Але, на жаль, нічога не атрымалася.

— Калі вас упершыню затрымалі?

— 10 жніўня на «Пушкінскай». Я ўжо кепска нават памятаю, затрымалі ў дварах, калі я ўцякаў. Мяне павезьлі ў Жодзіна. Зьбілі пры затрыманьні, білі па сьпіне, па азадку, па руках. Было некалькі сінякоў, але не было такога, што ўвесь сіні. Вызвалілі праз двое ці трое сутак а трэцяй ночы, валянтэры завезьлі дамоў.

Максім «Біл» Пражэнік
Максім «Біл» Пражэнік

— Барыкады будавалі?

— Ну вядома! Чаго мне хаваць? Мне баяцца ўжо няма чаго. Я амаль ва ўсіх акцыях удзельнічаў, апроч тых, калі сядзеў на сутках. Потым мяне яшчэ двойчы затрымлівалі — напрыканцы жніўня і ў лістападзе. Асуджалі на восем і дзесяць сутак. А потым было два месяцы СІЗА.

— Што гэта за гісторыя?

— Мяне ж асудзілі на тры гады «хіміі» з накіраваньнем. Арыштавалі ў «дзень народнага адзінства» 17 верасьня 2021 году. Затрымалі па артыкуле 342 КК — «Арганізацыя ці ўдзел у мерапрыемствах, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Затрымалі мяне ў гандлёвым цэнтры. Затрыманьне было «лайтовае». Сказалі, калі буду ўцякаць, то кайданкі. Павезьлі дамоў на ператрус, канфіскавалі адзеньне, у якім я быў 9 жніўня на Нямізе, забралі тэлефон і пашпарт. Завезьлі на Акрэсьціна, а там дзён празь пяць завялі крымінальную справу.

— Як было на «Валадарцы»?

— Сядзеў разам з музыкам Антонам Шніпам, а таксама зь Мікітам Дранцам. Нармальна было, хіба што да пад’ёмаў і парадкаў не адразу звыкся.

— Вы разумелі, што па вас могуць прыйсьці?

— Вядома ж. Былі моманты, што чакаў пастаянна затрыманьня. Я ж зьяжджаў зь Беларусі, а ў верасьні ненадоўга прыехаў адгуляць вясельле, тады мяне і затрымалі. Я жыў у Маскве нейкі час, рамантаваў тэлефоны. Там пастаянна трэба працаваць, часу адпачываць не было. Там ва ўсіх думкі розныя, але асабліва на тэму палітыкі не гаварылі.

Максім «Біл» Пражэнік
Максім «Біл» Пражэнік

— Па выхадзе адразу шукалі шляхі, як зьехаць з краіны?

— Так. Мне ж яшчэ «Менсктранс» даў штраф у памеры 3600 рублёў. Я і плянаваў зьяжджаць, і не плянаваў. А потым зьвязаўся знаёмы, які дапамог з эвакуацыяй. Зьехаў літаральна праз тыдзень. Жыў у Львове, Аляксей Францкевіч дапамагаў мне зь легалізацыяй. Львоў — выдатны горад.

«Спачатку было цяжкавата, а потым звыкся»

— Як вы сустрэлі 24 лютага, калі пачалася вайна?

— У мяне ў гэты дзень павінна была быць размова ў СБУ наконт майго знаходжаньня ва Ўкраіне, пра статус бежанца. Але пачалася вайна, і я адразу пачаў шукаць варыянты, як я магу пайсьці ваяваць. Празь дзень-два дазнаўся, што едуць нашы хлопцы з Варшавы, паехаў зь імі ў Кіеў. Ад 27 лютага — у Кіеве. Быў у «Азове», а потым зрабілі свой полк. Мяне падрыхтавалі, што праз тры дні я загіну, я стаяў на запраўцы і думаў, ці ехаць. Вырашыў ехаць, бо ўсе ж мы памром (сьмяецца). Спачатку было цяжкавата, а потым звыкся.

— Першым вашым заданьнем была Буча, што там убачылі?

— Яшчэ на пад’езьдзе да Бучы ўсё было разьбіта, спалена. У самой Бучы бачылі трупы цывільных людзей з завязанымі рукамі. Ці катавалі, ці расстрэльвалі. Моцна ўразіла. Зьявілася пасьля гэтага яшчэ большая злосьць.

— Што ў галовах расейскага кіраўніцтва, якое пачало вайну? І расейскіх салдатаў, якія гэта выконваюць?

— Хутчэй за ўсё, у іх няма ўласнай думкі. Яны верылі, што ідуць вызваляць. Думалі, што ўсё будзе проста, а ўсё вельмі-вельмі цяжка. Я размаўляю паўсюль па-расейску, ніхто мне ня робіць ніякіх прэтэнзій. Нават у Львове.

— Вы на сваім месцы сёньня?

— Пакуль што так. Менавіта там, дзе павінен знаходзіцца.

Максім «Біл» Пражэнік
Максім «Біл» Пражэнік

— Пра нейкія іншыя апэрацыі можна гаварыць, дзе вы бралі ўдзел?

— Пакуль не. Хутка ўсё будзе апублікавана.

— Адкуль ваш пазыўны «Біл»?

— Калі я быў валянтэрам на Акрэсьціна, то быў падпісаны «ЎКантакце» як «Дзядзька Біл», так мяне «Білам» і сталі называць. Падпісаўся так чыста ад балды.

«Вайна — гэта цяжка псыхалягічна»

— Вы вельмі жыцьцярадасны і пазытыўны чалавек. Гэта дапамагае на вайне?

— А чаго сумаваць? (Сьмяецца.) Калі настрой кепскі, то ўсё кепска і можа пайсьці. У вясёлым настроі ісьці ў бой прасьцей.

— Якое ваша стаўленьне да сьмерці?

— Ня ведаю. Калі я памру, то я гэтага нават не адчую, хутчэй за ўсё. Калі прыляціць нейкая ракета, то такі лёс.

— Што самае цяжкае на вайне?

— Ды сама вайна — цяжкая рэч. Гэта цяжка псыхалягічна. Пастаянна ў зоне баявых дзеяньняў. Інфармацыя, якая праходзіць празь цябе, — гэта сапраўднае пекла. Часам вельмі складана.

— Зналі кагосьці зь беларусаў, хто загінуў на вайне?

— З Пашам «Волатам» мы пазнаёміліся яшчэ да вайны, тыдні за два да пачатку баявых дзеяньняў сядзелі ў яго дома, размаўлялі. Гэта быў сапраўдны ваяр. Ён усіх падтрымліваў, быў бацькам, братам. Быў вялікім чалавекам. Такіх людзей у сьвеце мала. На першым этапе цяжка было перанесьці яго сьмерць. «Тэрора» знаў трошку.

— А што самае прыемнае на вайне?

— Калі едзеш на ратацыю, каб адпачыць. Але не заўжды атрымліваецца, бо ўсё адно пра гэта ўвесь час думаеш.

— Украіна пераможа?

— Думаю, па-іншаму быць ня можа.

— А Беларусь?

— Залежыць ад людзей, якія там цяпер знаходзяцца. Яны самі павінны рашаць, ці быць ім рабамі, ці вольным народам. А не чакаць, што хтосьці іх вызваліць. Глядзіш у інстаграме, а ў Менску людзі гуляюць па барах, адпачываюць, а ў гэты час ракеты ляцяць зь Беларусі. Мабыць, людзей усё задавальняе, таму і «хэйт» момантамі апраўданы.

— Вас чапляе, калі пра вас ролікі здымае прапаганда?

— Мне сьмешна з гэтых ідыётаў. Я перадаю ім вітаньні. Рана ці позна мы недзе сустрэнемся зь імі, і так гаварыць яны ўжо ня змогуць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG