Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я бег да параненага пад мінамётным агнём». Беларус «Фрэдзі» расказвае, як на вайне працуюць парамэдыкі


Манфрэд «Фрэдзі» Пікта
Манфрэд «Фрэдзі» Пікта

На фронце знаходзяцца ня толькі тыя, хто непасрэдна ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях. Амаль у кожнай групе ёсьць парамэдык — чалавек, які аказвае першую мэдычную дапамогу, пакуль параненага не даставяць у шпіталь.

Беларус Манфрэд «Фрэдзі» Пікта ў вялікім інтэрвію для Свабоды расказаў пра сябе, а таксама пра асаблівасьці працы парамэдыка на вайне.

«У калгасе атрымліваў 350 рублёў»

— Хто вы такі?

— Я родам са Сьветлагорску Гомельскай вобласьці. Мне цяпер 33 гады. Закончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Працаваў таксама ў асноўным у сельскай гаспадарцы — Сьветлагорскім раёне, Петрыкаўскім, Жлобінскім. Быў загадчыкам калгасных фэрмаў. Атрымаў кваліфікацыю вэтэрынарнага лекара, дзякуючы чаму і служу цяпер парамэдыкам.

— Раскажыце, як гэта — працаваць у калгасе?

— Гэта проста капец. За сваё жыцьцё я зьмяніў, здаецца, шэсьць гаспадарак. Усё шукаў — дзе ж тыя ўмовы, дзе ж тыя заробкі, пра якія гавораць на дзяржаўнай тэлевізіі? Але ўсё разбурана, будынкі 1970-х, цэгла даяркам падае на сьпіны, усё гэта ў г*не. Абаср*ныя каровы — гэта ў лепшым выпадку. Насамрэч мы маем справу з жорсткім абыходжаньнем з жывёламі, амаль уся сельская гаспадарка ў нас падпадае пад гэты артыкул. І чым далей, тым усё горш было. На апошнім месцы працы ў Петрыкаўскім раёне я зразумеў, што гэта ўсё, у гэтай краіне няма чаго рабіць, таму паехаў на заробкі ў Польшчу.

— Аграгарадкі неяк ратуюць сытуацыю ў сельскай гаспадарцы?

— Адзінае, чым яны могуць завабіць маладога спэцыяліста, — гэта наяўнасьцю жытла. Але трэба разумець, што гэтыя дамы ў жахлівым стане, фактычна голыя чатыры сьцяны і дах. Заробкаў няма. Вось я, напрыклад, працаваў інжынэрам тэхнікі бясьпекі, сумяшчаў гэта з памочнікам брыгадзіра фэрмы, замяняў вэтлекара — і за ўсё гэта атрымліваў 350 рублёў.

— Як маладому хлопцу жыць за такія грошы?

— Калі прыходзіш у бухгальтэрыю, то табе кажуць: «У цябе ж ёсьць ключы ад камбікормавага складу, а ты яшчэ думаеш». Тыя людзі, якія трапляюць па разьмеркаваньні ў сельскую гаспадарку, фактычна жывуць у рабстве.

«Перапісваўся зь Ціханоўскім»

— Чым займаліся ў Польшчы?

— Працаваў на складзе інтэрнэт-крамы ў Познані. Звычайная такая работа. Польшча мне вельмі спадабалася. Я быў у шоку, калі перасек мяжу; усю дарогу, нібы прыкуты, глядзеў у акно. Як быццам трапіў у іншую галяктыку, бо ўсё жыцьцё пражыў у Беларусі, нікуды толкам ня езьдзіў. Для мяне гэта было сапраўднае адкрыцьцё. Я дзесьці месяц хадзіў і кляў «таракана», я тады зразумеў усю сытуацыю канчаткова. Моўнага бар’еру ніколі не было. Я зь імі гаварыў па-беларуску, праз пару тыдняў мясцовыя думалі, што я ў Польшчы ўжо некалькі гадоў. Адсоткаў 60% лексыкі, на мой погляд, супадаюць.

— Наколькі ведаю, вы вярталіся перад выбарамі 2020 году ў Беларусь. Хацелі паўдзельнічаць у кампаніі?

— Так, я адпрацаваў у Польшчы год, у мяне скончылася віза, вырашыў вяртацца на радзіму. Глядзеў на ютубе «Страну для жизни». Я хацеў састыкавацца зь Сяргеем Ціханоўскім, мы нават перапісваліся, але ня лёс, бо яго пасадзілі. У першы ж дзень прыезду ў Беларусь пазнаёміўся з будучай сваёй жонкай.

— Перарвіцеся трошкі пра выбары, раскажыце гісторыю з жонкай.

— Мы перапісваліся ў інтэрнэце. Яна была з суседняга гораду; сустрэліся, так і сталі трымацца разам. Хадзілі ўдваіх на мітынгі.

«Арганізоўваў акцыі ў Сьветлагорску»

— Раскажыце пра свой удзел у пасьлявыбарным пратэсьце.

— Я шмат арганізоўваў лякальных акцый менавіта ў Сьветлагорску, імкнуўся выцягнуць людзей з кватэр. 9 жніўня на плошчу прыйшло ня шмат, мо чалавек 300, мянты ўсіх разагналі хутка. Жонка тры дні была ў шоку, калацілася. Але мы не спыніліся, працягвалі агітаваць людзей. Празь нейкі час да нас сталі прыходзіць позвы ў міліцыю, тройчы мянялі жытло, хаваліся. У выніку зрабілі гуманітарныя візы і ў канцы 2020 году выехалі ў Польшчу. Жонка цяпер працуе на прадпрыемстве, дзе вырабляюць рэпэленты, я на розных складах. На жыцьцё хапала, там зарабіць не праблема.

— Якія настроі тады былі ў Сьветлагорску?

— Незадаволеных было вельмі-вельмі шмат, але, на жаль, у вырашальны дзень людзі чамусьці засталіся дома. Сьветлагорск — гэта дастаткова малады горад, мы да сярэдзіны кастрычніка хадзілі на цэнтральную плошчу. Мяне ні разу не затрымлівалі.

— Вы сталі супраць Лукашэнкі на хвалі падзей 2020 году ці раней?

— Мне здаецца, што даўно. Яшчэ ў юнацтве да мяне дайшло — бацькі добра разумелі, што да чаго, мелі здаровую пазыцыю. Яны тлумачылі мне, таму я заўсёды разумеў, хто гэта такі. Я ніколі не называю яго ні па імі, ні па прозьвішчы. Ён гэтага ня варты.

— Сымбалі таксама ведалі?

— Я лічу, што наш сьцяг бел-чырвона-белы, а герб — Пагоня. Тое, што ёсьць цяпер, — гэта не беларускае. Беларуская мова мая родная. У школе мне беларуская заўжды падабалася, яе няблага ведаў. Калі па расейскай мове ў мяне было 3 балы, то па беларускай — 7. А вось мая жонка, якая маладзейшая за мяне на 10 гадоў, ужо вельмі кепска ведае беларускую. Для іх гэта была нейкая трэцяя, нікому не патрэбная мова. Так не павінна быць.

Зь Цімурам Міцкевічам, якога збілі да комы падчас пратэстаў 2020 году
Зь Цімурам Міцкевічам, якога збілі да комы падчас пратэстаў 2020 году

«Жонцы не сказаў, што еду на фронт»

— Чаму паехалі ва Ўкраіну?

— Я разумеў, што будзе вайна. Ня проста ж так усё гэта перамяшчэньне войскаў адбывалася. Калі я зразумеў, што з тэрыторыі Беларусі на Ўкраіну ляцяць ракеты, то жыць з таўром «акупанта-захопніка» ўжо ня змог. Я разумеў, што трэба ехаць, — гэта вялізны шанец дапамагчы ўсяму сьвету пазбавіцца ад зла. І вялікі шанец вызваліць сваю краіну, мець магчымасьць вярнуцца дамоў.

— Вагаліся доўга?

— Не, зь першага дня ведаў, што паеду. Але некалькі дзён ня ведаў, як сказаць жонцы. Калі пабачыў, што чакаць больш не выпадае, то сказаў ёй, што еду ва Ўкраіну. Зразумела, хваляваўся.

— Як жонка адрэагавала?

— Спачатку ў сьлёзы, вядома. Потым сказала: «Можа, так будзе і лепш». Яна моцна перажывае. Я ёй не казаў, што еду на фронт, супакоіў яе, што адсяджуся дзесьці, буду займацца гуманітаркай, дапамогай уцекачам, усё будзе добра. У красавіку пасьля ваеннай апэрацыі ў Ірпяні, калі са мной не было сувязі тыдзень, пазваніў ёй і ўсё шчыра расказаў. Здаецца, яна больш-менш добра ўсё ўспрыняла. Парадавалася, што жывы. Сказала, што ганарыцца.

— Не сварылася?

— Не-не. Стараемся жыць душа ў душу.

— Бачу, што вы пра яе гаворыце зь вялікай любоўю.

— Яна ў мяне маладая, трэба да яе ставіцца з трапятаньнем.

«Пастаялі пад аўтаматамі»

— Калі вы прыехалі ва Ўкраіну, ці быў ужо батальён Каліноўскага, або яшчэ была беларуская рота пры «Азове»?

— Былі пры «Азове». Наш заезд з Польшчы быў самым першым, прабівалі дарогу на Кіеў. Давялося пастаяць пад рулямі аўтаматаў тэрабароны. Беларускі пашпарт выклікаў шмат пытаньняў. Даехалі мы толькі таму, што вельмі гэтага хацелі. Калі мы тлумачылі, хто такія, то ўкраінцы былі пад уражаньнем: «Хлопцы, вы наагул разумееце, куды едзеце?»

— Як сустрэлі ў Кіеве?

— Мы былі вельмі натхнёныя, настроеныя ўдзельнічаць у баях. Шмат хто думаў, што проста выгрузіцца, схопіць аўтамат ды папаўзе па траншэі. Але высьветлілася, што трэба прайсьці падрыхтоўку, ніхто нас не зьбіраўся кідаць як гарматнае мяса.

«Жорсткі бой мы ўспрымалі, нібыта так і павінна быць»

— Калі вы зразумелі, што будзеце парамэдыкам?

— Калі ехаў яшчэ, то думаў, якія ў мяне ёсьць навыкі і чым яны могуць дапамагчы. Я ж вэтэрынар, таму мае ранейшыя «пацыенты» былі супраць аказаньня ім дапамогі, да таго ж гэта рабілася ў такіх максымальна жорсткіх умовах. Здаецца, і зрок добры. У мяне пасьля карэкцыі зрок 150%. На месцы зразумеў, што магу дапамагчы ў парамэдыцыне, у мяне ёсьць уменьні ў хірургіі. У нас былі мэдыцынскія трэнінгі, месяц рыхтаваліся.


— Ірпень — гэта была першая ваша апэрацыя?

— Так. Тыдзень там былі. Досьвед атрымалі жорсткі, сур’ёзны. Нават Ян «Беларус» Мельнікаў, які ваяваў з 2014 году, сказаў, што такога яшчэ ня бачыў. Але мы ня ведалі, што гэты бой быў асабліва жорсткі. Калі для кагосьці гэта і было жорстка, то я гэта ўспрымаў як так і павінна быць, бо я ня ведаў іншага. Так, спачатку разгубіліся. Але потым хутка сабраліся, успомнілі, чаму нас вучылі, таму кожны выконваў сваю задачу. Празь мяне прайшло тады двое «двухсотых».

— Зьміцер «Тэрор» прайшоў якраз праз вас?

— Так, мы былі ў адным доме, на адной пазыцыі. Я яго прымаў як параненага. Я да апошняга спадзяваўся, што ўсё будзе добра, дапамога была аказаная своечасова. Але дзесьці ў дарозе ад адной лякарні да другой яго ня выратавалі. Як кажуць лекары, гэта такі характар асколачнага раненьня, вялікія пашкоджаньні ўнутраных органаў. На жаль, і так бывае. Другім «двухсотым» быў украінцам — гэта быў увогуле мой першы паранены, вельмі сур’ёзнае раненьне, ён памёр фактычна ў мяне на руках.

Я таксама ваяваў пад кіраўніцтвам «Волата». Гэта чалавек-легенда, у яго быў вялізны аўтарытэт. Хаця ён быў на шэсьць гадоў маладзейшым за мяне, але замяніў мне шмат у чым і бацьку, і сябра. Гэта цудоўны камандзір, нікога лепшага сабе мы і не маглі жадаць. Мы яго называлі «Чалавек-вайна», ён быў вельмі моцна зараджаны заўсёды.

З загінулым Паўлам “Волатам“
З загінулым Паўлам “Волатам“

«Павінен быць поўны замес, каб парамэдык страляў»

— Раскажыце цывільным чытачам, як выглядае ваша праца? Вы бачыце параненага і паўзяце пад снарадамі да яго? Які мэханізм?

— Па-рознаму. У мяне было некалькі сытуацый, калі дапамогу трэба было аказваць у будынку. Чалавек стаяў у праёме, прыляцеў снарад нечакана. Потым былі выпадкі, калі мы былі на перасечанай мясцовасьці, і я ў невялікім будынку арганізаваў такую «жоўтую зону», дзе аказваў дапамогу. Праўда, давялося выйсьці адтуль, бегчы пад мінамётным агнём, аказваць дапамогу чалавеку на адкрытай мясцовасьці пад выбухі снарадаў, а яшчэ зьлева і справа лезьлі расейцы. Калі бой недзе ў полі, то даводзіцца эвакуаваць, адцягваць параненых. Але ўсё гэта робіцца ў больш-менш бясьпечнай зоне — «жоўтай». У «чырвонай зоне» аказваць дапамогу нельга.

— Вы нядаўна атрымалі кантузію. Як гэта было?

— Гэта быў бой у палях. Не гарадзкія баі. Былі толькі вузенькія палосачкі дрэўцаў і кустоў. Я ішоў, каб эвакуаваць байца. Нашы беларусы пайшлі далей. Я застаўся з украінцамі, каб чакаць групу эвакуацыі. У гэты час пачаўся штурм. Пазыцыі сталі апрацоўваць з танка, з артылерыі, зь мінамётаў, пад’ехала БМП. Потым у праціўніка пайшла жывая сіла. Я пабег аказваць дапамогу нашаму байцу. Калі быў там, то нас пачалі зьнішчаць. Я раней думаў, што лупілі з танка, але цяпер вырашыў, што гэта магла быць самаходная артылерыйская ўстаноўка, як яе называюць, «сáвушка». Яна б’е тымі ж снарадамі, што і танк, толькі па навясной. Быў першы снарад, пасьля якога мяне кантузіла, тады я змог схавацца ва ўкрыцьцё. Пасьля другога мяне зачапіла выбуховай хваляй, я страціў прытомнасьць на некалькі хвілін. Калі ачуўся, то падумаў, што нічога страшнага: ня чую дык ня чую. Калі вярнуўся на пазыцыю, то стала кепска, зноў страціў прытомнасьць, пад раніцу прыйшоў да памяці. Атрымаў лёгкае страсеньне мазгоў, пашкодзіў слыхавую нэрву.

— Не думалася тады, што з гэтай сытуацыі ўжо не атрымаецца выйсьці?

— Практычна заўсёды на заданьнях такія думкі час ад часу прыходзяць. Выжыў — добра. Там у любую сэкунду можа прыляцець — і нічога ня зробіш. Цяпер ідзе вайна артылерый.

— А вы маеце з сабой зброю?

— Так, вядома. Але пасьля апошняга па часе заданьня я зразумеў, што цяжкая зброя мне не патрэбна. Павінен адбыцца нейкі поўны замес, каб мне як парамэдыку давялося страляць. У мяне зусім іншыя задачы і мэты, мне не да страляньня.

— Вашу прафэсію павінны вельмі паважаць за тое, што вы робіце на полі бою.

— Магчыма. Добра, калі так (сьмяецца). Мы павінны навучыць кожнага байца рабіць тое, што ўмеем мы, парамэдыкі. Бо не заўсёды мы можам быць побач.

«Нічога ў іх не атрымаецца»

— Чаму вы «Фрэдзі»?

— Мяне завуць Манфрэд, ад гэтага і пазыўны. Гучны, запамінальны, тое, што трэба. Каб далёка чуваць быў, лёгка сказаць і запомніць. Плюс Фрэдзі Кругера шмат хто ведае, каб застрашваць.

— Адкуль у вас такое рэдкае імя?

— У Беларусі былі ўсяго два Манфрэды — я і нямецкі амбасадар. Я ня ведаю нават, чаму мяне так назвалі. Мама казала, што яе ідэя, тата — што ягоная.

— Як там беларускія хлопцы цяпер на фронце?

— Мэта адна — перамога і вызваленьне Ўкраіны і Беларусі. Трымаемся. Полк разьвіваецца, а мы атрымліваем баявы досьвед. Думаю, Украіна пераможа. На сваёй зямлі ваяваць прасьцей. Расейцы цяпер пнуцца нешта зрабіць з апошніх сілаў, але нічога ў іх не атрымаецца, як заўсёды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG