Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая дэпутатка з Нарвэгіі ваюе за Ўкраіну. Вось яе гісторыя


Фота з Інстаграму Сандры Андэрсан
Фота з Інстаграму Сандры Андэрсан

Былая дэпутатка Саамскага парлямэнту Нарвэгіі Сандра Андэрсан Эйра вырашыла абараняць Украіну ад расейскага ўварваньня са зброяй у руках. Яе гісторыю расказала выданьне Time.

Яна прыехала змагацца за Ўкраіну ў сакавіку. Сваё рашэньне тлумачыць маральным абавязкам.

«У апошні раз, калі вялікая вайна была на кантынэнце, мая краіна таксама мела патрэбу ў дапамозе. Таму для мяне гэта было маральным абавязкам», – Сандра кажа аб нацыстоўскай акупацыі Нарвэгіі.

Да палітычнай кар'еры яна пасьпела папрацаваць мэдыкам і рыбаком. Сандра расказвае журналістам, што на вайне страчваюць сэнс гендэрныя адрозьненьні і стэрэатыпы: на фронце ўсе – перадусім ваяры.

«Вы жывяце адзін з адным, вы дыхаеце адзін аднаму ў патыліцу», – кажа яна. Ваенныя ўмовы нагадваюць ёй час у моры: у рыбалоўных брыгадах Нарвэгіі жанчыны складаюць усяго 1%.

Зрэшты, жанчына разумее, што ейны пол стаў бы для яе дадатковым фактарам небясьпекі, калі б яна трапіла ў палон.

Дзяўчына выконвае баявыя задачы ў складзе асобнага падразьдзяленьня Інтэрнацыянальнага легіёну, сфармаванага з былых спэцназаўцаў ЗША і Вялікай Брытаніі. У атрадзе пяць мужчын і яна. Эйры прысвоілі баявую мянушку «Ваяўніца».

Time нагадвае, што ва ўкраінскіх Узброеных Сілах каля 15%, ці крыху больш за 30 тысяч чалавек, складаюць жанчыны. І ў складзе Замежнага легіёну, што сфармаваўся ў пачатку расейскага ўварваньня з грамадзян іншых дзяржаў, якія імкнуліся дапамагчы ўкраінцам, ёсьць жанчыны. Яны прыбылі з ЗША, Вялікай Брытаніі, Нідэрляндаў, Партугаліі, Аўстраліі, Вугоршчыны, Ізраіля, Грузіі і іншых краін. Паводле Time, іх больш за два дзясяткі.

Усе яны прыбылі ва Ўкраіну, таму што лічаць, што гэтая барацьба не выключна мужчынская справа. А ў чымсьці жанчыны лічаць сябе больш эфэктыўнымі за мужчын.

«Нас павінна быць больш. Мы лепш страляем, больш дакладна. Мужчыны нават зайздросьцяць нам», – кажа грузінская снайпэрка Дарэджан Майсурадзэ, якая мае за плячыма ваенны досьвед змаганьня з расейскай агрэсіяй у Грузіі.

На фронце ва Ўкраіне атрад Сандры Андэрсан Эйры ўвесь час перамяшчаюць па розных кірунках. У канцы сакавіка яна выконвала баявую задачу каля Мікалаева і ўдзельнічала ў разграбаньні завалаў, калі была абстраляная казарма. Эйра кажа, што яе каманда была паблізу і яе паслалі «дапамагчы падняць тое, што засталося ад целаў».

Дзяўчына прызнаецца, што не плянуе вяртацца дадому да заканчэньня вайны, таму што прывыкла да пастаянных абстрэлаў і яе палохае ціхая хатняя абстаноўка.

— Тыя, хто быў на вайне, могуць пазнаць у ёй сябе, але чым бліжэй ты да лініі фронту, тым табе больш камфортна. Тваё цела адгукаецца на гэта, ты робісься спакойнай і ўраўнаважанай, — тлумачыць былая дэпутатка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG