Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус пасьмяротна стаў героем Францыі


Андэй Жук, фота з сайту Міністэрства абароны Францыі
Андэй Жук, фота з сайту Міністэрства абароны Францыі

2 сьнежня ў Парыжы прайшла нацыянальная цырымонія разьвітаньня ў трынаццацьцю францускімі вайскоўцамі, якія загінулі тыдзень таму ў Малі. Ва ўрачыстай прамове прэзыдэнт Францыі Эмманюэль Макрон падрабязна нагадаў пра кожнага з загінулых, паведамляе міжнароднае францускае радыё (RFI).

Сярод трынаццаці герояў Францыі — выхадзец з Беларусі, старшы сяржант Андрэй Жук, які праслужыў 11 гадоў у францускім Замежным легіёне.

З прамовы прэзыдэнта Макрона 2 сьнежня:

«Старшаму сяржанту Андрэю Жуку было 43 гады. Паступіўшы на службу ў Замежны легіён сапёрам дэсанту адзінаццаць гадоў таму, гэты беларус прайшоў узорны шлях да горнастралковага спэцназу. Ён некалькі разоў удзельнічаў у апэрацыях у рэгіёне Сахелю. 2-і інжынэрны полк Замежнага легіёну ў Сэн-Крыстолі будзе доўга памятаць пра гэтага салдата выключнай адвагі, француза — не па крывi, успадкаванай ад продкаў, а па пралітай ім крыві. Ён быў бацькам чацьвярых дзяцей і зрабіў свой выбар — абараняць нашу краіну і нашы каштоўнасьці».

Пра Андрэя Жука ў паведамленьні міністэрства абароны Францыі было сказана, што свой першы кантракт на службу ў францускім Замежным легіёне ён падпісаў 30 студзеня 2008 году. У 2016 годзе прайшоў жорсткі адбор для службы ў горнастралковых спэцыяльных падразьдзяленьнях. Пасьля году спэцпадрыхтоўкі, Андрэй Жук паступіў на службу ў элітнае падразьдзяленьне 27-й горнастралковай брыгады.

Апошняе званьне старшага сяржанта (sergent-chef) яму было прысвоена 1 студзеня 2018 году.

Як паведаміла Міністэрства абароны Францыі, Андрэй Жук удзельнічаў у трох францускіх ваенных апэрацыях за мяжой. Са сьнежня 2010 году па красавік 2011 году нёс службу ў Аўганістане (апэрацыя «Памір»). Двойчы у 2018 годзе быў у шматмесячных камандзіроўках у Малі (апэрацыя «Бархан»). За гады службы бываў у кароткіх камандзіроўках у Францускай Гвіяне і на францускай вайсковай базе ў Джыбуці.

Андрэй Жук — быў кавалерам бронзавага крыжа «За вайсковую мужнасьць» (Croix de la Valeur militaire) і некалькіх мэдалёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG