Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Першыя некалькі гадзін страшна, потым прывыкаеш». Як лекар-беларус дапамагаў вайскоўцам і быў паранены


Парамэдык палка Каліноўскага з пазыўным «Кроп»
Парамэдык палка Каліноўскага з пазыўным «Кроп»

Парамэдык палка Каліноўскага з пазыўным «Кроп» жыве ва Ўкраіне з 2019 году. У Беларусі ў яго засталіся бацькі і сябры, таму ён ня хоча раскрываць сваё імя. «Кроп» быў на баявым заданьні, трапіў пад абстрэл і быў паранены. Цяпер «Кроп» аднавіўся — і вярнуўся ў полк.

«Мая сям’я заўсёды была супраць улады»

Беларус кажа, што пра бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» ведаў з маленства — уся ягоная сям’я была супраць рэжыму. Яго малым бралі на акцыі. «У пятай ці шостай клясе я адзін хадзіў на акцыю, нават фатаздымак з газэты захаваўся. Хадзіў на акцыі і ў студэнцкія гады. У партыі я не ўступаў, але ўлады не падтрымліваў», — апавядае «Кроп».

Ён вывучыўся на лекара. У 2019 годзе вырашыў пераехаць ва Ўкраіну. Кажа, што больш з эканамічных прычын.

«Аплата мэдыкаў у Беларусі і Ўкраіне моцна адрозьніваецца, не на карысьць нашай радзімы. У Беларусі яшчэ шмат праблем з нармальным працаўладкаваньнем. Напрыклад, каб працаваць у прыватнай клініцы, трэба мець першую ці вышэйшую катэгорыю. Але атрымаць яе можна толькі праз пяць гадоў працы, скажам, у звычайнай паліклініцы. За такі час можна і дэградаваць там. Ва Ўкраіне ўсё гэта значна прасьцей. За год я набыў нармальны досьвед. На маю думку, у Кіеве большы доступ да ўсяго сучаснага ў мэдыцынскай галіне», — патлумачыў беларус.

Беларускі парамедык «Кроп»
Беларускі парамедык «Кроп»

Ён працаваў доктарам у Кіеве. За падзеямі 2020 году на радзіме сачыў, маральна падтрымліваў беларусаў. Але сам у Беларусі ня быў — кажа, што не было магчымасьці. Увосень 2020 году Беларусь сама «прыехала» да яго — у Кіеў пачалі зьяжджацца палітычныя ўцекачы.

«Кроп» далучыўся да беларускай суполкі, браў удзел у акцыях салідарнасьці на Майдане і каля беларускай амбасады.

«24 лютага сябры з розных краін пачалі пісаць: «Уставай, пачалася вайна!»

Вайну «Кроп» сустрэў у Кіеве. Кажа, зь лістапада думаў, што «нешта адбудзецца». Але 100% упэўненасьці не было. У лютым, кажа беларус, у яго было ўжо 95% упэўненасьці, што будуць ваенныя дзеяньні. Але ён думаў, што вайна хутчэй закране ўсход Украіны, ніяк ня Кіеў. Тым ня менш беларус хадзіў на курсы для цывільных па асновах мэдыцыны ў баявых умовах і па карыстаньні зброяй.

«У ноч на 24 лютага доўга ня мог заснуць. Нейкае прадчуваньне было. Раніцай пачуў выбухі. Ня верыў сваім вушам. Тут пачалі пісаць сябры з розных краін: „Уставай, пачалася вайна!“. У першы дзень вайны я нават не задаваўся пытаньнем, што буду зьяжджаць. Паехаў у бамбасховішча. Пасядзеў там некалькі гадзін. Зразумеў, што няма там чаго рабіць. Спрабаваў здаць кроў — але яе ўжо было дастаткова, стаялі вялізныя чэргі. Спрабаваў запісацца ў тэрытарыяльную абарону. Запоўнілі з прыяцелямі анкеты. Нам адказалі, што да іх і так запісалася ў 2-3 разы больш людзей, чым трэба. Ад знаёмых даведаўся, што беларусы могуць далучыцца да тады яшчэ тэрытарыяльнай абароны пры „Азове“. З гэтага пачынаўся батальён, затым полк Каліноўскага», — расказаў «Кроп».

«Абстрэлы былі інтэнсіўныя — 4-5 снарадаў у хвіліну»

«Кроп» разам зь іншымі байцамі-беларусамі быў на заданьні. Першыя тры дні было даволі спакойна. Кажа, што расейскія вайскоўцы былі недзе за чатыры кілямэтры ад іх.

«Потым пачалі прылятаць снарады. Калі я ішоў на дзяжурства, недалёка ад мяне ўпаў снарад. Пабег у сховішча. І пачалося — пастаянныя абстрэлы. За хвіліну магло прыляцець 4-5 снарадаў. У прынцыпе, калі ведаеш, што яны не ў цябе ляцяць, то хутка прывыкаеш да абстрэлаў. Адзін снарад прыляцеў недзе за мэтра паўтара ад уваходу ў сховішча. Пабрацім, які сядзеў на выхадзе, пачаў моцна крычаць. Потым мы даведаліся, што ў яго проста быў шок. Але ў той момант я пайшоў паглядзець, што зь ім, і мне па назе ўдарыў аскепак. Была цемра, нічога не відаць, што там з нагой. Ранкам паглядзеў і ўбачыў, што там рана. Потым мяне адвезьлі ў шпіталь і зрабілі апэрацыю», — расказаў беларус.

Аскепак, якім быў паранены парамедык «Кроп»
Аскепак, якім быў паранены парамедык «Кроп»

Пасьля шпіталя ён быў на рэабілітацыі. Цяпер ужо вярнуўся ў полк.

«Не было ў мяне такіх думак: „Ну яго к чорту!“. Страшна там толькі першыя некалькі гадзін. Потым прызвычайваесься. Я вырашыў заставацца да канца. Зьяжджаць я не зьбіраюся, як і з пачаткам вайны не зьбіраўся. Праўда, некаторыя людзі могуць ня вытрымаць. Але я вырашыў так. Сьмерць? Гэта нічога незвычайнага, бо вайна ж», — тлумачыць «Кроп».

«Гэта міт, што Лукашэнку да вайны надта любілі ва Ўкраіне»

«Кроп» кажа, што ня верыць, калі чытае пра высокі рэйтынг Лукашэнкі сярод украінцаў да вайны.

«Я і ў жыцьці, і на працы да вайны такіх украінцаў, каб падтрымлівалі Лукашэнку, мала зусім сустракаў. Ёсьць проста недасьведчаныя людзі, якія ня ведаюць, што там у Беларусі было ў 2020 годзе. Яны ведаюць толькі, што „там парадак, там усё добра“. Мае калегі і кіраўнікі, пацыенты былі абазнаныя ў нашай сытуацыі, і ніхто Лукашэнку не падтрымліваў. Астатнім даводзілася тлумачыць. Я думаю, яго падтрымлівалі ва Ўкраіне сацыяльныя нізы, якім трэба ў прынцыпе толькі паесьці ды паспаць», — лічыць беларус.

Ён кажа, што ведае ўкраінцаў, якія да 2020 году былі на баку Лукашэнкі. Але калі пабачылі, што рабілася ў Беларусі ў 2020 годзе, «прызналі, што ня мелі рацыі, памыляліся».

«Шчыра кажучы, і ва Ўкраіне хапала «ваты». Але пасьля пачатку вайны яны расплюшчылі вочы, убачылі, што такое «русский мир», — дадаў «Кроп».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG