Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пад ракетамі адзначаюць Дзень украінскай дзяржаўнасьці, якую адлічваюць ад хрышчэньня Русі


Манумэнт, прысьвечаны незалежнасьці Ўкраіны, у цэнтры Кіева. Архіўнае фота
Манумэнт, прысьвечаны незалежнасьці Ўкраіны, у цэнтры Кіева. Архіўнае фота

Першае ў гісторыі адзначэньне новага дзяржаўнага сьвята адбываецца на фоне ракетных абстрэлаў усёй тэрыторыі Ўкраіны і баёў на Данбасе ды Херсоншчыне.

Ва Ўкраіне 28 ліпеня ўпершыню адзначаецца Дзень украінскай дзяржаўнасьці. Яе цяпер адлічваюць ад дня хрышчэньня Кіеўскай Русі, а Вялікае Княства Літоўскае лічаць адным з этапаў разьвіцьця дзяржаўнасьці Ўкраіны.

Зяленскі: «Гісторыя тысячагадовай нязломнасьці»

Віншуючы ўкраінцаў са сьвятам, прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі назваў украінцаў вялікім народам, а Ўкраіну — вялікай краінай і вялікай дзяржавай, якая «існавала на гэтай зямлі даўным-даўно і якую намагаліся і зьняволіць, і зьнішчыць шмат хто і шмат разоў».

«Дзяржава, у якой пачыналася гісторыя хрысьціянства Ўсходняй Эўропы, калі 1034 гады таму яе ахрысьціў вялікі кіеўскі князь Уладзімір. Дзяржава, у якой пачалася гісторыя нязломнасьці, якой цяпер захапляюцца ўся Эўропа і ўвесь сьвет. Гэта наша дзяржава, наша краіна. Гэта Ўкраіна», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Уладзімір Зяленскі зьвяртаецца да ўкраінцаў з нагоды сьвята дзяржаўнасьці. Зьлева ўдалечыні бачны помнік сьвятому Ўладзіміру, які хрысьціў Русь. Кіеў, 28 ліпеня 2022
Уладзімір Зяленскі зьвяртаецца да ўкраінцаў з нагоды сьвята дзяржаўнасьці. Зьлева ўдалечыні бачны помнік сьвятому Ўладзіміру, які хрысьціў Русь. Кіеў, 28 ліпеня 2022

Украінскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што дзякуючы моцным гістарычным традыцыям украінцы ня ведаюць слова «рабства», таму будуць змагацца за сваю дзяржаўнасьць да апошняга ўздыху, апошняга патрона і апошняга салдата.

«Толькі ня нашага, а варожага», — удакладніў ён.

«Мы будзем жыць, каб змагацца, і змагацца, каб жыць. Мы не здадзімся, пакуль ня выкінем са свайго дому апошняга акупанта. Мы ня спынімся, пакуль ня вызвалім апошні мэтар нашай украінскай зямлі. Мы не супакоімся, пакуль ня вызвалім нашу апошнюю вёску», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.

Жанчыны ў Барадзянцы пад Кіевам. Горад быў зруйнаваны расейскімі войскамі. 21 чэрвеня 2022
Жанчыны ў Барадзянцы пад Кіевам. Горад быў зруйнаваны расейскімі войскамі. 21 чэрвеня 2022

Калі зьявілася сьвята

Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб заснаваньні гэтага сьвята летась 24 жніўня, на 30-годзьдзе незалежнасьці сучаснай Украіны.

Згодна з дакумэнтам, Дзень украінскай дзяржаўнасьці мае адзначацца штогод 28 ліпеня, у дзень хрышчэньня Кіеўскай Русі — Украіны.

Ва ўказе адзначалася, што нашчадкамі Кіеўскай Русі зьяўляюцца Галіцка-Валынскае княства (1199–1253), Украінская казацкая дзяржава (1648–1764), Украінская Народная Рэспубліка (1917–1921), Заходнеўкраінская Рэспубліка (1918–1919), Украінская дзяржава (1918), Карпацкая Ўкраіна (1938–1939) і сучасная Ўкраіна (ад 1991 году да сёньня).

Канкурэнцыя за назву Русь

Ва Ўкраіне Дзень хрышчэньня Кіеўскай Русі — Украіны адзначаюць з 2009 году і лічаць, што Русьсю называліся менавіта ўкраінскія землі. Ад Русі Ўкраіна атрымала герб-трызубец, Кіеў як сталіцу і грыўню, грашовую адзінку.

У гэты дзень у Кіеве на Ўладзімірскай горцы адбываліся набажэнствы і рэлігійныя шэсьці. Раней, каб пазьбегнуць канфліктаў, іх праводзілі ў розныя дні дзьве праваслаўныя канфэсіі — Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату і Маскоўскага. Да вайны на падзеі УПЦ Маскоўскага патрыярхату некалькі разоў прыяжджаў кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл.

У Расеі з 2010 году таксама адзначаюць Дзень хрышчэньня Русі і лічаць сваю дзяржаву пераемніцай старажытнай Русі.

Украінскія гісторыкі: ВКЛ — нашчадак Кіеўскай Русі

Сёлета гісторыкі Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці, абгрунтоўваючы ўсе этапы станаўленьня ўкраінскай дзяржаўнасьці, дадалі ў пералік суб’ектаў украінскай дзяржаўнасьці і Вялікае Княства Літоўскае. У тэксьце ўказу Ўладзіміра Зяленскага яно ня згадваецца.

У артыкуле, падрыхтаваным гісторыкамі інстытуту да Дня ўкраінскай дзяржаўнасьці, адзначаецца, што зь сярэдзіны XIV стагодзьдзя ўкраінскія землі ўвайшлі ў склад Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага.

«Вялікае Княства Літоўскае — адна з найбольшых дзяржаў тагачаснай Эўропы — стала фактычным прадаўжальнікам традыцый Русі. Эканамічна і культурна землі Русі былі значна больш разьвітыя, чым літоўскія. Эліты Русі сфармавалі аблічча літоўскай дзяржавы. Былі засвоены многія нормы права Русі, назвы пасад, саслоўяў, сыстэма кіраваньня і гэтак далей. Дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага стала руская, на якой вяліся дзелавыя паперы», — адзначаецца ў артыкуле Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці.

Асноўнай крыніцай права была «Руская праўда», а пазьней — «Літоўскія статуты», укладзеныя на яе аснове. Украінскія землі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага карысталіся шырокай аўтаноміяй.

Пашкоджаны расейскімі кулямі помнік украінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку. Барадзянка Кіеўскай вобласьці, красавік 2022
Пашкоджаны расейскімі кулямі помнік украінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку. Барадзянка Кіеўскай вобласьці, красавік 2022

Гісторыкі адзначылі, што ўкраінская дзяржаўнасьць атрымала ад ВКЛ эўрапейскую традыцыю гарадзкога самакіраваньня (Магдэбурскае права) і Перасопніцкае Эвангельле.

Кожны прэзыдэнт, калі заступае на пасаду пасьля перамогі на выбарах, складае прысягу ў парлямэнце, трымаючы адну руку на Канстытуцыі Ўкраіны, а другую — на Перасопніцкім Эвангельлі. І толькі пасьля гэтага атрымлівае пасьведчаньне прэзыдэнта і галоўныя сымбалі кіраўніка дзяржавы — булаву, пячатку і нагрудны знак.

Абарончыя збудаваньні на майдане Незалежнасьці ў Кіеве. Сакавік 2022
Абарончыя збудаваньні на майдане Незалежнасьці ў Кіеве. Сакавік 2022

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG