Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ заявіў аб запаволеньні росту сусьветнай эканомікі і змрочных пэрспэктывах яе хуткага аднаўленьня


Лягатып Міжнароднага валютнага фонду
Лягатып Міжнароднага валютнага фонду

Міжнародны валютны фонд заявіў, што сусьветная эканоміка сутыкнулася зь некалькімі шокамі, у тым ліку праз вайну ва Ўкраіне.

Як піша «Голас Амэрыкі», МВФ чакае, што глябальны эканамічны рост, які летась склаў 6,1%, сёлета складзе 3,2%, на 0,4 працэнтнага пункта менш, чым у красавіцкім прагнозе.

«За няўпэўненым аднаўленьнем у 2021 годзе надышло змрочнае разьвіцьцё падзей у 2022 годзе, у той час як рызыкі пачалі матэрыялізоўвацца, — заявілі ў МВФ. — Сусьветная вытворчасьць у другім квартале сёлета скарацілася з прычыны спаду ў Кітаі і Расеі, а спажывецкія выдаткі ў ЗША не апраўдалі чаканьняў».

Міжнароднае фінансавае агенцтва, якое базуецца ў Вашынгтоне, заявіла, што «сусьветная эканоміка, і без таго аслабленая пандэміяй, зазнала некалькі шокаў». Гэта інфляцыя, якая стала вышэйшай за чаканую ва ўсім сьвеце, але асабліва ў ЗША і буйных эўрапейскіх краінах; запаволеньне росту ў Кітаі ў сувязі з COVID-19 і локдаўнамі, а таксама нэгатыўныя наступствы расейскай вайны ва Ўкраіне.

МВФ заявіў, што цэны на спажывецкія тавары, асабліва на харчы і энэргію, растуць ва ўсім сьвеце.

Чакаецца, што сёлета рост складзе 6,6% у краінах з разьвітой эканомікай і 9,5% у краінах, якія разьвіваюцца. Абодва паказчыкі прыкладна на 0,1 працэнтнага пункта вышэйшыя, чым у папярэднім прагнозе МВФ.

У фондзе адзначылі, што вайна ва Ўкраіне «можа прывесьці да раптоўнага спыненьня» экспарту расейскага прыроднага газу ў эўрапейскія краіны, а «зьнізіць інфляцыю можа быць складаней, чым чакалася», калі працадаўцы ня змогуць знайсьці дастаткова работнікаў для задавальненьня сваіх патрэб у пэрсанале, або калі інфляцыя будзе расьці больш высокімі тэмпамі, чым чакалася.

МВФ заявіў, што «праўдападобным альтэрнатыўным сцэнарам» да ягонага і так паніжанага прагнозу будзе сусьветная эканоміка, «у якой рызыкі матэрыялізуюцца, інфляцыя расьце далей, а глябальны рост зьніжаецца» да прыкладна 2,6% у 2022 годзе і 2% у 2023 годзе.

«Паколькі рост цэнаў працягвае зьніжаць узровень жыцьця ва ўсім сьвеце, стрымліваньне інфляцыі павінна стаць першачарговай задачай для палітыкаў», — заявілі ў МВФ.

Прагноз МВФ зьявіўся ў той час, калі ў амэрыканскім цэнтральным банку, ФРС, пачалася двухдзённая нарада, па выніках якой, як чакаецца, сёньня будзе абвешчана пра павышэньне ключавой стаўкі яшчэ на 0,75 працэнтнага пункта ў спробе ўтаймаваць інфляцыю ў ЗША, найбуйнейшай эканоміцы сьвету.

Ва ўмовах, калі рост спажывецкіх цэнаў у чэрвені склаў 9,1% у гадавым вымярэньні, што стала самымі высокімі тэмпамі за апошнія чатыры дзесяцігодзьдзі, ФРС ужо павысіў ключавую стаўку з амаль нулявога ўзроўню да 1,6%. Чакаецца, што да канца года яна складзе 3,4%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG