Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даляр ЗША далей умацоўваецца на валютных рынках


Даляр ЗША і японская ена
Даляр ЗША і японская ена

На момант закрыцьця рынкаў у аўторак днём 1 эўра каштаваў 1,02 даляра, 1 брытанскі фунт — 1,20 даляра, а японская ена каштавала менш за адзін амэрыканскі цэнт.

Гэтым летам амэрыканскі даляр дэманструе незвычайную моц адносна іншых сусьветных валют, дасягаючы максымуму ў адносінах да эўра, японскай ены і іншых, і гэта адчуваюць многія як у ЗША, так і ў іншых краінах, піша Голас Амэрыкі.

Усе гэтыя валюты таргаваліся на гістарычных мінімумах у адносінах да даляра або паблізу іх.

Умацаваньне даляра, які даражэе ў дачыненьні да іншых валют зь мінулага году, але асабліва імкліва гэтым летам, мае некалькі прычын гэткага павышэньня. Гэта і рашэньне ФРС, амэрыканскага цэнтральнага банку, пачаць агрэсіўнае павышэньне працэнтных ставак дзеля барацьбы з інфляцыяй, і перавод актываў глябальнымі інвэстарамі ў ЗША, якія ўяўляюцца бясьпечным месцам ва ўмовах няпэўнасьці з прычыны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

У пачатку году працэнтная стаўка ФРС знаходзілася ў дыяпазоне 0-0,25%, але з тых часоў павышалася тры разы і цяпер складае 1,50-1,75%, прычым, імаверна, будзе павышацца і далей.

Паколькі ў разьвітых краінах працэнтныя стаўкі вельмі нізкія, у тым ліку ў Эўропе, дзе Эўрапейскі цэнтральны банк не сьпяшаецца іх падвышаць, агрэсіўнае ўзмацненьне жорсткасьці грашовай палітыкі ФРС прыводзіць да таго, што захоўваньне даляравых дэпазытаў на працэнтных рахунках у ЗША становіцца больш прывабным. Гэта павышае кошт даляра адносна іншых сусьветных валют.

Многія міжнародныя інвэстары пераводзяць актывы ў ЗША зь іншых разьвітых краін з прычынаў, не зьвязаных з працэнтнымі стаўкамі, у тым ліку з прычыны больш пазытыўных ацэнак будучага эканамічнага росту ў Злучаных Штатах. Гэта, у прыватнасьці, адбываецца ў Эўропе празь нявызначанасьць, выкліканую вайной ва Ўкраіне.

Расея, якая апынулася пад жорсткімі санкцыямі Захаду за сваю агрэсію, кантралюе значную частку прыроднага газу, які Эўропа выкарыстоўвае для забесьпячэньня энэргіяй сваіх заводаў і абаграваньня дамоў. Пры гэтым незразумела, ці будуць гэтыя пастаўкі істотна абмежаваныя ў будучыні, што можа нэгатыўна паўплываць на эканамічны рост.

Моцны даляр таксама азначае, што тавары, якія імпартуюцца з краін, чые валюты ўпалі адносна даляра, становяцца таньнейшымі. У пэрыяд, калі высокая інфляцыя вядзе да росту цэнаў, зьніжэньне кошту імпарту прыносіць пэўную палёгку амэрыканскім спажыўцам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG