Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дагэтуль вельмі сорамна перад бацькамі — я эканамічнае права прамяняла на манікюр». Гісторыі людзей, якія плацілі за беларускую адукацыю


Студэнты ў БДУ, 2019 год
Студэнты ў БДУ, 2019 год

24 ліпеня скончыўся прыём дакумэнтаў у ВНУ на бюджэтнае навучаньне. У разгар уступнай кампаніі беларускія ВНУ падымаюць цэны на платнае навучаньне прыкладна на 10%. Паразмаўлялі з выпускнікамі-платнікамі, ці не шкадуюць яны грошай, што патрацілі на іхную адукацыю бацькі.

За апошнія 10 гадоў цана навучаньня на платных аддзяленьнях вырасла амаль удвая

Усяго беларускія ВНУ сёлета плянуюць прыняць каля 53,5 тысячы абітурыентаў: прыкладна пароўну на бюджэтную і платную форму.

Пра падвышэньне коштаў паведамілі ўжо Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Менскі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт, Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт.

На самыя папулярныя спэцыяльнасьці Белдзяжунівэрсытэту — правазнаўства на юрфаку, міжнароднае права на факультэце міжнародных зносін — цана гадавога навучаньня пераваліла за 5 тысяч рублёў (5 061 руб), далей ідзе біяфак — 4 406 рублёў, матэматычныя спэцыяльнасьці — 4 062 рублі.

У БДУІР у залежнасьці ад факультэту навучаньне каштуе да 4290 рублёў за год. Самыя дарагія — факультэт кампутарных сыстэм і сетак, факультэт інфармацыйных тэхналёгій і кіраваньня, інжынэрна-эканамічны факультэт. Летась за год даводзілася плаціць 3900 рублёў.

«Для бацькоў плаціць 1,5 тысячы даляраў за год маёй вучобы было вельмі адчувальна»

Алена 10 гадоў таму скончыла Беларускі эканамічны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «гаспадарчае права».

Бацькі-інтэлігенты марылі, каб старэйшая дачка атрымала добрую вышэйшую адукацыю, якая «пракорміць». Маці Алены — настаўніца, бацька — навуковец.

Алена ў дзяцінстве займалася ў мастацкай школе. На сямейнай нарадзе было вырашана, што дзяўчына будзе паступаць у «наргас» — тады эканамічныя і юрыдычныя спэцыяльнасьці былі «ў модзе», а тут яшчэ «два ў адным» — гаспадарчае права.

У першы год пасьля школы дзяўчыне не хапіла некалькіх балаў на бюджэт. Пастанавілі, што яна будзе рыхтавацца паступаць налета. Бацька ўладкаваў на палову стаўкі ў бібліятэку ў сваім інстытуце, вольны час на падрыхтоўку ў дачкі быў. На наступны год зноў не хапіла пару балаў. Вырашылі «зацягнуць паясы» і вучыць дачку на платным аддзяленьні.

«Мне дагэтуль вельмі сорамна перад бацькамі — я эканамічнае права прамяняла на манікюр». Бо для іх плаціць каля 1,5 тысячы даляраў у год за маю вучобу было вельмі адчувальна. Бацька браўся за любую падпрацоўку, нейкія так званыя «гаспадарчыя дамовы» (за якія плацілі зусім не вялікія грошы), мама ашчаджала на ўсім для сябе, пачынаючы ад адзеньня і касмэтыкі. Я нібыта і старалася вучыцца, добра здавала сэсіі. І мне неяк нават зьнізілі на 10% аплату за вучобу (здаецца, на трэцім курсе). Але ўжо ў сярэдзіне вучобы я адчула, што гэта не маё«, — прызнаецца Алена.

Яна спрабавала пагаварыць з бацькамі, пераканаць, што ня варта марнаваць грошы, што па спэцыяльнасьці яна ўсё адно ня будзе працаваць. Адначасова пачала вучыцца рабіць манікюр, практыкавалася на сяброўках, хадзіла на курсы. Паступова засвоіла больш складаныя маніпуляцыі: нарошчваньне пазногцяў акрылам, гелем, біягелем. Потым — мастацкі росьпіс.

«Тут мне вельмі спатрэбіліся элемэнтарныя веды, што я набыла ў дзяцінстве ў мастацкай школе. „Акварэльны“ росьпіс, тонкія лініі, вэнзэлі. Потым перайшла на аб’ёмны дызайн. Пачынала з манікюру сяброўкам-студэнткам. Вучылася і практыкавалася на іх. Натуральна, грошай на якасныя лякі, гелі, інструмэнт тады не было, прасіць грошы ў бацькоў не паварочваўся язык — я бачыла, як яны стараліся зарабіць на маю асноўную вучобу».

«Мне дагэтуль шкада тых прыкладна 8 тысяч даляраў, якія бацькі заплацілі за маю вучобу»

Эканамічны ўнівэрсытэт Алена ўсё ж скончыла, дыплём на радасьць бацькам атрымала. Але ні дня не працавала па асноўнай спэцыяльнасьці. Спачатку зарабляла тым, што рабіла манікюр дома ў кліентак. Паступова зьняла маленькае памяшканьне пад салён.

«Вось для таго, каб зарэгістравацца як ІП, зьняць памяшканьне, крыху ўспомніла асновы права. Праўда, стартавы капітал давялося пазычыць у добрых сяброў, бо якасныя матэрыялы, абсталяваньне (розныя апараты, лямпы, сушылкі, фрэзы, стэрылізатары і гэтак далей) каштавалі вельмі дорага. Нажніцамі, шчыпчыкамі і місачкай цяпер не абыдзесься. Ня буду апавядаць пра цяжкасьці вядзеньня бізнэсу, падводныя камяні. Карацей, на ногі я стала гадоў праз 5, калі атрымала прыбытак».

Цяпер Алена мае ў Менску невялікі салён, дзе працуюць 3 майстры. Ёсьць нямала пастаянных кліентаў. Праца ёй падабаецца. Што да патрачаных бацькамі грошай, ёй іх шкада, бо сям’я ледзьве зводзіла канцы з канцамі.

«Я ўсё адно не разумею пакаленьне маіх бацькоў: інтэлігентам у першым пакаленьні неабходна было, каб дзеці таксама абавязкова атрымалі так званую „вышку“. Мне дагэтуль шкада тых прыкладна 8 тысяч даляраў, якія яны выдаткавалі на мяне. Лепш бы лецішча, пра якое марылі, сабе купілі. Бацька мой памёр ад анкалёгіі гады праз два пасьля таго, як я атрымала дыплём. Так што пачуцьцё віны прысутнічае пастаянна», — шчыра прызнаецца Алена.

«Цяпер „цэньнік“ для шараговай сям’і, думаю, непад’ёмны — больш за 5 тысяч рублёў за год на юрфаку»

Андрэй пасьпяхова скончыў 12 гадоў таму ліцэй БДУ. Знарок паступаў на платнае аддзяленьне юрыдычнага факультэту БДУ, каб пазьбегнуць разьмеркаваньня.

«Я не шкадую, што вучыўся на платным. У той час навучаньне ў эквіваленце каштавала каля 1300-1400 $ у год, гэта прыкладна 120 даляраў у месяц (тады яшчэ курс быў каля 8000 рублёў за 1 даляр), і гэта для нашай сям’і была цалкам пад’ёмная сума», — успамінае Андрэй.

«Платнікі» вучыліся па адной праграме разам зь бюджэтнікамі і «іншаземцамі» — туркмэнамі, якія плацілі за адукацыю ўтрая больш за беларусаў. Андрэй кажа, што тады на юрфаку былі выдатныя выкладчыкі.

«У мяне вяла грамадзянскае права Алена Ўладзімераўна Лаеўская (маці Дзьмітрыя Лаеўскага, адваката Віктара Бабарыкі) і шмат іншых высокакваліфікаваных юрыстаў, мне вельмі падабалася вучоба.

Цяпер „цэньнік“ для шараговай сям’і, я думаю, непад’ёмны — каля 5000 рублёў за курс. Да таго ж многія выдатныя выкладчыкі, якія ў мяне вялі, былі звольненыя ці самі вымушаныя былі звольніцца. Хто цяпер застаўся на юрфаку, я нават і ня ведаю», — кажа выпускнік юрфаку.

«Аб затрачаных грашах на вучобу ніхто ў сям’і не шкадуе. Цяпер я зноў аплачваю вучобу, ужо самастойна»

У дыплёме Андрэя пазначана спэцыяльнасьць: «юрыст зь веданьнем эканомікі». Малады чалавек на апошнім курсе працаваў сакратаром судовага паседжаньня ў адным з судоў сталіцы, потым у Маскве ў юрыдычнай кампаніі. На некаторы час вярнуўся ў Менск і працаваў таксама па спэцыяльнасьці — юрысконсультам у прыватнай арганізацыі. Цяпер ён зноў працуе ў Маскве.

«Працую ў прыватнай арганізацыі апэрацыйным мэнэджарам. Веды зь юрфаку часам патрэбныя, але хутчэй агульнаадукацыйныя, чым па спэцыяльнасьці.

Аб затрачаных грошах на вучобу ніхто ў сям’і не шкадуе. Цяпер я зноў аплачваю вучобу, ужо самастойна: пайшоў на курсы „мэнэджар праектаў у IT“, буду спрабаваць разьвівацца ў гэты бок, паглядзім, што з гэтага выйдзе», — кажа Андрэй.

«Грошы маіх бацькоў „адбіліся“ хутка толькі за кошт таго, што я працую ў ІТ-сфэры»

Ганна вучылася на платным аддзяленьні на мэханіка-матэматычным факультэце БДУ. Спэцыялізацыя «вэб-праграмаваньне». Але ў рэальнасьці выбрала для сябе «інтэрнэт-маркетынг» і займаецца гэтым ужо 9 гадоў.

«Не магу сказаць, што мне не спатрэбілася тая адукацыя, якую я атрымлівала на мэхмаце. Мне 28 гадоў, і я ўсё яшчэ чакаю моманту, калі мне ў жыцьці спатрэбіцца трыганамэтрыя, тэарэма Фэрма ці штосьці яшчэ.

Я на 100% не шкадую патрачаных грошай бацькоў. І яны таксама. Магчыма, з прычыны вельмі высокіх прахадных балаў, вялікага конкурсу там былі выдатныя людзі. За што я надзвычай удзячная мэхмату — менавіта за высокаінтэлектуальнае атачэньне, зь якім мяне пазнаёмілі і якое, магчыма, мяне навучыла больш за выкладчыкаў. Таму што было шмат непатрэбнага, проста „сьмецьця“ і змарнаванага часу на адседжаных пáрах», — успамінае дзяўчына.

«Працадаўцы, напэўна, разумеюць, што абы-хто мэхмат не заканчвае»

Можна, вядома, спрачацца, ці патрэбен цяпер дыплём аб вышэйшай адукацыі, працягвае разважаць Алена. Але калі яна пазначае ў рэзюмэ ці гаворыць на інтэрвію, уладкоўваючыся на новую працу, што скончыла мэхмат БДУ, гэта 50% посьпеху, перакананая яна.

«Бо працадаўцы, напэўна, разумеюць, што абы-хто мэхмат не заканчвае. Хаця папраўдзе я дагэтуль не разумею, куды ішлі грошы, якія плацілі мае бацькі за вучобу: у нас былі дзіркі ў сьценах, а шклопакеты — адна назва: рэальна на акно быў нацягнуты пакет, каб вецер ня дзьмуў. Ноўтбукі мы куплялі сабе, каб была магчымасьць займацца праграмаваньнем.

А грошы маіх бацькоў „адбіліся“ хутка толькі за кошт таго, што я працую ў ІТ-сфэры. Таму мая сям’я пра затрачаныя на маю вучобу сродкі не шкадуе. Калі б я выбрала іншую сфэру, усё было б зусім іначай», — кажа Ганна.

Цана навучаньня была тады прыкладна 1200 даляраў за год. Першыя два курсы для сям’і гэта было адчувальна, потым стала прасьцей. Тата дзяўчыны зьмяніў працу і стаў атрымліваць больш. І яна сама пачала падпрацоўваць — на сябе, на свае патрэбы ўжо зарабляла сама, бацькі плацілі толькі за навучаньне.

«Я цяпер працую ў ІТ на амэрыканскую кампанію, мы ўваходзім у дзясятак кампаній з найхутчэйшым ростам з тых, якія прадаюць свой тавар на Amazon».

Ведаў, зь якімі я прыйшла на новую працу, было недастаткова: мяне навучылі ўсяму неабходнаму ўжо ў кампаніі, да таго ж я сама аплачвала курсы, каб павысіць свой узровень.

На мой цяперашні розум, трэба было заканчваць проста курсы і ведаць замежныя мовы. Я лічу, што сёньня найлепшая адукацыя ў ІТ — лінгвістычны ўнівэрсытэт і далей добрыя курсы«, — перакананая Ганна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG