Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч зарэгістраваў у Польшчы «Вольны беларускі ўнівэрсытэт» 


Аляксандар Мілінкевіч

Заснавальнік руху «За свабоду», экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Мілінкевіч зарэгістраваў у Варшаве фонд «Вольны беларускі ўнівэрсытэт».

На пачатковым этапе адукацыя будзе бясплатнай, выкладаньне плянуецца на беларускай, ангельскай і польскай мовах.

«Хоць мы зарэгістраваныя як „Вольны беларускі ўніверсітэт“, на самой справе гэта не зусім унівэрсытэт, — патлумачыў заснавальнік „Беларускаму партызану“. — Гэта хутчэй апэратар, які дапаможа эўрапейскім унівэрсытэтам выйсьці на беларускі рынак навучаньня, а студэнты змогуць паспрабаваць атрымаць эўрапейскія веды праз інтэрнэт. І, вядома, дыплёмы павінны выдаваць ня фонд, а добры эўрапейскі унівэрсытэт».

Паводле палітыка і грамадзкага дзеяча, ад пачатку ставілася мэта зарэгістраваць унівэрсытэт на тэрыторыі Эўразьвязу. Калі спрабаваць легалізавацца ў Беларусі, спатрэбіцца ліцэнзія Міністэрства адукацыі, а гэта значыць, праграма мусіць адпавядаць дзяржаўным стандартам. А ў гэтым выпадку задача іншая — атрымаць самыя сучасныя веды эўрапейскага ўзроўню, кажа Мілінкевіч.

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

Гаворачы пра мовы навучаньня, Аляксандар Мілінкевіч удакладніў, што працоўнымі прадугледжаныя беларуская і ангельская.

«Паколькі зь беларускай мовай навучаньня ў Беларусі вялікія праблемы — магчыма, толькі філялёгія засталася па-беларуску, — мы хацелі зрабіць гэта адметнай рысай нашага ўнівэрсытэту. Актыўная моладзь цікавіцца роднай мовай, культурай, гісторыяй. Абавязкова ёсьць тыя, хто хоча вучыцца па-беларуску. Ангельская — тут усё зразумела. Паколькі нашы першыя партнэры ў асноўным польскія, польская мова таксама ня выключаная. Хачу, каб былі французская, нямецкая ды іншыя. Але ня ўсё адразу...»

На пытаньне, ці будзе адукацыя платная, спадар Мілінкевіч адначыў, што спачатку гэта будзе бясплатна, але потым давядзецца плаціць.

«Несур’ёзна спадзявацца, што донары будуць нас пастаянна фінансаваць, — сказаў ён. — Трэба выходзіць на самаакупнасьць. І калі праект удасца, калі будзе вялікая колькасьць студэнтаў, то адукацыя стане платнай. Але кошт, безумоўна, будзе меншы, чым сёньняшняе завочнае навучаньне ў Беларусі. Адукацыя, якую мы хочам даць, не заменіць цалкам дзённую форму, але стане сур’ёзным дадаткам да яе».

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, сёньня перамагае ідэя «зьмешанага навучаньня», калі чалавек акумулюе веды ў інтэрнэце, а потым праходзіць стажаваньне і падчас дыскусійных панэляў сустракаецца з прафэсарамі. Гэта адна з самых эфэктыўных сыстэм трыманьня ведаў, перакананы ён.

Ініцыятар «Вольнага беларускага ўнівэрсытэту» не ўдакладніў, ці будзе абвешчаны першы набор студэнтаў ужо сёлета. Паводле яго, так часта нешта зрывалася ў апошні момант, што лепш не сурочыць чарговым разам.

Як раней пісала Свабода, навучаньне будзе ажыцьцяўляцца паводле прынцыпу «blended learning»: сучаснае дыстанцыйнае выкладаньне плюс сэсіі і стажы ў Польшчы. Усё гэта ў значнай ступені павялічвае імавернасьць таго, што адукаваныя спэцыялісты застануцца ў Беларусі.

Партнэрамі ўнівэрсытэту зьяўляюцца Варшаўскі ўнівэрсытэт і Эўрапейскі каледж (Бруге). Апошні прапанаваў сучаснае праграмнае забесьпячэньне плятформы дыстанцыйнай адукацыі і модулі онлайн-навучаньня ангельскай і польскай мовам. Гэта асноўныя мовы навучаньня побач зь беларускай.

Сваю дзейнасьць унівэрсытэт пачне з пасьлядыплёмных адукацыйных праграмаў, пазьней магістарскіх і доктарскіх, у спэцыяльнасьцях, неабходных для эканамічнай, сацыяльнай і грамадзкай трансфармацыі Беларусі. Дыплёмы беларусам будуць выдаваць польскія партнэрскія ўнівэрсытэты, зь якімі маецца заключаць дамовы аб навучаньні студэнтаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG