Як адзначае Сьледчы камітэт Беларусі, атрыманыя зьвесткі «дапамаглі ўстанавіць лінію ўзаемадзеяньня адміністратараў са сваімі крыніцамі». Тых удзельнікаў ЧКБ, якія знаходзіліся ў Беларусі, затрымалі, ім выставілі абвінавачаньні.
«Сярод іх выяўлены работнікі дзяржорганаў, былыя праваахоўнікі і асобы, якія мелі доступ да асабістых зьвестак беларусаў», —піша прэс-служба Сьледчага камітэта.
Сярод затрыманых —31-гадовы мэнэджар сеткі мабільнага апэратара «Бест», які падазраецца ў перадачы адміністратарам ЧКБ асабістых зьвестак. Цяпер ён знаходзіцца пад вартай, яму выставілі абвінавачаньне за дапамогу ва ўзбуджэньні сацыяльнай варожасьці па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасьці, учыненых службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў і групай асоб, якія пацягнулі цяжкія наступствы (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 ст. 130). Санкцыя артыкулу прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў калёніі.
Сьпіс устаноўленых і затрыманых толькі ў рамках расьсьледаваньня адной крымінальнай справы налічвае больш за 20 чалавек. Некаторых зь фігурантаў справы ўжо асудзілі да пазбаўленьне волі тэрмінамі ад 5 да 11 гадоў.
Фігурантку справы «Чорнай кнігі Беларусі» Софʼю Сапегу затрымалі 23 траўня 2021 году разам з Раманам Пратасевічам — дзеля гэтага прымусова пасадзілі ў Менску самалёт авіякампаніі Ryanair.
6 траўня Горадзенскі абласны суд пакараў дзяўчыну 6 гадамі калёніі. Яе абвінавацілі паводле 7 крымінальных артыкулаў, а таксама прысудзілі кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 167 500 рублёў (каля 70 тысяч даляраў).
Летась у сьнежні Сапега падала Лукашэнку прашэньне аб памілаваньні. Пра гэта паведамлялі СМІ яе сваякі.
У канцы чэрвеня 2022 году Соф’я Сапега зноў зьвярнулася да Лукашэнкі з гэтай просьбай. Менавіта нявыплачаная частка названай у прысудзе сумы застаецца на гэты момант фармальнай перашкодай для памілаваньня Соф’і.