Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны Расеі прызнала свой удар па Віньніцы, у выніку якога загінулі 23 чалавекі, зь іх 3 дзіцяці


У цэнтры Віньніцы ўчора
У цэнтры Віньніцы ўчора

Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ў момант удару ракетамі «Калібар» па Доме афіцэраў у Віньніцы там «праходзіла нарада камандаваньня ўкраінскіх ВПС з прадстаўнікамі замежных пастаўшчыкоў узбраеньняў».

У выніку ўдару ўдзельнікі нарады былі забітыя, гаворыцца ў паведамленьні расейскага вайсковага ведамства.

Расейскі бок афіцыйна прызнаў ракетную атаку, якую ўкраінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі назваў «актам дзяржаўнага тэрарызму».

Нацыянальная паліцыя Ўкраіны ўдакладніла, што ўдалося ідэнтыфікаваць 19 з 23 загінулых у выніку абстрэлу цэнтру Віньніцы. Па мэдычную дапамогу зьвярнуліся 183 грамадзяніна, зь якіх 82 – шпіталізавалі. Сярод параненых 4 дзіцяці. У паліцыі таксама паведамілі, што сярод загінулых дзяцей – чатырохгадовая дзяўчынка і два хлопчыкі 7 і 8 гадоў. Адзін з хлопчыкаў у момант атакі праходзіў абсьледаваньне ў мэдычным цэнтры і загінуў разам з маці. Другі чакаў свайго дзядзьку ў прыпаркаваным аўтамабілі і згарэў. Зьніклымі бязь зьвестак лічаць 8 асобаў.

Віньніца была абстраляная 14 ліпеня. Адна з ракет трапіла ў паркоўку каля дзевяціпавярховага дому быту «Юбілейны», пашкодзіўшы кут будынка, дзе месьцяцца офісныя памяшканьні. На некаторых відэа таксама бачныя разбурэньні ў адным з крылаў Дому афіцэраў, які знаходзіцца праз дарогу ад «Юбілейнага». Мясцовыя ўлады паведамілі, што будынак будзе зьнесены.

Дом афіцэраў выкарыстоўваўся як канцэртная заля, у ёй рыхтавалася выступленьне ўкраінскай сьпявачкі Раксаланы. Украінскі бок адмаўляе, што аб’ект выкарыстоўваўся вайскоўцамі. Атака грамадзянскіх цэляў расцэньваецца міжнародным правам як ваеннае злачынства.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запатрабаваў ад сусьветнай супольнасьці прызнаць Расею дзяржавай-тэрарыстам і стварыць асобны трыбунал па расейскай агрэсіі супраць Украіны. «Хачу, каб каманда таго судна, зь якога сёньня вылецелі „Калібры“ па Віньніцы, дакладна ведала: турма — гэта найлепшае, што іх чакае», — заявіў Зяленскі ў відэазвароце.

Эўразьвяз ацаніў удары па Віньніцы як зьверства і заявіў, што ўсе адказныя панясуць пакараньне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG