Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі з выпускнікамі вайсковх ВНУ і вышэйшым афіцэрскім складам падзяліўся некаторымі падрабязнасьцямі ўчорашняй размовы з Уладзімірам Пуціным.
«У апошні час (і мы гэта падрабязна абмяркоўвалі ўчора з прэзыдэнтам Расейскай Федэрацыі) распрацоўваюцца стратэгічныя планы нападу на Расею. І галоўны кірунак ўдару (гісторыя паўтараецца) — праз Украіну і праз Беларусь», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
У сакавіку Лукашэнка ўжо казаў Пуціну:
«А я зараз вам пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад. І калі б за шэсьць гадзін да апэрацыі ня быў нанесены прэвэнтыўны ўдар па пазыцыях (4 пазыцыі, я зараз пакажу — мапу прывёз), яны б атакавалі нашы войскі — Беларусі і Расеі, якія былі на вучэньнях... Добра, што пачалі... Не зрабілі б гэтага за суткі да таго, паверце, празь некалькі дзён мы б выпілі ўсю гэтую чару зь вялізнымі стратамі. Яшчэ раз кажу: яны ня толькі па Данбасе рыхтаваліся нанесьці ўдар. Яны выбудавалі пазыцыі для нанясеньня па Беларусі ўдару».
Выступаючы перад маладымі афіцэрамі-выпускнікамі, Лукашэнка заявіў, што Захад нібыта рыхтуецца да вайны, ягоныя словы прыводзіць БелТА. Але ніякіх доказаў ён не прывёў:
«Відаць, наваяўленыя „крыжакі“ з Паўночнаатлянтычнага альянсу раптам вырашылі, што надыходзіць зручны момант для чарговага „кідка на Ўсход“».
Паводле Лукашэнкі, заходнія краіны на зямлі і ў паветры актыўна вядуць выведку, асвойваюць вайсковую лягістыку, праводзяць вучэньні, перакідаюць тэхніку і запасы зь іншых рэгіёнаў, паралельна павялічваюцца вайсковыя бюджэты.
«На жаль, такая палітыка Захаду набліжае сьвет да прорвы вялікай вайны, у якой, як вы разумееце, пераможцы ўжо ня будзе».
Удзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы.
Аляксандар Лукашэнка працягне прадастаўляць Расеі паветраную прастору, каб дэманстраваць хаця б намінальную падтрымку Пуціну. Але непасрэдны ўдзел Беларусі ў вайне малаверагодны. Да такой высновы прыйшлі экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны (ISW).
7 ліпеня намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу Ўкраіны Аляксей Громаў паведаміў аб перадачы беларускім урадам у карыстаньне Расеі аэрадрома Прыбыткі ў Гомельскай вобласьці. 11 ліпеня ў тэлеграм-канале, які адсочвае рухі расейскай тэхнікі, зьявілася паведамленьне, што расейскі самалёт сыстэмы папярэджаньня і кантролю паветранай прасторы ўпершыню з 4 красавіка заляцеў на тэрыторыю Беларусі.
Гэтыя дадзеныя, на думку экспэртаў ISW, могуць сьведчыць пра тое, што Лукашэнка па-ранейшаму спрабуе аказаць падтрымку Пуціну ва Ўкраіне, але без прамога ваеннага ўмяшаньня. Такім чынам ён можа рэагаваць на ціск, які ідзе ад Пуціна.
Раней ISW падкрэсьлівалі, што імавернасьць непасрэднага ўдзелу Беларусі ў вайне застаецца нізкай таму, што ад гэтага можа зьнізіцца стабільнасьць рэжыму Лукашэнкі ці нават паўстане пытаньне пра яго існаваньне.