Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неакупаваная Беларусь: ці мае рацыю Ігар Тышкевіч?


Расейскія танкі на станцыі Навабеліца
Расейскія танкі на станцыі Навабеліца

Каб Беларусь прызналі акупаванай краінай, тыя палітыкі, якія адстойваюць гэтую тэзу, павінны стаць суб’ектам палітыкі, павінны нешта рабіць, каб даказаць наяўнасьць іншай Беларусі — такую тэзу выказаў украінскі палітоляг беларускага паходжаньня Ігар Тышкевіч у інтэрвію журналісту Радыё Свабода Дзьмітрыю Гурневічу.

З тэзай Тышкевіча можна спрачацца, але так выглядае, што яго рацыю даказвае жыцьцё.

У сярэдзіне сакавіка, праз пару тыдняў пасьля пачатку вайны, з заявай пра тое, што Беларусь акупаваная Расеяй, і з заклікам да сусьветнай супольнасьці гэта прызнаць выступіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка. Неўзабаве яго падтрымала Сьвятлана Ціханоўская. Некаторыя іншыя беларускія палітыкі заяўлялі пра гэта раней, некаторыя — ці не з 1994 году. Але возьмем за пункт адліку сярэдзіну сакавіка, заявы Латушкі і Ціханоўскай.

Сёньня на календары пачатак ліпеня. Нельга сказаць, каб гэтыя палітыкі за гэты час ня мелі магчымасьці данесьці да сваіх замежных партнэраў сваю прапанову. Мелі шмат магчымасьцяў і даносілі, як і дзе толькі маглі, і на даволі высокім узроўні. І зь якім вынікам?

Хто прызнаў Беларусь акупаванай?

За гэтыя два з паловай месяцы ўрад ці кіраўнік нейкай дзяржавы ці МЗС якой дзяржавы (хоць адной) заявіў — так, Беларусь акупаваная Расеяй? Штаты заходніх амбасадаў у Беларусі скарочаныя да мінімуму, на чале многіх не амбасадары, а часовыя павераныя, ЗША адклікалі ўвесь пэрсанал амбасады. Але хіба хоць адна краіна разарвала дыпляматычныя адносіны, канстатуючы акупацыйны характар дзейнай беларускай адміністрацыі? Ды ніводная.

Асобныя палітыкі, парлямэнтары заходніх краін і Ўкраіны пра акупацыю Беларусі Расеяй заяўлялі. Але ў дэмакратычных краінах свабодна выказваюцца розныя думкі. Афіцыйную ж пазыцыю гэтых дзяржаваў выказваюць адпаведныя кіроўныя органы. І ніводзін зь іх пра акупацыю Беларусі амаль за тры месяцы не заявіў.

Дык тады пра што размова? У гісторыі былі выпадкі, калі факт акупацыі нейкай краіны прызнаваўся адразу, незалежна ад паводзінаў яе палітычных элітаў.

Калі ў 1938 годзе Нямеччына, атрымаўшы Судэты, заняла ўсю Чэхію, увесь сьвет адразу расцаніў гэта як акупацыю. Але калі такога аўтаматычнага прызнаньня з прычыны відавочнасьці сытуацыі не адбывалася, пазьнейшае прызнаньне было пытаньнем чыста палітычным.

У лютым-сакавіку ў Беларусі былі дысьлякаваныя, паводле ацэнак NATO, дзясяткі тысяч расейскіх вайскоўцаў, зь Беларусі яны нападалі на Ўкраіну, ракетныя і авіяўдары зь беларускай тэрыторыі тады былі частымі. Але тады міжнародная супольнасьць не прызнала, што Беларусь акупаваная Расеяй.

Цяпер колькасьць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі істотна зьменшылася. Наколькі — невядома, але зьменшылася. Двойчы ў чэрвені адбываліся ракетныя і авіяцыйныя ўдары зь беларускай тэрыторыі па Ўкраіне. Але міжнароднага прызнаньня акупацыі Беларусі няма і цяпер.

Ігар Тышкевіч мае рацыю хаця б у тым, што пытаньне прызнаньня нейкай краіны акупаванай — гэта пытаньне не юрыдычнае, а палітычнае.

Можа, недарэчныя яго меркаваньні наконт таго, што павінна была б зрабіць беларуская апазыцыя для міжнароднага прызнаньня Беларусі акупаванай. Усе неабходныя заявы былі зробленыя, заклікі выказаныя, «рэйкавыя» партызаны і полк Каліноўскага — гэта рэальнасьць.

Але такая ж рэальнасьць — і апісаная вышэй рэакцыя ўсіх без выключэньня дзяржаваў сьвету на прапанову прызнаць Беларусь акупаванай. І калі гэтага прызнаньня не адбылося, значыць, нешта для гэтага і сапраўды не было зроблена.

Прызнаньне акупацыі праз 5 гадоў

Нехта можа палічыць, што пазыцыя Тышкевіча — занадта ў стылі Realpolitik. Але гісторыя паказвае, што міжнародная палітыка, у тым ліку і ў пытаньні акупацыі, вельмі часта вытрыманая менавіта ў гэтым стылі.

У 1938 годзе Гітлер захапіў Аўстрыю і ўключыў яе ў склад Нямеччыны. У кастрычніку 1943 году падчас нарады ў Маскве міністраў замежных спраў Вялікай Брытаніі, ЗША і СССР была прынятая «Дэклярацыя аб Аўстрыі», у якой аншлюс Аўстрыі 1938 году прызнаваўся «няісным і нядзейным».

А хіба ў 1938 годзе не было відавочна, што Аўстрыя акупаваная, хіба тады юрыдычныя аргумэнты за гэта былі слабейшыя, чым у 1943 годзе? Ну, з аднаго боку як бы і не былі. А з другога — спатрэбілася вайна, каб праціўнікі Нямеччыны праз 5 гадоў гэтую акупацыю канстатавалі.

Рух антынацысцкага супраціву ў Аўстрыі быў значна слабейшы, чым, скажам, у Польшчы ці нават у Галяндыі. І пры гэтым ніякага аўстрыйскага ўраду ў выгнаньні не паўстала. І да таго ж больш за мільён аўстрыйцаў ваявалі на ўсіх франтах Другой сусьветнай у складзе вэрмахту.

Аднак гэта не перашкодзіла краінам антыгітлераўскай кааліцыі ў 1943 годзе прызнаць Аўстрыю першай ахвярай нацысцкай агрэсіі.

А чаму ўсё ж прызналі, хай і праз 5 гадоў? Таму што палічылі палітычна патрэбным.

Ну дык і з прызнаньнем Беларусі акупаванай — падобная сытуацыя. Палічаць патрэбным — прызнаюць. І ад высілкаў, ад дзеяньняў беларусаў гэта залежыць толькі часткова.

Калі б Гітлер не пачаў вайну супраць Вялікай Брытаніі, потым — супраць СССР, а потым — супраць ЗША, невядома, ці дамовіліся б гэтыя тры дзяржавы разам прызнаць Аўстрыю акупаванай, нягледзячы на ўсе просьбы аўстрыйскіх палітэмігрантаў.

Калі Расея нападзе на Захад, калі Лукашэнка пашле беларускае войска на вайну — тады імавернасьць прызнаньня Беларусі акупаванай краінай істотна ўзрасьце.

А пакуль гэтага не адбылося — так як ёсьць.

Беларусы не вінаватыя ў вайне?

І яшчэ адна слушная думка з інтэрвію Тышкевіча: што тэза пра акупаваную Беларусь — гэта своеасаблівае алібі беларусаў. А і сапраўды так.

Абсалютна відавочны рост адмоўнага стаўленьня ўкраінцаў да беларусаў. Гэта тычыцца і стаўленьня дзяржавы, і стаўленьня звычайных людзей, грамадзтва. І адно, і другое за час вайны істотна пагоршылася.

З аднаго боку, украінская рэакцыя абсалютна натуральная. Вашае племя дапамагае іншаму племені ў нападзе на нашае — гэта спараджала нянавісьць і тысячагодзьдзі таму. І легітымнасьць правадыроў племені — памагатага агрэсара — нікога тады не цікавіла.

З другога боку, ніякі ўзровень нянавісьці да агрэсара і яго памагатых не абавязковы. Італія ў 40-я трымала ў Афрыцы войска больш за 200 тысячаў салдатаў. І тое войска ваявала з англічанамі. Ці надта тады англічане ненавідзелі італьянцаў? Ды не, хутчэй лічылі ахвярамі іхнага дурнога дучэ.

Ну дык і беларусы ахвяры свайго «дучэ» — так можна палічыць. Пры тым, што італьянцы забівалі англічанаў, а беларусы ўкраінцаў не забіваюць. Але ўкраінцам вырашаць, як ім трактаваць беларусаў.

Аднак беларусам нязвыкла, нечакана, што іх нехта моцна ня любіць. Гэта расейцы, амэрыканцы, кітайцы, габрэі звыклыя да шырокага распаўсюду ў сьвеце нелюбові да іх. А беларусаў жа заўсёды любілі — і ўкраінцы, і расейцы, ды ўсе. Рахманыя, ціхія. І тут раптам.

У беларускім апытаньні Chatham House у красавіку сёлета задавалася пытаньне — «Наколькі вы згодныя з выказваньнем: „Звычайныя беларусы таксама вінаватыя ў тым, што з тэрыторыі Беларусі ўчыняюцца ваенныя дзеяньні супраць Украіны“?» Згоднымі з гэтым выказваньнем у той ці іншай ступені былі 15% апытаных, цалкам нязгодныя ці хутчэй нязгодныя — 62%. Пры гэтым сярод прыхільнікаў дзейнай улады віну беларусаў у нападах на Ўкраіну прызнаюць зусім вобмаль — толькі 4%. Сярод праціўнікаў улады гэтую віну прызнаюць 40%, не прызнаюць — 42%.

Ну дык і Ціханоўская, і Латушка — беларускія, а не ўкраінскія ці якія іншыя палітыкі. І прынамсі ў гэтым пытаньні яны арыентуюцца на меркаваньні выразнай беларускай большасьці. Калі беларусам патрэбнае алібі, яны яго ім даюць — у выглядзе ідэі акупаванай Беларусі.

Дык а як насамрэч — вінаватыя беларусы ці не? Акупаваная Беларусь ці не?

А Аўстрыя была акупаваная? І калі і чаму вырашылі, што была?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG