Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вельмі-вельмі абмежавана». У Кіеве расказалі аб дыпляматычнай камунікацыі зь Беларусьсю


Дзьмітро Кулеба
Дзьмітро Кулеба

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што адзіным каналам камунікацыі Кіева і Менску зьяўляюцца дыпляматычныя прадстаўніцтвы краін.

«У нас ёсьць пасол у Беларусі, у нас ёсьць амабасада ў Беларусі. У іх ёсьць амбасада ў Кіеве. Гэта адзіныя каналы зносін. То бок вельмі суха-афіцыйна, але калі вы думаеце, што там штодня разрываецца паштовая скрынка ад камунікацыі, то гэта ня так. Гэта вельмі-вельмі абмежаваныя кантакты», — сказаў Дзьмітро Кулеба ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню LB.ua.

Адказваючы на пытаньне журналіста аб магчымым непасрэдным удзеле Беларусі ў вайне Расеі з Украінай, міністар нагадаў, што Расея ўжо выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю.

«Калі размова пра беларускую армію, мяркую, што гэтыя рызыкі будуць павялічвацца прапарцыйна магчымым посьпехам расейскай арміі на тэрыторыі Ўкраіны. Да таго часу, пакуль беларуская армія будзе дакладна разумець, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны здольныя ім сур’ёзна „наваляць“, яны будуць усяляк адтэрміноўваць свой заход. Станам на сёньня яны гэта дакладна ўсьведамляюць», — патлумачыў Дзьмітро Кулеба.

Украіна за час расейскай вайны і абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі не накіравала адпаведнай дыпляматычнай ноты з просьбай патлумачыць сытуацыю. Скарачэньне дыпляматычнага пэрсаналу Ўкраіны ў Беларусі стала нагодай адзінага за ўвесь час вайны афіцыйнага пратэсту, з нагоды якога ў беларускае МЗС Кіеў адправіў ноту.

У заяве, зь якой Міністэрства замежных спраў Украіны выступіла 25 лютага аб агрэсіі Расеі, Беларусь згадвалася ў шэрагу пералічэньня кірункаў, зь якіх адбылася атака расейскіх войскаў. Украінскія дыпляматы заклікалі краіны Захаду ўвесьці санкцыі супраць Расеі і дапамагчы зброяй для больш эфэктыўнай барацьбы з расейскай агрэсіяй.

У некалькіх краінах Эўропы 25 лютага выклікалі беларускіх амбасадараў у нацыянальныя МЗС праз тое, што Беларусь дапамагае расейскай агрэсіі.

Дагэтуль Беларусь і Ўкраіна маюць дыпляматычныя дачыненьні, хаця беларускія дыпляматы амаль у поўным складзе на чале з амбасадарам Ігарам Сокалам выехалі з Украіны.

У Беларусі ўкраінская амбасада працягвае працаваць і дапамагаць украінскім грамадзянам, якія выехалі ў Беларусь добраахвотна альбо іх незаконна вывезьлі расейскія войскі пры адыходзе з памежных зь Беларусьсю абласьцей Украіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG