Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне дэпартуюць праз плёткі». Зь Беларусі высылаюць украінку пасьля даносу, што яе дзеці нібыта крычалі «Слава Ўкраіне!»


Яшчэ ў сакавіку дзяржаўная газэта «Маяк» зьмясьціла здымак Сьняжаны Дзячок, расказваючы пра птушкафабрыку «Рассвет». Фота sozhnews.by
Яшчэ ў сакавіку дзяржаўная газэта «Маяк» зьмясьціла здымак Сьняжаны Дзячок, расказваючы пра птушкафабрыку «Рассвет». Фота sozhnews.by

Раённая газэта «Маяк» (Гомельскі раён) выступіла з абразьлівым артыкулам у бок украінкі Сьняжаны Дзячок, якая восем гадоў жыве і працуе ў Беларусі. Цяпер яе могуць дэпартаваць. Вярнуцца жанчыне няма куды — яе дом у Чарнігаўскай вобласьці разбамбілі падчас вайны.

Што здарылася, разьбіраўся блог «Галасы».

«На такія праявы расізму і самага сапраўднага нацызму сталі скардзіцца работнікі сельгаспрадпрыемства»

Галоўная рэдактарка «Маяка» Ірына Канавалава прыйшла на сваю пасаду са «службы» ў БРСМ. У дадатак да рэдактарства, яна яшчэ ўзначальвала раённую арганізацыю «Белай Русі». Да яе на прыём узімку 2022 году прыходзіў 68-гадовы Мікалай Віцікаў, жыхар вёскі Церуха. Ён прынёс Канавалавай прапановы ў Канстытуцыю, пасьля чаго трапіў за краты за «распальваньне варожасьці» Суд пакараў Віцікава пазбаўленьнем волі на 8 месяцаў.

Новай «ахвярай» рэдактаркі стала ўкраінка Сьняжана Дзячок.

Па вэрсіі Канавалавай, у 2014 годзе «ўкраінцы, якія стаміліся ад дзяржавы татальнай карупцыі, „майдану“ па захопе ўлады і канчатковага пераводу краіны на шлях бандэраўшчыны, сталі прыяжджаць у Беларусь у пошуках камфортнага і спакойнага жыцьця».

Рэдактарка піша, што сям’я Сьняжаны (гэта яна, муж і двое дзяцей, цяпер ім 7 і 9 гадоў) атрымалі ў Беларусі працу, службовае жытло.

«„Рэакцыя“ на гасьціннасьць надышла значна пазьней і супала з пачаткам расейскай ваеннай спэцапэрацыі. Паддаўшыся масіраванаму эмацыйнаму напампоўваньню, жанчына бяз кроплі сарамлівасьці стала паводзіць сябе па-хамску, заклікаючы „страляць расейцаў, а разам зь імі і беларусаў“. Усё гэта чаргавалася са звыклымі выкрыкамі „сала Ўкраіне“», — піша Канавалава.

Пасьля, па словах рэдактаркі, «на такія праявы расізму і самага сапраўднага нацызму сталі скардзіцца работнікі сельгаспрадпрыемства і мясцовыя жыхары, якія жывуць па суседзтве».

«Гэта плёткі ідэоляга, я проста абараняла сваіх дзяцей!»

Сьняжана Дзячок расказала праекту «Галасы», што яна «проста ў шоку ад сытуацыі». Бо цяпер яна мусіць пакінуць Беларусь. Украінка, якая жыве ў вёсцы Клімаўка ў Гомельскім раёне, абскарджвае высылку ў судзе і спадзяецца на справядлівасьць. Фармальнай прычынай для высылкі зьяўляюцца адміністрацыйныя парушэньні па лініі ДАІ.

Жанчына кажа, што вяртацца ёй няма куды — маці памерла, калі Сьняжана была зусім малая. Дом у Чарнігаўскай вобласьці разбамбілі падчас нядаўніх баявых дзеяньняў.

«У гэтым артыкуле ні слова праўды! Я проста ў шоку! Якая палітыка? Я нэўтральна стаўлюся да ўсяго! У мяне асабіста няма ніякага стаўленьня да гэтага (да вайны ва Ўкраіне. — блог „Галасы“). Я нідзе нічога не гаварыла, не крычала», — тлумачыць украінка.

Жанчына падкрэсьлівае, што ёй крыўдна. Яе могуць дэпартаваць, як яна кажа, праз плёткі.

«Ніякіх доказаў няма, адны плёткі на мяне. Было так, што наша начальніца па ідэалёгіі (я працую апэратарам машыннага даеньня на птушкафабрыцы „Рассвет“) абразіла маіх дзяцей. Я пачала іх абараняць, пачалася сварка, на словах, — вось і вынік. Я думаю, што кожная маці пайшла б абараняць сваіх дзяцей. Нібыта яны былі ў бабулі, у суседняй вёсцы, і крычалі там „Слава Ўкраіне“, але гэта няпраўда, такога ня можа быць! Там у вёсцы ўсіх можна апытаць — ніхто гэтага не пацьвердзіць», — кажа Сьняжана.

Цяпер яна рыхтуецца абараняцца ў судзе. Плянуе пісаць заявы таксама на ідэоляга і на рэдактарку раённай газэты.

«Я ўсё раблю паводле закону», — кажа ўкраінка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG