Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тымаці Снайдэр: Пуцін можа ўчыніць галадамор ва ўсім сьвеце


Плякат на браме кансуляту Расеі ў Львове, 25 лістапада 2017 году
Плякат на браме кансуляту Расеі ў Львове, 25 лістапада 2017 году

Амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр параўнаў пуцінскую блякаду паставак збожжа з Украіны са сталінскім тэрорам, назваў вайну РФ ва Ўкраіне каляніяльнай і параіў, як супрацьстаяць расейскай прапагандзе.

Выступ Тымаці Снайдэра на Global Media Forum у Боне пераказвае DW.

«Голад ва Ўкраіне ў 1932–1933 гадах адыграў вырашальнае значэньне для фармаваньня таго сьвету, у якім мы жывём», — так пачаў свой выступ экспэрт ва Ўсходняй Эўропе, аўтар кніг пра фашызм і таталітарызм гісторык Тымаці Снайдэр.

Тымаці Снайдэр
Тымаці Снайдэр

На думку Снайдэра, калі б прычыны Галадамору, на высьвятленьне якіх у сьвеце спатрэбілася амаль стагодзьдзе, былі вывучаныя раней, магчыма, удалося б пазьбегнуць некаторых наступных трагедый, напрыклад, «культурнай рэвалюцыі».

У сваім выступе на Global Media Forum у Боне амэрыканскі гісторык заклікаў сусьветныя СМІ больш актыўна расказваць пра вайну ва Ўкраіне на фоне пагрозы катастрофы глябальнага голаду, які можа ўспыхнуць у наступныя месяцы як наступства расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

«Сталін „натхніў“ Гітлера на захоп Украіны»

Галадамор ва Ўкраіне ў 1932–1933 гадах, які забраў жыцьці 4 мільёнаў чалавек, стаў «вынікам палітычнага выбару», зробленага Ёсіфам Сталіным, кажа гісторык:

«Савецкі Саюз існаваў ужо больш за 10 гадоў. Ёсіф Сталін быў тым чалавекам, які прымаў рашэньні. Ён праводзіў палітыку, якую сам называў свайго роду самакалянізацыяй ці ўнутранай калянізацыяй. Ідэя палягала ў тым, што частка Савецкага Саюзу будзе эксплюатаваць другую частку Савецкага Саюзу. Такім чынам, Сталін праводзіў гэтую трансфармацыю СССР, падчас якой дзяржава ўзяла пад кантроль сельскую гаспадарку. Гэтая палітыка правалілася. Людзі галадалі, і Сталін прыняў адмысловае палітычнае рашэньне абвінаваціць у гэтым украінцаў».

Снайдэр называе тры прычыны, зь якіх у сьвеце не адразу зразумелі, чым быў выкліканы голад ва Ўкраіне. Першая — гэта памылковы наратыў, які існаваў у той час на Захадзе: «Дамінуючым была думка, што Сталін рацыянальны і ягоны плян мае сэнс. Людзям было цяжка зразумець, што адбыўся паварот да тыраніі, да прапаганды, да ідэалёгіі».

Другой праблемай, паводле Снайдэра, была адсутнасьць журналістаў, якія маглі б асьвятляць гэтую трагедыю:

«У пачатку 1930-х гадоў было вельмі цяжка асьвятляць падзеі ў Савецкім Саюзе і, акрамя таго, у 1932 і 1933 гадах рэпартэрам было забаронена наведваць савецкую Ўкраіну».

Нарэшце, трэцяя прычына, паводле Снайдэра, — гэта савецкая прапаганда, якая называла ахвяраў гэтай трагедыі яе вінаватымі, а замежных журналістаў і грамадзкіх дзеячаў, якія спрабавалі прыцягнуць увагу да голаду ва Ўкраіне, — нацыстамі.

«Гэта зрабіла астуджальны эфэкт, які не дазволіў людзям удзяляць занадта шмат увагі гэтай гісторыі», — тлумачыць гісторык.

Галадамор ва Ўкраіне 1932–1933 гадоў быў «каляніяльным голадам», кажа Снайдэр:

«Гэта была спроба цэнтру захапіць пэрыфэрыю. Гэтая катастрофа стала крыніцай натхненьня для Гітлера. Адной з асноўных прычын, зь якой Гітлер пачаў вайну, было жаданьне заваяваць Украіну і ўсталяваць кантроль над яе ўрадлівымі землямі. Прычына, па якой ён адважыўся на гэта, заключалася ў тым, што падобнае ўжо зрабіў Сталін».

«Блякада Ўкраіны расейскімі войскамі выкліча глябальны голад»

Падобная гісторыя, паводле Тымаці Снайдэра, разгортваецца і цяпер, у 2022 годзе.

«Расея ўварвалася ва Ўкраіну. Расея вядзе ва Ўкраіне вайну на зьнішчэньне. Гэта азначае ўцёкі і перасяленьне мільёнаў украінцаў. Гэта азначае разбурэньне ўкраінскіх гарадоў. Гэта азначае пакараньне сьмерцю грамадзянскіх лідэраў ва Ўкраіне. Але гэта таксама азначае спробу зьнішчыць украінскую эканоміку. А эканоміка Ўкраіны цяпер, як і раней, заснаваная на сельскай гаспадарцы і экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі. Таму частка намаганьняў у зьнішчэньні Ўкраіны ўключае ў сябе блякаду ўкраінскага гандлю. Яна ўключае ў сябе зьнішчэньне і крадзеж ўкраінскіх сельскагаспадарчых культур і блякаду ўкраінскіх партоў расейскім флётам, які перашкаджае экспарту ўкраінскіх прадуктаў харчаваньня», — тлумачыць гісторык.

Усё гэта, на думку Снайдэра, прывядзе да росту цэнаў на сельскагаспадарчую прадукцыю і да пагаршэньня сусьветнага харчовага крызісу, першымі ахвярамі якога стануць самыя ўразьлівыя пласты насельніцтва, напрыклад у краінах Афрыканскага Рога і ў Паўночнай Афрыкі, якія залежаць ад украінскага збожжа.

«Як у выпадку са Сталіным, так і ў выпадку з Пуціным, гэта палітычнае рашэньне, наступствы якога цалкам прадказальныя. Калі Ўкраіна будзе ў блякадзе, то сьвет будзе галадаць. Гэта было загадзя вядома», — падкрэсьлівае Снайдэр.

«Перастаць лічыць Расею рацыянальнай дзяржавай»

Снайдэр заклікае зрабіць з гістарычных урокаў тры высновы, якія дапамогуць зразумець і асьвятляць вайну ва Ўкраіне.

Першая заключаецца ў тым, што неабходна перастаць лічыць расейскую дзяржаву рацыянальнай:

«Мы хацелі думаць, што Пуцін — гэта свайго роду тэхнакрат, таму многім было цяжка выказаць здагадку, што ён сапраўды можа ўварвацца ва Ўкраіну. З гэтых жа прычын некаторым з нас цяжка ўявіць, што можа існаваць больш глыбокая, больш змрочная вэрсія гэтай вайны. Вэрсія, у якой здарыцца голад».

Другая выснова — гэта неабходнасьць фізычнай прысутнасьці журналістаў на месцы падзей, у тым ліку журналістаў з Афрыкі, для краін якіх «гісторыя, якая разгортваецца на нашых вачах, мае самае прамое дачыненьне».

Трэцяя выснова — гэта супрацьстаяньне прапагандзе, якая спрабуе зрабіць з ахвяры вінаватага.

«Прычына голаду вельмі простая — гэта расейскія караблі ў Чорным моры. Але расейская прапаганда ўжо абвінавачвае ўкраінцаў — зноў выкарыстоўваючы слова „нацысты“. Як і ў мінулым, яе мэта — адштурхнуць журналістаў, ня даць ім праўдзіва напісаць пра тое, што адбываецца».

«Расея вядзе ва Ўкраіне каляніяльную вайну»

Аргумэнты, зь якімі Расея ўварвалася ва Ўкраіну, Снайдэр называе каляніяльнымі — менавіта іх прыводзілі на працягу 500 гадоў эўрапейцы, якія спрабавалі заваяваць астатні сьвет:

«Яны казалі, што гэтыя людзі не зьяўляюцца нацыяй або гэтая палітычная арганізацыя не зьяўляецца дзяржавай. Невыпадкова той жа набор аргумэнтаў выставіла Расея адносна Ўкраіны. У гэтым сэнсе расейская вайна ва Ўкраіне зьяўляецца працягам спэцыфічнай эўрапейскай традыцыі каляніяльных войнаў».

Але гісторык зьвяртае ўвагу на яшчэ адзін каляніяльны аспэкт:

«Расейская блякада ўкраінскіх партоў і немагчымасьць экспарту ўкраінскіх прадуктаў сьведчыць пра тое, што людзі ў Афрыцы і Азіі таксама ня маюць значэньня для Расеі: яны галадаюць, каб сьвет мог абвінаваціць у гэтым украінцаў».

Снайдэр кажа, што ў гісторыі каляніялізму важная ідэя аб’ектывізацыі: чалавек разглядаецца ня як асоба, а як сродак дасягненьня мэты. Цяпер, паводле яго слоў, сьвет стаў сьведкам двайной аб’ектывізацыі: ня толькі ўкраінцы не разглядаюцца як народ, але і жыхары Афрыкі і Азіі, якія стануць ахвярамі голаду, таксама не разглядаюцца як людзі — яны толькі аб’екты ў прапагандысцкай кампаніі.

Каб супрацьстаяць расейскай прапагандзе, журналісты, на думку Снайдэра, павінны даць права голасу жыхарам Украіны, Азіі і Афрыкі і «ўбачыць усе часткі гэтай гісторыі ў сукупнасьці». «Гэта ня проста пытаньне вялікіх дзяржаў. Гэта ня проста пытаньне Расеі. Гэта пытаньне ўсяго сьвету».

Хтосьці можа не паверыць, што з прычыны вайны ва Ўкраіне можа здарыцца сусьветны голад, кажа гісторык. Але калі ведаць гісторыю Ўкраіны, гэтая небясьпека ўжо ня будзе здавацца такой ілюзорнай:

«Тысячы гадоў Украіна карміла велізарную частку сьвету. Украіна карміла антычныя Афіны. У эпоху адкрыцьцяў эўрапейскія каляніяльныя дзяржавы імпартавалі збожжа з Украіны, што стала прычынай узьнікненьня там прыгоннага права. І калі ведаць, што і Гітлер, і Сталін разглядалі Ўкраіну як каляніяльную тэрыторыю, якая дазволіць ім зьмяніць сьвет, тады імавернасьць вялікага голаду ўявіцца больш відавочнай», — кажа Тымаці Снайдэр.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG