Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танкеры з Расеі возяць нафту ў Эўразьвяз і ЗША пад сьцягам Лібэрыі і атрымліваюць сэртыфікаты ў Індыі. Расьсьледаваньне


Нафтавы танкер «Совкомфлота»
Нафтавы танкер «Совкомфлота»

Нафтавыя танкеры расейскай кампаніі «Совкомфлот» працягваюць хадзіць у парты Эўропы, нягледзячы на заходнія санкцыі.

Для абыходу абмежаваньняў «Совкомфлот» (назва расшыфроўваецца як «Современный коммерческий флот») разьмясьціў даччыныя кампаніі на Кіпры і ў ААЭ, яго танкеры плаваюць пад сьцягам Лібэрыі, а іх бясьпека сэртыфікуецца ў Індыі.

Пра гэта расказваюць Цэнтар дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) і агенцтва Reuters.

У траўні 2022 году OCCRP выявіў больш за 18 танкераў «Совкомфлота», якія працягвалі рабіць рэйсы, нягледзячы на санкцыі, уведзеныя супраць кампаніі з прычыны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. У сярэднім кожны зь іх перавозіць нафту на 240 мільёнаў даляраў. Расьсьледавальнікам удалося адсачыць шэсьць танкераў «Совкомфлота», якія накіроўваліся ў ЗША, Італію, Данію і Нідэрлянды або стаялі ў партах гэтых краін.

Расьсьледавальнікі высьветлілі, што «Совкомфлот» абыходзіць санкцыі, ажыцьцяўляючы апэрацыі праз даччыныя кампаніі на Кіпры і ў ААЭ і плаваючы пад сьцягам Лібэрыі, якая зьяўляецца падатковай гаваньню. Такім чынам, на думку спэцыяліста па міжнароднай палітыцы і фінансах Рыкарда Саарэса, «Совкомфлот» працягвае зарабляць замежную валюту, «у якой адчайна мае патрэбу Расея».

Прэс-служба Эўразьвязу не патлумачыла, чаму пасьля ўвядзеньня санкцый танкеры «Совкомфлота» па-ранейшаму могуць заходзіць у эўрапейскія парты. «Совкомфлот» не адказаў на просьбу аб камэнтары.

Паводле інфармацыі Reuters, пасьля ўвядзеньня санкцый заходнія кампаніі адмовіліся сэртыфікаваць бясьпеку нафтавых танкераў «Совкомфлота». Цяпер судны, якія знаходзяцца пад кіраваньнем дубайскай даччынай кампаніі «Совкомфлота», пацьвярджаюць сваю бясьпеку ў Індыі.

Паводле дадзеных індыйскай сэртыфікацыйнай кампаніі IRClass, яна пацьвердзіла бясьпеку больш як 80 суднаў «Совкомфлота». У красавіку і траўні 2022 году большая частка яго танкераў была пераведзена пад IRClass.

Сэртыфікацыя пацьвярджае, што судны бясьпечныя і мараходныя, яна неабходная для страхаваньня і доступу ў парты.

  • Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ЗША і краіны Эўразьвязу ўвялі санкцыі супраць «Совкомфлота» — найбуйнейшай суднаходнай кампаніі Расеі. На поўную сілу яны запрацавалі ў канцы сакавіка ў ЗША і ў сярэдзіне траўня ў Эўразьвязе.
  • На пачатку чэрвеня Эўразьвяз прыняў шосты пакет санкцый у адказ на расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. Гэты пакет прадугледжвае забарону на ўвоз нафты з Расеі марскім шляхам.
  • Кітай і Індыя ў разы павялічылі закупкі расейскіх энэрганосьбітаў пасьля рашэньня ЗША і Эўразьвязу аб увядзеньні эмбарга на расейскія нафту і вугаль. Як сьцьвярджаюць трэйдэры, Расія прадае выкапнёвае паліва азіяцкім краінам са зьніжкай да 30%.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG