Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 чэрвеня: на «хатнюю хімію» асудзілі жанчыну, якая заблякавала рух міліцыянтам дзіцячым вазком


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі штодня выносяць прысуды ў крымінальных справах за пратэсты. Рэальныя тэрміны атрымліваюць нават падлеткі, шматдзетныя маці і пэнсіянэры.

2 гады «хатняй хіміі» за дзіцячы вазок

Суд Рэчыцкага раёну 13 чэрвеня вынес прысуд мясцовай жыхарцы Ганьне Васільевай, якую абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу), піша «Гомельская Вясна».

Справу разглядаў судзьдзя Станіслаў Іванюценка.

Па матэрыялах абвінавачаньня, Васільева «з мэтай публічнага выказваньня незаконнымі спосабамі сваіх грамадзка-палітычных поглядаў і пратэсту супраць ходу і вынікаў выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 9 жніўня 2020 году сумесна і ўзгоднена зь іншымі асобамі ў працэсе несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ўзяла актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, груба парушаючы грамадзкі парадак, выйшаўшы на дарогу ў Рэчыцы, далучылася да іншых асоб, і актыўна перашкаджала руху службовага аўтамабіля АУС Рэчыцкага райвыканкаму, выкарыстоўваючы дзіцячы вазок, змушаючы яго спыніць рух і ў далейшым зьмяніць маршрут руху, пры гэтым аказваючы відавочнае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікам АУС аб спыненьні грубага парушэньня грамадзкага парадку».

Васільеву прызналі вінаватай і на падставе ч. 1 арт. 342 КК прызначылі пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія») на тэрмін 2 гады.

Палітвязьня Паўла Пяскова асудзілі да яшчэ аднаго году зьняволеньня

У судзе Бабруйску і Бабруйскага раёну ад 14 чэрвеня ішоў разгляд крымінальнай справы супраць палітзьняволенага маладэчанца Паўла Пяскова, асуджанага паводле абвінавачаньне ў бойцы з амапаўцамі да трох гадоў і трох месяцаў калёніі. Як піша праваабаронцы цэнтар «Вясна», гэта быў першы палітычна матываваны прысуд за падзеі 2020 году.

Тэрмін палітвязьня адправілі адбываць у бабруйскую калёнію № 2, дзе супраць яго распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 411 крымінальнага кодэксу — «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». Раней праваабаронцам стала вядома пра ціск адміністрацыі калёніі на Пяскова — яго рэгулярна зьмяшчалі ў ШЫЗА. Крымінальную справу разглядаў судзьдзя Павел Карцінін.

Праваабаронцам стала вядома, што ў выніку Пяскову прысудзілі яшчэ адзін год зьняволеньня.

Затрымалі выкладчыка інстытута бізнэсу БДУ і лябарантку біяфаку

Сілавікі затрымалі старэйшага выкладчыка інстытута бізнэсу БДУ Максіма Мароза. На апублікаваным у праўладным телеграм-канале відэа Мароз кажа, што яго затрымалі «падчас расьсьледаваньня спраў па экстрэмізьме», а таксама, што «баіцца страціць сваю працу».

Акрамя відэа, да паведамленьня аб затрыманьні прымацавалі скрыншоты паведамленьняў Максіма Мароза. У іх выкладчык піша: «Мы пераможам, ці нам адпомсьцяць. Па законе ці проста так. Трэба ісьці да канца», піша «Вясна».

Таксама на адным з праўладных тэлеграм-каналаў зьявілася «пакаяльнае відэа» зь лябаранткай біялягічнага факультэта БДУ Аленай Андрэеўнай. У ім яна «прызнаецца», што адміністравала дваровы чат. Паводле сьцьвярджэньня каналу, яе хочуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці, піша «Вясна». Пра інфармацыі сілавікоў, затрыманая была падпісаная на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і стварыла свой чат пад назвай «Цягнічок з Варанянскага».

Актывістку Ганну Скачак, якую чатыры дні ўтрымлівалі ў ІЧУ, асудзілі двойчы запар

Партыйная актывістка, кіраўнічка Менскай абласной рабочай групы «Жанчыны БСДП» Ганна Скачак была затрыманая 17 чэрвеня ў Барысаве. 20 чэрвеня над ёй адбыўся першы суд па артыкуле 19.11 КаАП за рэпост у «Вконтакте». Ёй прызначылі штраф у памеры 30 базавых велічыняў (960 рублёў), але на волю ня выпусьцілі. 21 чэрвеня яе зноў аштрафавалі на 960 рублёў, але гэтым разам за рэпост у Фэйсбуку, паведамляе БСДП «Грамада».

З ізалятару Ганну адпусьцілі толькі 21 чэрвеня — пасьля чатырох дзён за кратамі.

Удзельніку акцый пратэсту ў 2020 годзе прысудзілі тры гады калёніі строгага рэжыму

Суд Жлобінскага раёна вынес прысуд па крымінальнай справе Віталія Багамазава, якога абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Справу разглядаў судзьдзя Мікалай Сергеевіч, паведамляе «Вясна».

Па матэрыялах абвінавачаньня, Багамазаў, у пэрыяд часу прыкладна з 20 гадзін 00 хвілін 9 жніўня 2020 году да 1 гадзіны 30 хвілін 10 жніўня 2020 году, «дзейнічаючы ўзгоднена, сумесна зь іншымі асобамі, прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаных зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, а таксама спалучаных з наўмыснай перашкодай руху грамадзкага транспарту і нармальнаму функцыянаваньню прадпрыемстваў і арганізацый».

За паклёп на Лукашэнку — год калёніі

21 чэрвеня ў судзе Чыгуначнага раёна Гомля вынесьлі прысуд мясцоваму жыхару Канстанціну Дудараву. Судзьдзя Сяргей Мальцаў прызнаў яго вінаватым паводле арт. 367 Крымінальнага кодэкса («Паклёп у адносінах да Лукашэнкі») і агучыў вырак: год пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

У даход дзяржавы будзе канфіскаваны мабільны тэлефон абвінавачанага — ён прызнаны «сродкам зьдзяйсьненьня злачынства».

Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасьці невядомыя.

Вынесьлі прысуд палітвязьню Аляксандру Пятрашку

Аляксандра Пятрашку асудзілі на паўтара года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Вядома, што Аляксандар прызнаў віну. Судзьдзя Горадзенскага абласнога суда Васіль Скок прызнаў яго вінаватым паводле арт. 130 (Распальваньне варожасьці) і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэкса. Мужчыну судзілі за камэнтар, піша «Вясна».

Аляксандра затрымалі ў верасьні 2021 году ў Горадні па крымінальнай справе, распачатай за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і IT-спэцыяліста Андрэя Зельцэра. У чэрвені гэтага году КДБ унёс яго ў сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».

За абразу прадстаўнікоў улады затрымалі машыніста Беларускай чыгункі і 36-гадовую жыхарку Менску

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне Кацярыны Балабановіч. Як сьцьвярджаюць сілавікі, жанчына была падпісана на «экстрэмісцкія» каналы, дзе ў камэнтарах нібыта абражала прадстаўнікоў улады. На яе завялі крымінальную справу паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўнікоў улады).

Таксама праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне 37-гадовага жыхара Менску Сяргея Латушкіна. У «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси» ў камэнтарах абражаў супрацоўнікаў міліцыі. На мужчыну завялі крымінальную справу паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўнікоў улады).

У Лідзе затрымалі байкера Івана Кашко

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 35-гадоваму Івану інкрымінуюць распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і нацысцкай сымболікі, абразы Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, зьдзек зь дзяржаўнага сьцяга, заклікі да прымяненьня гвалту ў дачыненьні да міліцыянтаў, распальваньне сацыяльнай варожасьці і варажнечы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG