Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША сочаць за лёсам вэтэранаў сваёй арміі, якія, імаверна, трапілі ў расейскі палон ва Ўкраіне


Баявыя дзеньні на Данбасе
Баявыя дзеньні на Данбасе

Прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс «зь меркаванняў канфідэнцыйнасьці» адмовіўся ад прадметных камэнтароў наконт двух амэрыканскіх грамадзян — Аляксандра Друка і Эндзі Х’юна, якія, магчыма трапілі, ва Ўкраіне ў палон.

«Мы ўважліва сочым за сытуацыяй і знаходзімся ў кантакце з украінскімі ўладамі. Зь меркаваньняў канфідэнцыйнасьці ў нас пакуль няма далейшых камэнтароў», — цытуе Прайса тэлеканал CNN.

Раней зьявілася інфармацыя пра тое, што ў палон да расейскіх вайскоўцаў трапілі два грамадзяніны ЗША, якія бралі ўдзел у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне на баку ўкраінскіх войскаў. Аб гэтым са спасылкай на свае крыніцы паведаміла брытанскае выданьне The Telegraph.

Выданьне назвала імёны палонных: гэта 39-гадовы Аляксандар Друк і 27-гадовы Эндзі Хʼюн. Паводле The Telegraph, яны служылі добраахвотнікамі ў адным з падразьдзяленьняў войска Ўкраіны. У палон яны нібыта трапілі на мінулым тыдні падчас бою пад Харкавам — аб гэтым выданьню расказалі калегі амэрыканскіх грамадзян.

Цяпер сваякі зьніклых амэрыканскіх вайскоўцаў спрабуюць атрымаць інфармацыю пра іх лёс. Яны зьвязаліся з офісамі сэнатараў і кангрэсмэнаў ад Алабамы, спрабуючы знайсьці інфармацыю аб месцазнаходжаньні мужчын, паведамілі журналісты.

Дзярждэпартамэнт заявіў, што вывучае паведамленьні аб тым, што расейскія або сэпаратысцкія сілы ва Ўкраіне, якія падтрымліваюцца Расеяй, захапілі як мінімум двух амэрыканскіх грамадзян. Калі гэта пацьвердзіцца, яны стануць першымі амэрыканцамі, якія змагаліся за Ўкраіну і былі захопленыя з пачатку вайны.

Тыдзень таму ўлады так званай «ДНР» прысудзілі сьмяротнае пакараньне тром замежным грамадзянам, якія ваявалі на тэрыторыі Данбасу на баку ўкраінскі войскаў і здаліся ў палон: грамадзяніну Марока Саадуну Брагіму і грамадзянам Вялікай Брытаніі Шону Пінэру і Эйдэну Асьліну.

Усе трое служылі ва УСУ па кантракце задоўга да пачатку ўзброенага ўварваньня ва Ўкраіну расейскіх войскаў. У Брагіма Саадуна, па словах ягонага бацькі, было ўкраінскае грамадзянства. Тым ня менш фальшывы суд у «ДНР», які доўжыўся два дні, прызнаў іх вінаватымі ў наёмніцтве і спробе ўзброенага захопу ўлады. Асуджаныя, паводле судовай пастановы, павінныя быць расстраляныя. Яны маюць месяц для падачы скаргаў.

Шэраг эўрапейскіх краін, у тым ліку Вялікая Брытанія, выказалі пратэст у сувязі з прысудам, запатрабаваўшы яго адмены. Кіраўнікі «ДНР» і расейскія афіцыйныя асобы, уключаючы прадстаўніка МЗС Расеі Марыю Захараву, заявілі, што ня бачаць прычын ні для перагляду выраку, ні для наданьня асуджаным статусу ваеннапалонных, а такім чынам — умоў для іх магчымага абмену.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG