Кіраўнік Пэнтагону Лойд Остын і міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў, 15 чэрвеня, 2022
Пра гэта заявіў кіраўнік Пэнтагону Лойд Остын пасьля сустрэчы ў фармаце «Рамштайн-3» у Бруселі, падчас якой міністры абароны каля 50 краін абмеркавалі ваенную дапамогу Ўкраіне, паведамляе «Європейська правда».
«Я хацеў бы падзякаваць Славакіі, якая аб’явіла пра істотнае ахвяраваньне верталётаў сэрыі „Мі“ і вельмі неабходных ракетных боепрыпасаў», — сказаў Остын.
«Мы таксама абмеркавалі важныя новыя ахвяраваньні артылерыі з многіх краін, уключаючы Канаду, Польшчу і Нідэрлянды. Гэта ключавыя інвэстыцыі і магчымасьці Ўкраіны для вядзеньня агню на вялікай адлегласьці, і яны будуць вырашальнымі для намаганьняў Украіны адбіць наступленьне Расеі на Данбасе», — адзначыў Остын.
Таксама кіраўнік Пэнтагону пацьвердзіў, што Нямеччына вырашыла перадаць Украіне тры рэактыўныя сыстэмы залпавага агню з кіраванымі боепрыпасамі.
15 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн на фоне пасяджэньня Кантактнай групы па пытаньнях абароны Украіны «Рамштайн-3» абʼявіў пра дадатковую вайсковую дапамогу Ўкраіне ў памеры $ 1 млрд.
У новым пакеце бясьпекі ад ЗША — боепрыпасы для рэактыўных сыстэм залпавага агню і супрацькарабельныя ракеты Harpoon.
У сваю чаргу міністар абароны Украіны Аляксей Рэзьнікаў спадзяецца, што па выніках сустрэчы «Рамштайн-3» 15 чэрвеня ўдасца дасягнуць значных практычных вынікаў у нарошчваньні паставак зброі для патрэб УСУ — перш за ўсё цяжкага ўзбраеньня.