Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ІТ, на вайне, у турме. Дзе цяпер маладафронтаўцы розных пакаленьняў


Зьміцер Дашкевіч падчас зьезду «Маладога фронту» ў 2015 годзе
Зьміцер Дашкевіч падчас зьезду «Маладога фронту» ў 2015 годзе

«Малады фронт» быў адной з найбуйнейшых моладзевых дэмакратычных арганізацый. Ён паўстаў у 1997 годзе, і за гэты час праз шэрагі «МФ» прайшлі тысячы чалавек. І па сёньня ў навінах нярэдка ўзьнікаюць прозьвішчы былых і цяперашніх маладафронтаўцаў.

Свабода пацікавілася ў некаторых зь іх, дзе яны цяпер і чым займаюцца.

Турма

Праз крымінальныя суды ў Беларусі прайшло некалькі дзясяткаў маладафронтаўцаў. Наймацнейшая хваля ціску прыпала на апошнія два гады.

Заснавальнік і першы кіраўнік «МФ» Павал Севярынец у зьняволеньні ад 7 чэрвеня 2020 году. Яго затрымалі яшчэ да пачатку маштабных пратэстаў. Тым ня менш судзілі Севярынца якраз за арганізацыю масавых беспарадкаў. Прысуд — 7 гадоў калёніі. Павал адбывае пакараньне ў Шклове. Ён застаецца кіраўніком аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. За час зьняволеньня ад наступстваў каранавірусу памёр бацька палітыка Канстанцін Севярынец. Дома Паўла чакаюць жонка Вольга і сын Францішак.

Павал Севярынец у судзе ў Магілёве, 25 траўня 2021
Павал Севярынец у судзе ў Магілёве, 25 траўня 2021

Наступнік Севярынца на пасадзе кіраўніка «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч таксама ў зьняволеньні. Яго затрымаў ГУБАЗіК у сакавіку 2022 году. Да гэтага Зьмітра некалькі разоў выклікалі на допыты ў Сьледчы камітэт. Апошнія гады Дашкевіч адышоў ад палітычнай дзейнасьці, а ў рамках грамадзкай займаўся абаронай урочышча Курапаты. На жыцьцё Зьміцер зарабляў вырабам мэблі. Жонка Дашкевіча Наста Палажанка, якая таксама прайшла праз «Малады фронт», 15 ліпеня нарадзіла чацьвёртае дзіця.

Зьміцер Дашкевіч падчас пратэсту супраць будаўніцтва ў Курапатах, 25 лютага 2017
Зьміцер Дашкевіч падчас пратэсту супраць будаўніцтва ў Курапатах, 25 лютага 2017
Наста і Зьміцер Дашкевічы з сынам Давідам на ствяткаваньні ўгодкаў Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі на Вушаччыне, 2017
Наста і Зьміцер Дашкевічы з сынам Давідам на ствяткаваньні ўгодкаў Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі на Вушаччыне, 2017

Амаль год у СІЗА адзін з кіраўнікоў праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч, які прайшоў праз «Малады фронт» у 1990-я. Менавіта ў «МФ» Валянцін сустрэў сваю жонку Аліну. Стэфановіч быў затрыманы разам са сваімі калегамі Алесем Бяляцкім і Ўладзем Лабковічам. Дата пачатку працэсу над праваабаронцамі пакуль не называлася.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

На два гады калёніі асудзілі былую маладафронтаўку зь Берасьця Паліну Шарэнду-Панасюк. Яе абвінавацілі ў гвалце над супрацоўнікам міліцыі, а таксама ў абразе Лукашэнкі. Ужо ў калёніі на яе завялі яшчэ адну крымінальную справу — за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі. Цяпер Паліне можа пагражаць яшчэ два гады зьняволеньня. Муж Паліны Андрэй Шарэнда, на якога таксама завялі крымінальную справу, разам зь дзецьмі пераехаў у Літву.

Паліна Шарэнда-Панасюк
Паліна Шарэнда-Панасюк

Вайна

У складзе палку імя Кастуся Каліноўскага на гэты момант мінімум шасьцёра маладафронтаўцаў. Сярод іх дзейны кіраўнік арганізацыі Дзяніс Урбановіч. Хлопца некалькі разоў затрымлівалі цягам 2020–2021 гадоў, але ўсё абыходзілася адміністрацыйнымі арыштамі. У канцы 2021 году Ўрбановіч разам зь сябрам і паплечнікам Віталём Трыгубавым зьехаў ва Ўкраіну.

Дзяніс Урбановіч
Дзяніс Урбановіч

Урбановіч (пазыўны «Ваўкалак») разам з Трыгубавым (пазыўны «Вітушка») бралі ўдзел у наступальнай апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны ў Мікалаеўскай вобласьці. У тым баі Ўрбановіч атрымаў кантузію сярэдняй цяжкасьці. Цяпер праходзіць рэабілітацыю ў Кіеве.

У тым жа палку — Сяргей Пальчэўскі (пазыўны «Ваяр»), які ваюе з 2017 году, Алег Аўчыньнікаў (пазыўны «Альгерд») і Аляксей Вайцяховіч (пазыўны «Оскар»).

Сяргей Пальчэўскі
Сяргей Пальчэўскі

Быў у 1990-я ў «Маладым фронце» і адзін з камандзіраў палку Вадзім Кабанчук (пазыўны «Ігар»). Больш ён, праўда, вядомы па «Зубры» і «Краі».

У складзе УСУ ваюе колішні палітвязень Эдуард Лобаў, якога затрымлівалі разам з Дашкевічам у крымінальнай справе напярэдадні Плошчы 2010 году.

Эдуард Лобаў, верасень 2015
Эдуард Лобаў, верасень 2015

Вымушаны ад’езд

Праз палітычныя рэпрэсіі ўнутры краіны многія маладафронтаўцы мусілі зьехаць з краіны. Артур Фінькевіч прайшоў празь СІЗА і «хімію» ў палітычных справах у сярэдзіне 2000-х. Цяпер ён жыве ў Варшаве.

«З жонкай Настасьсяй Машчавай дапамагалі ахвярам рэпрэсій, адпраўлялі ў санаторыі ў Польшчу. Нас выклікалі на допыты. Вымушана зьехалі з краіны ў канцы 2020 году. Цяпер вучуся на праграме Каліноўскага, пішу працу пра збор, перапрацоўку, транспартаваньне адкідаў. Гэтай тэмай я займаўся ў Беларусі», — кажа Артур.

Артур Фінькевіч (зьлева) пасьля вызваленьня ў лютым 2008 году
Артур Фінькевіч (зьлева) пасьля вызваленьня ў лютым 2008 году

Зьміцер Хведарук стаў адным з твараў «Маладога фронту» пасьля таго, як у зьняволеньні апынуліся Дашкевіч і Фінькевіч у 2006 годзе. Хведарук неаднаразова праходзіў праз адміністрацыйныя арышты, апошні зь ім здарыўся ў канцы 2021 году. Неўзабаве ён з жонкай пераехаў у Кіеў, цяпер яны жывуць у Варшаве.

«Вучуся ў эвангельскай рэфармацкай сэмінарыі Ўкраіны. Канчаецца трэці год навучаньня. Хутка ў сям’і будзе папаўненьне, чакаем сына Тадэвуша. Нядаўна напісаў кнігу „Рэфармацыя любой цаной?“. Хачу далей займацца дасьледаваньнем багаслоўскай спадчыны Беларусі. Гуляю ў футбол, палітыкай больш не займаюся», — расказаў Зьміцер.

Зьміцер Хведарук
Зьміцер Хведарук

Адна з найбольш актыўных маладафронтавак Берасьця, пісьменьніца і перакладчыца Наталка Харытанюк, год як жыве ў Грузіі.

«Выкладаю ангельскую мову. Выдала зімой онлайн-казку пра беларускія Каляды», — сьцісла кажа яна пра сябе.

Наталка Харытанюк
Наталка Харытанюк

Алег Корбан пасьля пратэстаў 2020 году таксама пабываў у СІЗА, але ўжо выйшаў на волю. У траўні 2022 году скончыўся тэрмін нагляду. Цяпер Алег разам зь сям’ёй таксама ў Грузіі. Праўда, кажа, што гэта часовы адпачынак. Даваць камэнтары для СМІ ён пакуль адмаўляецца.

Алег Корбан
Алег Корбан

Колішні прэс-сакратар «Маладога фронту» Барыс Гарэцкі застаўся ў прафэсіі журналіста. Цяпер ён намесьнік старшыні ліквідаванай у Беларусі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Жыве зь сям’ёй у Вільні.

Барыс Гарэцкі
Барыс Гарэцкі

Праца ў ІТ і бізнэс

Адзін з кіраўнікоў «Маладога фронту» да сярэдзіны 2000-х гадоў Сяржук Лісічонак цяпер жыве ў Варшаве, працуе мэнэджарам у адной з найбуйнейшых у сьвеце кампаній па распрацоўцы мабільных гульняў.

«Кірую камандамі распрацоўшчыкаў. Да ІТ пасьпеў папрацаваць у прадстаўніцтве ААН у Беларусі. У палітычнай ці грамадзкай актыўнасьці амаль не бяру ўдзелу. Хіба што пастаянна прымаем у сябе дома людзей, якія бягуць ад вайны ва Ўкраіне ці рэпрэсій у Беларусі. Такі наш унёсак», — кажа Сяржук.

Сяржук Лісічонак
Сяржук Лісічонак

Кіраўнік салігорскага «Маладога фронту» Іван Шыла разам з братам Ільлём знайшлі сябе ў бізнэсе. Яны адкрылі пасьпяховую клінінгавую кампанію «Чысты кіт», якая працуе ў Беларусі і Польшчы, цяпер браты прасоўваюць свой брэнд у Нямеччыне. Жывуць у Бэрліне.

Іван Шыла ў войску, 2009 год
Іван Шыла ў войску, 2009 год

Праўладны палітоляг

Дзяніс Мельянцоў быў адным з шараговых актывістаў «Маладога фронту» ў Магілёве. Потым Дзяніс зрабіў сабе кар’еру палітоляга, быў адным з заснавальнікаў недзяржаўнага Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў. Пачынаў як незалежны экспэрт. Цягам апошніх гадоў усё больш дрэйфаваў у бок падтрымкі ўлады. Нярэдка зьяўляўся на дзяржаўнай тэлевізіі пасьля падзей 2020 году. Госьць апошніх прэс-канфэрэнцый Аляксандра Лукашэнкі.

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

Праз «Малады фронт» прайшоў і Раман Пратасевіч. У яго нават быў канфлікт з бацькамі на гэтай глебе. Пратасевіч працаваў у Беларусі як журналіст на некалькі выданьняў. На момант 2020 году быў адміністратарам тэлеграм-каналу NEXTA, за гэта на яго завялі некалькі крымінальных спраў.

Раман Пратасевіч
Раман Пратасевіч

У траўні 2021 году самалёт Ryanair з Пратасевічам прымусова пасадзілі ў Менску. Гэта стала нагодай для новых санкцый Эўразьвязу і спыненьня авіязносін Беларусі з Эўропай. Сам Пратасевіч даў некалькі інтэрвію дзяржаўным СМІ. Цяпер працуе ў праўладнай арганізацыі «Сыстэмная праваабарона». Застаецца пад хатнім арыштам, не асуджаны.

Прарасейскія і антываксэры

Былыя маладафронтаўцы Арцём Дубскі і Яраслаў Грышчэня праходзілі праз крымінальны перасьлед у Беларусі. Цяпер яны жывуць у Польшчы. Дубскі вядзе на Youtube блог на грамадзка-палітычныя тэмы. Шмат увагі аддае крытыцы ўцекачоў з Украіны. 9 траўня Дубскі разам з Грышчэнем хадзілі ўскладаць кветкі да маўзалею савецкіх жаўнераў у Варшаве, дзе правакавалі ўкраінцаў.

Раней Дубскі быў актывістам антываксэрскага руху ў Польшчы. Некаторыя абвінавачваюць Дубскага і Грышчэню ў працы на Расею, самі яны гэта адпрэчваюць.

Партыі і рухі

Былыя актывісты «Маладога фронту» цяпер сярод кіраўніцтва палітычнай партыі БНФ. Выканаўца абавязкаў старшыні — Вадзім Саранчукоў, калісьці ён вылучаў сваю кандыдатуру на старшыню «Маладога фронту», але прайграў Севярынцу. Да 2021 году Саранчукоў жыў у Горадні, працаваў рамесьнікам. Пасьля ператрусу ў яго дома зьехаў з краіны, цяпер жыве ў Вільні.

Вадзім Саранчукоў
Вадзім Саранчукоў

Кіраўніком руху «За свабоду» да яго ліквідацыі быў таксама колішні маладафронтавец Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

Памерлі

Сярод вядомых маладафронтаўцаў ёсьць і памерлыя. Яшчэ ў 2009 годзе ня стала 29-гадовага кіраўніка баранавіцкага «Маладога фронту» Алеся Пікулы.

У красавіку 2013 году, атруціўшыся коранем цыкуты, памёр 31-гадовы Міхаіл Шарамет. Яму быў 31 год. Шарамет у 1990-я кіраваў маладафронтаўскай дружынай, а потым працаваў пажарным.

Беларусь

Многія былыя маладафронтаўцы працягваюць жыць у Беларусі, працуюць у розных сфэрах. Зь меркаваньняў бясьпекі пра сябе яны цяпер гаварыць ня хочуць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG