Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога маладафронтаўца вінавацяць у Варшаве ў цкаваньні ўкраінцаў, пагрозах і працы на Расею. Сам ён сьцьвярджае, што «выказвае меркаваньне»


Арцём Дубскі
Арцём Дубскі

Польскі Цэнтар маніторынгу расісцкіх і ксэнафобскіх паводзін падаў скаргу ў пракуратуру на грамадзяніна Беларусі Арцёма Дубскага.

Польскія праваабаронцы вінавацяць былога сябра «Маладога фронту» ў цкаваньні ўкраінцаў, пагрозах фізычнай расправы і сувязях з прарасейскімі сіламі. Мы выслухалі яго самога і польскі бок.

У сярэдзіне 2000-х Арцём Дубскі ўзначальваў суполку «Маладога Фронту» ў родных Асіповічах. Быў фігурантам гучнай справы «14-ці», у рамках якой моладзевых актывістаў судзілі за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў у Менску. Пэўны час жыў ва Ўкраіне, пасьля вяртаньня ў Беларусь трапіў у турму, а пасьля выхаду ў 2010-м зноў накіраваўся ва Ўкраіну. Увосень у кватэры, дзе ён жыў, адбыўся вобшук. Украінскія сілавікі шукалі наркотыкі і зброю, пасьля трох сутак Дубскага вызвалілі без выстаўленьня абвінавачаньня. Пасьля гэтага ён спрабаваў праз ААН дамагчыся міжнароднай абароны ад украінскіх і беларускіх сілавікоў. А ў наступным годзе зьехаў жыць у Польшчу.

У Польшчы, як кажа пра сябе Дубскі, палітыкай ён не цікавіцца, займаецца бізнэсам і блогерствам. Нядаўна ўрывак аднаго зь відэа Дубскага паказала Беларуская тэлевізія. На ім былы сябра «Маладога фронту» абзывае бандэраўцамі ўкраінцаў, якія прыйшлі да помніка савецкім салдатам у Варшаве пратэставаць супраць удзелу расейскага пасла ва ўрачыстасьцях з нагоды 9 траўня. Жанчыне, якая трымае ўкраінскі сьцяг, ён кажа: «Вам ня сорамна стаяць з гэтым нацызмам?» На ютуб-канале Дубскага публікуецца шмат ролікаў, у якіх ён крытыкуе ўкраінцаў або захапляецца літарай Z (сымбаль расейскага ўварваньня ва Ўкраіне. — РС), убачанай на вуліцы ў Варшаве.

Як расказаў Свабодзе Рафал Гавэл з Цэнтру маніторынгу расісцкіх і ксэнафобскіх паводзін, яны зацікавіліся асобай Дубскага пасьля таго, як да іх зьвярнуліся беларускія апазыцыянэры ў Варшаве, абураныя дзеяньнямі свайго земляка.

Гавэл: Яны расказвалі, што ён паводзіць сябе правакацыйна, цкуе ўкраінцаў, называе іх публічна фашыстамі і супрацоўнічае з польскімі прарасейскімі нацыяналістамі. На ягоным жа відэа бачна, як ён публічна абараняе пасла Расеі і нападае на савецкіх могілках на ўкраінцаў, якія выступаюць супраць расейскай агрэсіі. Паводле нашых зьвестак, правакатар Арцём Дубскі толькі што вярнуўся зь Беларусі, дзе яго два тыдні бачылі на сустрэчах зь беларускімі спэцслужбамі. Калі зьявілася інфармацыя пра гэтыя кантакты, ён прыдумаў казку пра яго нібыта арышт беларускай выведкай і вызваленьне праз два тыдні».

Мы паразмаўлялі і з Арцёмам Дубскім. Ён сьцьвярджае, што сапраўды быў нядаўна ў Беларусі, дзе сустракаўся са сваякамі. 11 траўня яны нібыта паехалі ў Менск, дзе Дубскага, паводле ягоных словаў, затрымалі, зьбілі, пасьля чаго адвезьлі на допыт у КДБ. На ноч яго адпусьцілі дадому ў Асіповічы пад абавязаньне вярнуцца на наступны дзень. 12 траўня ён паехаў у КДБ і з таго часу на сувязь не выходзіў, а празь пяць дзён сваякам паведамілі, што ён на Акрэсьціна.

Дубскі: «Гэта няпраўда, што я нідзе не сядзеў і прыдумаў казкі. Чалавека, які так кажа, не было там, калі мяне бралі і калі я сядзеў. Гэта з той жа сэрыі, каб я сказаў, што Ціханоўскі цяпер не ў турме, а на Кубе адпачывае. Яны проста помсьцяць мне, бо я раскрытыкаваў іх дзейнасьць».

Летась Дубскі сапраўды зьвяртаўся ў Цэнтар маніторынгу расісцкіх і ксэнафобскіх паводзін. Тады ў якасьці пацярпелага, у сувязі з інцыдэнтам у варшаўскім мэтро, дзе ў яго адбыўся канфлікт з кандуктарамі. Пра здарэньне тады пісала польская прэса. Пасьля таго як кантралёры пачулі акцэнт Дубскага, яны пачалі яму пагражаць. Гэта і стала прычынай звароту ў Цэнтар маніторынгу расісцкіх і ксэнафобскіх паводзін. Што адбылося пасьля, расказвае прадстаўнік Цэнтру Гавэл.

Гавэл: Мы яго прынялі і растлумачылі, што зможам дапамагчы, але мусім дачакацца, пакуль свой разбор завершыць паліцыя. Ён пасьля прыйшоў яшчэ некалькі разоў, але быў страшна незадаволены і называў нас фашысцкай арганізацыяй. А потым апублікаваў допіс, у якім пагражаў абліць сернай кіслатой супрацоўнікаў нашага цэнтру. Мы пра гэта ўжо паведамілі ў пракуратуру Варшавы.

Гавэл зьвяртае ўвагу на адно відэа Дубскага, дзе ён кажа, што паедзе ў Расею і будзе зьвязвацца зь сіламі, якія ваююць ва Ўкраіне. Апрача таго, паводле прадстаўніка Цэнтру маніторынгу расісцкіх і ксэнафобскіх паводзін, Дубскі неаднаразова публічна хваліў прадстаўніка нэафашысцкай прарасейскай арганізацыі Войцеха Альшанскага, супраць якога ў Польшчы ўзбуджана пяць крымінальных спраў. Адзін з эпізодаў датычыць нападу на беларусаў, якія пратэставалі супраць Лукашэнкі. У інтэрвію Свабодзе Дубскі сказаў, што лічыць погляды Альшанскага «здаровым патрыятызмам».

Гавэл: Раней Дубскі дзейнічаў на карысьць руху антыпрышчэпачнікаў у Польшчы. Ён здымаў ролікі, сварыўся з паліцыянтамі, якія прасілі яго надзець маску. Яго ролікі мелі па паўмільёна гледачоў. Гэты рух быў прасякнуты расейскімі ўплывамі, і яго мэтай былі пратэсты і беспарадкі. Іх фінансавалі людзі, зьвязныя з Масквой. Уся тактыка Расеі ў нашым рэгіёне — выклікаць беспарадкі. І Дубскі ідэальна сюды ўпісваецца.

Мы спыталі ў Дубскага, чаму яго блогерская дзейнасьць сканцэнтраваная на антыўкраінскіх допісах і відэа і чаму ён называе незнаёмых украінцаў нацыстамі і бандэраўцамі.

Дубскі: Гэты канал ня цалкам пра ўкраінцаў, зашмат гонару імі займацца. Гэта канал пра мае думкі і канал для палякаў па-польску. Спачатку там была тэма ковіду, жыцьцё ў Польшчы. Цяпер усе пра яго забылі і заняліся Ўкраінай. Калі ў Польшчы зьявілася шмат украінцаў, я пачаў займацца імі. У мяне бацька ўкраінец, я там жыў тры гады, у мяне адна зь дзяўчат была ўкраінкай. Калі я вёў агенцтва па працаўладкаваньні, я знайшоў працу тысячам украінцаў. Я маю поўнае права мець сваю думку. Дзякуй Богу, у Польшчы за такое пакуль не расстрэльваюць. Я штогод 9 траўня хаджу на бліжэйшыя вайсковыя могілкі, у мяне бабуля памерла на вайне. Разам з калегам з «Маладога фронту» і адной дзяўчынай мы купілі гвазьдзікі і пайшлі туды. Гэта было сьвінства з боку ўкраінцаў. Ці можа нармальны чалавек танцаваць на могілках у масцы сьвіньні? Там жа пахаваныя і ўкраінцы. Я ўключыў там тэлефон, бо ведаў, які будзе фармат. Пасла аблілі фарбай, яна даляцела і на нас. Ёсьць украінцы, якія змагаюцца за сваю краіну, а ёсьць нацысты і бандэраўцы, якія крадуць кансэрвы і атрымліваюць сацыяльную дапамогу, маючы «Лексусы», і паводзяць сябе па-сьвінску. Вось яны і ёсьць нацысты. А тое, што БТ паказала ўрывак з майго роліка, гэта не мая праблема. Яны паказалі гэта і так па-свойму. Цяпер пішуць, што мяне завэрбаваў КДБ. Хлопцы, ніякі КДБ не матывуе мяне не любіць украінцаў ці задаваць ім крытычныя пытаньні, як дыктуе мой жыцьцёвы досьвед.

Яшчэ некалькі гадоў таму актывісты «Маладога фронту» выходзілі на пратэсты ў Менску з банэрам, які ўсхваляў Сьцяпана Бандэру і Рамана Шухевіча, якіх у Расеі ўлады называюць нацыстамі. Мы спыталіся ў Арцёма Дубскага, ці пратэставаў ён супраць гэтага тады.

Дубскі: Асабіста я ніколі не выходзіў зь іх партрэтамі. «Малады фронт» — гэта не прысуд на ўсё жыцьцё і не дыягназ. Гэта быў яскравы пэрыяд у маім жыцьці. Калі я быў у МФ, то гэта ня значыць, што я ўсё жыцьцё буду крычаць «Бог. Гонар. Айчына». Чалавек жа разьвіваецца. Так і я.

Рафал Гавэл кажа, што нават калі ў Дубскага і былі нейкія асабістыя інцыдэнты з украінцамі, гэта ня значыць, што адказваць за іх мае цяпер увесь украінскі народ. Гавэл называе такі падыход фашызмам.

Дубскі кажа, што з Польшчы зьяжджаць не зьбіраецца. Ён сьцьвярджае, што не баіцца скаргі на яго ў пракуратуру і гатовы нават даць паказаньні на дэтэктары хлусьні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG