Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі затрымалі і пабілі экс-палітвзьня Арцёма Дубскага па вяртаньні ў Беларусь. Ён на Акрэсьціна


Арцём Дубскі, архіўнае фота
Арцём Дубскі, архіўнае фота

Асіпаўчанін Арцём Дубскі, які з 2011 года жыў у Польшчы і прыехаў у траўні наведаць сваякоў, знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. Пра гэта родныя даведаліся празь пяць дзён пошукаў. А высьветлілася гэта выпадкова.

Мужчына прыехаў з Польшчы наведаць сваю сям’ю, якая пражывае ў Асіповічах. 11 траўня яны паехалі ў Менск. Там Арцёма Дубскага затрымалі, пабілі, пасьля адвезьлі на допыт у КДБ. З КДБ Дубскага выпусьцілі толькі ноччу, узяўшы абавязаньне вярнуцца для дачы тлумачэньняў 12 траўня да 14:30. Калі Дубскі вяртаўся ў Асіповічы, за ім ехаў цывільны аўтамабіль з трыма сілавікамі, піша тэлеграм-канал Mayday.

У чацьвер Дубскі вярнуўся назад у КДБ і з таго часу на сувязь не выходзіў.

Празь пяць дзён са сваякамі зьвязалася сьледчая ў пытаньні нанясеньня Дубскаму фізычных калецтваў. Аказваецца, 13 траўня Дубскага даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі ў Менску. Каля 0:30 яго прывезьлі туды супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС. Празь дзьве гадзіны яны ж яго адтуль забралі. У мужчыны зафіксаваны ранкі твару, запясьцяў, сінякі тулава і канцавінаў, а таксама ўдар мяккіх тканак грудной сьценкі.

Пэўна, пасьля гэтага Дубскага даставілі на Акрэсьціна, дзе трымаюць цяпер. Вядома, што яго асудзілі нібыта за пашырэньне экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП). Па інфармацыі каналу, на волю ён павінен выйсьці 27 траўня.

Сям’я яшчэ 13 траўня зьвярнулася ў міліцыю наконт зьнікненьня Арцёма, аднак ніякіх дзеяньняў сілавікі не распачалі. Намесьнік начальніка Асіповіцкага РАУС заявіў, што на адказ МУС мае дзесяць дзён. 17 траўня ў пракуратуру Асіповіцкага раёну падалі скаргу на бязьдзеяньне сілавікоў.

Арцём Дубскі — былы палітвязень, уваходзіў у «Малады фронт». У 2008 годзе быў фігурантам «справы чатырнаццаці», заведзенай пасьля масавага мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся на плошчы Незалежнасьці. Арцёма Дубскага асудзілі спачатку на «хатнюю хімію». У выніку ён амаль год адбыў за кратамі і ў 2011 годзе зьехаў зь Беларусі ў Польшчу.

Зводнага брата Арцёма Ільлю Дубскага ў кастрычніку 2021 асудзілі на 5 гадоў калёніі за аўдыё- і тэкставыя паведамленьні ў Telegram, прыпісаўшы артыкулы «распальваньне варожасьці» і «акт тэрарызму ў дачыненьні дзяржаўнага дзеяча».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG