Kazakhstan – corn in Penjim village where Kazakhs and Uighurs live together, Almaty region, 28 October 2021
У марскі порт на паўночным захадзе Гішпаніі прыйшоў першы карабель з 18 тысячамі тон украінскай кукурузы, адпраўленай у абыход Беларусі праз Балтыйскае мора.
Як паведаміла тэлекампанія CNN, гэта першая партыя збожжа ад пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, адпраўленая марскім шляхам.
12 чэрвеня намесьнік міністра замежных спраў Украіны ў пытаньнях лічбавізацыі Дзьмітро Сенік паведаміў Reuters, што Ўкраіна стварае новыя маршруты для экспарту 22 мільёнаў тон збожжа праз Румынію, Польшчу і краіны Балтыі.
Украіна — чацьвёрты па аб’ёме паставак экспартэр збожжа ў сьвеце. У 2021 годзе краіна экспартавала амаль 45 мільёнаў тон збожжавых і бабовых культур.Ад пачатку расейскага ўварваньня ўкраінскія марскія парты заблякаваныя.
Турэччына заявіла, што можа дапамагчы з дэблякадай партоў, але ўкраінскія ўлады апасаюцца, што Расея скарыстаецца гэтым калідорам, каб напасьці на Адэсу. Украінскія ўлады абвінавачваюць Расею ў незаконным прысабечваньні збожжа на акупаваных тэрыторыях. Расея гэта адмаўляе.
На пачатку чэрвеня генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заявіў, што наступствы ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну могуць закрануць 1,6 мільярда жыхароў плянэты.«Уплыў вайны на харчовую бясьпеку, энэргетыку і фінансы мае сыстэмны і сур’ёзны характар, які набірае абароты», — заявіў Антонію Гутэрыш, прэзэнтуючы другую справаздачу ААН аб наступствах вайны ва Ўкраіне.
Кіеў 7 чэрвеня абвясьціў умовы, пры якіх магчыма аднаўленьне паставак украінскага збожжа на вонкавы рынак.«Неабходнымі зьяўляюцца дзейсныя гарантыі бясьпекі для аднаўленьня суднаходзтва. Такія гарантыі павінны быць дадзеныя шляхам пастаўкі Ўкраіне адпаведнай зброі для абароны ўзьбярэжжа ад пагроз з мора і шляхам далучэньня ваенна-марскіх сіл трэціх краін для патруляваньня адпаведнай часткі акваторыі Чорнага мора», — гаварылася ў заяве Міністэрства замежных спраў Украіны.