Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: Расея абстрэльвала Харкаў забароненымі касэтнымі бомбамі. Што гэта за зброя?

Эвакуацыя людзей з акупаванага расейцамі прыгарада Харкава Купянска, 30 траўня 2022
Эвакуацыя людзей з акупаванага расейцамі прыгарада Харкава Купянска, 30 траўня 2022

Сотні мірных жыхароў загінулі ў Харкаве ў выніку прымяненьня расейскім войскам касэтных бомбаў і некіраваных ракет.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, апублікаванай у панядзелак, 13 чэрвеня.

Абстрэлы жылых раёнаў Харкава, якія паўтараюцца, – гэта невыбіральныя ўдары і як такія яны зьяўляюцца ваеннымі злачынствамі, заяўляюць праваабаронцы.
Amnesty International сьцьвярджае, што мае неабвержныя доказы шматразовага прымяненьня расейскім войскам касэтных бомбаў і супрацьпяхотных мін, забароненых міжнароднымі канвэнцыямі. Расея факт ужываньня забароненых боепрыпасаў адмаўляла.

Жылыя раёны Харкава абстрэльваліся і бамбаваліся зь першага дня вайны, і за два месяцы бесьперапынных удараў гораду з насельніцтвам у паўтара мільёна чалавек нанесены маштабныя страты. Па дадзеных Харкаўскай вайскова-цывільнай адміністрацыі, за час вайны загінулі 606 жыхароў гораду, 1248 былі параненыя.

Супрацоўнікі Amnesty International апыталі каля 160 харкаўчан, сярод якіх пацярпелыя ад абстрэлаў, іх сьведкі, родныя ахвяр, а таксама лекары, якія лечаць параненых, і задакумэнтавалі сама меней 28 выпадкаў невыбіральных удараў па Харкаве з боку Расеі.

Некіраваныя ракеты ўстановак «Град» і «Ураган», якія расейскае войска шырока выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны, ня здольны дакладна паразіць цэль, часта адхіляючыся ад яе больш за на 100 мэтраў. У жылых раёнах, дзе дамы стаяць на адлегласьці ўсяго некалькіх мэтраў адзін ад аднаго, выкарыстаньне такіх ракет і звычайнай артылерыі непазьбежна прыводзіць да шматлікіх ахвяр сярод цывільнага насельніцтва, падкрэсьлівае Amnesty International.

Унутраны кампанэнт касэтнай ракеты, запушчанай з рэактыўнай сыстэмы залпавага агню БМ-30 «Смерч», ля магіл Мемарыяла памяці тысяч польскіх афіцэраў, забітых у 1940 годзе органамі НКУС СССР (Катынскі расстрэл). Харкаў, 23 сакавіка 2022 года
Унутраны кампанэнт касэтнай ракеты, запушчанай з рэактыўнай сыстэмы залпавага агню БМ-30 «Смерч», ля магіл Мемарыяла памяці тысяч польскіх афіцэраў, забітых у 1940 годзе органамі НКУС СССР (Катынскі расстрэл). Харкаў, 23 сакавіка 2022 года

Касэтныя бомбы абсталяваныя элемэнтамі, якія пры падрыве ў паветры паражаюць плошчу ў сотні квадратных мэтраў.

Бязладныя абстрэлы, падчас якіх гінуць мірныя людзі і зьнішчаецца цывільная інфраструктура, лічацца ваенным злачынствам. Адказныя за гэтыя атакі павінны быць прыцягнуты да суду, а пацярпелыя і сваякі ахвяр – атрымаць кампэнсацыі, зазначаюць праваабаронцы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG