Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ўжо плююся лёгкімі». Аўтуховіч распавёў на судзе пра ўмовы ўтрыманьня ў горадзенскай турме


Мікалай Аўтуховіч. 2014 год
Мікалай Аўтуховіч. 2014 год

9 чэрвеня на судзе ў горадзенскай турме падчас свайго допыту Мікалай Аўтуховіч заявіў як аб сваёй невінаватасьці ў інкрымінаваных яму злачынствах, так і аб адсутнасьці віны іншых 11 фігурантаў ягонай справы.

Падчас судовага паседжаньня 9 чэрвеня Мікалай Аўтуховіч заявіў, сярод іншага, пра жудасныя ўмовы ўтрыманьня ў горадзенскай турме № 1, дзе яго ўтрымлівалі 7 месяцаў.

«Пасялілі ў камэру, якая называлася маразільнікам. Нас там было два чалавекі, а на кратах быў лёд. Там я пражыў сем месяцаў, і толькі дзякуючы ўмяшаньню адваката мяне перавялі ў лепшыя ўмовы. Я ўжо „плююся лёгкімі“», — цытуе словы Мікалая Аўтуховіча «СБ. Беларусь сегодня».

Паводле Генэральнай пракуратуры, Мікалаю Аўтуховічу выставілі наступныя абвінавачаньні:

  • стварэньне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй (чч. 1-3 арт. 285 КК);
  • замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК);
  • здрада дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК). Гэтае абвінавачаньне выстаўлена толькі Аўтуховічу;
  • распальваньне сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК);
  • заклікі да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК);
  • замах на ўцягваньне ў тэрарыстычную дзейнасьць (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 290-2 КК);
  • акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго (ч. 3 арт. 289, а таксама ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК);
  • незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад (ч. 3 і ч. 4 арт. 295, а таксама ч. 1 арт. 13 і ч. 4 арт. 295 КК);
  • незаконнае перамяшчэньне празь мяжу агнястрэльнай зброі, камплектаў боепрыпасаў да яе, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад (ч. 3 арт. 333-1 КК);
  • падрыхтоўка дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК);
  • укрываньне цяжкага злачынства (ч. 1 арт. 405 КК).

У прыватнасьці, разам з многімі іншымі дзеяньнямі, інкрымінаванымі абвінавачаным, Мікалай Аўтуховіч і чальцы так званай «арганізаванай групы», па вэрсіі пракуратуры, «зьдзейсьнілі акты тэрарызму ў мэтах аказаньня ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў органамі ўлады, перашкоды палітычнай дзейнасьці, застрашваньня насельніцтва і дэстабілізацыі грамадзкага парадку».

Разам з Аўтуховічам судзяць:

  • Паўла Саву
  • Уладзімера Гундара
  • Галіну Дзербыш
  • Вольгу Маёраву
  • Віктара Сьнегура
  • праваслаўнага сьвятара Сяргея Разановіча разам з жонкай Любоўю і сынам Паўлам
  • Ірыну Мельхер з сынам Антонам
  • Ірыну Гарачкіну

Падчас сёньняшняга допыту Мікола Аўтуховіч сваю віну цалкам адмовіў і заявіў, што ўсе фігуранты ягонай справы таксама невінаватыя.

На працэсе Аўтуховіч сказаў:

«У абвінавачаньні ёсьць частка праўды, але яна ня тычыцца людзей, якія сядзяць са мной тут. А ўсё, што са мной адбываецца, — праз тое, што ўладам не падабаецца мая грамадзянская пазыцыя».

Аўтуховіч таксама заявіў, што ня згодны з фармулёўкай сьледзтва, і ўдакладніў, што ў яго былі пляны аб адхіленьні дзеючай ўлады, але яны ня мелі радыкальнага характару, паведамляе БелТА.

Згодна з інфармацыяй выданьня, Аўтуховіч дадаў, што канчатковай мэтай яго дзеяньняў была арганізацыя маштабнай акцыі пратэсту з максымальнай колькасьцю людзей.

Таксама паведамляецца, што Мікалай Аўтуховіч заявіў аб тым, што ягоны плян не прадугледжваў кровапраліцьця. Падчас допыту падсудны адзначыў, што тыя людзі, якія па ягонай справе знаходзяцца сёньня за кратамі, не зьяўляюцца ягонымі паплечнікамі і абвінавачваюцца без падстаў.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG