Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У гэтым не сумняваюцца нават чэкісты». Аўтуховіч пра перамены, турэмныя будні і месца, якое захапляе яго ў Беларусі


Мікалай Аўтуховіч пасьля вызваленьня з турмы ў 2014 годзе
Мікалай Аўтуховіч пасьля вызваленьня з турмы ў 2014 годзе

Ваўкавыскага прадпрымальніка абвінавачваюць у «арганізацыі тэрарыстычнай групы». Пасьля пераводу зь менскага СІЗА КДБ у горадзенскую турму № 1 ліставаньне зь ім палепшылася. Мы даведаліся, пра што вязень піша ў лістах з-за кратаў.

Мікалаю Аўтуховічу 59 гадоў. Ён вэтэран вайны ў Афганістане. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума мэдалямі — «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Звольніўшыся з войска ў 1991 годзе, ён заняўся бізнэсам: адрамантаваў і здаваў у арэнду былыя вайсковыя кашары, меў у родным Ваўкавыску некалькі пасьпяховых праектаў, сярод якіх «Таксі 22222».

У 2004 годзе балятаваўся ў дэпутаты, стаў публічна крытыкаваць Лукашэнку. У 2006 годзе на яго завялі крымінальную справу нібыта за нясплату падаткаў. Сядзеў двойчы. Другі раз за захоўваньне дома патронаў. Агулам тады правёў за кратамі каля 8 гадоў. Апошнія гады Мікола казаў пра перасьлед з боку ўладаў, зьехаў з дому, хаваўся, не выступаў публічна.

Што вядома пра «справу Аўтуховіча»

  • Мікалая Аўтуховіча разам з шэрагам іншых людзей затрымалі 8 сьнежня 2020 году. Неўзабаве пасьля арышту яго абвінавацілі ў «стварэньні тэрарыстычнай групоўкі». У прыватнасьці, Аўтуховіча вінавацяць у падпалах маёмасьці міліцыянтаў у Горадні і Ваўкавыску.
  • КДБ заявіў, што падчас затрыманьня ў Аўтуховіча знайшлі агнястрэльную зброю. Пазьней Аляксандар Лукашэнка публічна заяўляў, што яе ў Беларусь завозілі з Украіны. Падрабязнасьцяў аб расьсьледаваньні справы Міколы Аўтуховіча і людзей, затрыманых разам зь ім, у адкрытым доступе няма. Невядомая таксама дата пачатку судовага працэсу над Аўтуховічам.
  • Спачатку Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК («Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам»). Потым Генэральная пракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 («Акт тэрарызму») з пазбаўленьнем волі да 15 гадоў.

Свабода даведалася, пра што Мікалай Аўтуховіч піша ў лістах на волю.

Пра лісты з волі

«Ведаю, што вас шмат, дакладней, адчуваю, што падтрымка немалая. Дзякуй. Чые паштоўкі і лісты дайшлі, тым абавязкова адказаў. Вось цяпер паглядзеў у сваіх запісах. Да мяне зьвярнуліся 30 чалавек. Гэта за пару дзён да Новага году і да 14 студзеня. Гэта, вядома, не параўнаць з тымі 700 лістамі ў дзень на навагоднія сьвяты ў тыя гады, калі я сядзеў тут у турме. Дзякуй усім, хто мяне павіншаваў, напісаў мне.

Калі б да мяне прыйшлі ўсе віншаваньні, то я б змог ацаніць маштаб падтрымкі. Ня шмат, але хоць нешта. Я веру, што нямала людзей падтрымлівае мяне, і нават калі да мяне не трапляюць іх лісты, менш падтрымкі ад гэтага ня робіцца. Я адчуваю яе сваім сэрцам, але тым, хто хоча яе прыменшыць, гэтага не зразумець. Сэрца ўсё адчувае. Усё будзе добра, але пытаньне для мяне — ці пасьпею я пабачыць усё гэта добрае, вашыя вясёлыя твары. А тое, што гэта адбудзецца, думаю, у гэтым не сумняваюцца нават чэкісты, але не прызнаюцца. Усе яны людзі не дурныя, таму ня могуць не разумець».

Пра «маленькія радасьці»

«Як толькі мне прыслалі мандарыны і апэльсіны, у мяне неяк адразу зьнік да іх інтарэс. Ня ведаю чаму, але адразу пахаладзеў. Вось і цяпер ёсьць яшчэ штук 7 мандарынаў і 2 апэльсіны. І калі я не прымушаю сябе хаця б адзін у дзень зьесьці, то так і буду толькі глядзець на іх багацьце. Але пад’ядаю іх патроху».

Пра здароўе

«Праблемы з суставамі, здаецца, пачалі трохі мінаць. Толькі часам трошкі баліць, тады я ўспамінаю пра крэм і мажу. Добра, што людзі нагадалі мне ў лістах аб практыкаваньнях для хрыбетніка, спрабую раніцамі іх рабіць. Паспрабую сябе прымушаць, бо апошнім часам нейкая апатыя, зусім стала лянота. Сёньня быў шпацыры, адціснуўся 60 разоў, праўда таксама празь не хачу. Балелі ногі, часам не мог нават заснуць, калі і адна балела. Капаю таксама кроплямі вочы».

Пра пандэмію

«Тое, што людзі паўсюль расслабіліся і ходзяць паўсюль бяз масак, гэта кепска. Нельга быць такімі безадказнымі, трэба і сябе абараняць і іншых, выконваючы ўсе меры перасьцярогі. Але мне здаецца, што сытуацыя з ковідам падобная на бізнэс-праект. Ведаў калісьці людзей, якія рабілі кампутарныя антывірусныя праграмы, у тым ліку і для тэлефонаў. Але спачатку яны стваралі сам вірус. Вось так і зараблялі, заражаючы тэлефоны і кампутары і прадаючы антывірусы. Можа і тут так?! А магчыма, і моцныя гэтага сьвету вырашылі, што на плянэце шмат людзей. І паколькі сур’ёзных войнаў няма, то вырашым так скараціць. Вось так і думай».

Пра падзеі ў Казахстане

«Там вельмі моцна разьвітая клянавасьць. Усе бізнэсоўцы належаць да нейкага кляну, я маю на ўвазе сур’ёзны бізнэс. Да таго ж я ведаю, як там было пастаўлена пытаньне з апазыцыяй. Ім проста не давалі дыхаць, і надзеі, што там нешта адбудзецца, было вельмі мала. Я ня ведаю, хто там і як арганізаваў, але думаю, што гэта хтосьці з канкурэнтных клянаў. Бяз грошай і сілы гэтага ня зробіш. Але радуе, што нават наймацнейшы клян ня вытрымаў».

Пра Афганістан

«Тэма Афганістану для мяне вельмі блізкая. І ўсё, што там адбываецца, не пакідае мяне абыякавым. Цягам многіх дзесяцігодзьдзяў ні ў кога, хто намагаўся акучваць гэтую зямлю, ня было ні мэтаў, ні стратэгіі. Людзі, якія бралі на сябе абавязкі наконт гэтай краіны, не ўяўлялі нават, чым усё гэта павінна скончыцца.

Кожны новы прэзыдэнт ЗША намагаўся на тэме Аўганістану зарабіць сабе балы перад сваімі выбарнікамі, ня думаючы пра наступствы і пра лёс афганскага народу. Дык чаго цяпер дзівіцца? У новых адміністрацыяў ЗША не было пасьлядоўнасьці, адныя непаразуменьні. Пры маёй памяці наконт Афгану ў амэрыканцаў было шмат розных плянаў, але ўсе яны былі нерэальныя без сапраўднага жаданьня радыкальна ўсё зьмяніць. І СССР ня меў канкрэтных плянаў што да Афганістану. Калі там быў я, мы думалі, што Афганістан далучаць да СССР як рэспубліку, але ўсё пайшло ня так. У мае гады там у іхным календары, калі не памыляюся, ішоў 1336 год. Гэтым шмат што тлумачыцца. Бадай, зусім невялікі адсотак насельніцтва ведаў, што такое лямпачкі і электрычнасьць. Яны ад нараджэньня робяцца ваярамі. Хлопцы ў 6 гадоў ужо добра страляюць. Перамагчы такую краіну без супэрпляну немагчыма. Я гляджу рэпартажы адтуль і душа баліць».

Пра месца, якое ўражвае ў Беларусі

«Я ведаю Белае возера, дзе на глыбіні 12 мэтраў у пагоду бачна ўсё дно і тое, што на ім ляжыць. Але самае цікавае, што склад вады ў гэтым возеры вельмі нагадвае мінэральную ваду. Калі купаесься, то адчуваеш, як вада выштурхоўвае цябе наверх і не дае заглыбіцца. Я намагаўся дастаць з дна гэтага возера, з глыбіні 4 мэтраў, свой блютуз-навушнік, у якім нырнуў, забыўшы яго зьняць. Я яго выдатна бачыў нават з мосьціку, а калі нырнуў, то ня мог дабрацца, бо вада мяне выштурхоўвала. Давялося ісьці па ласты, і толькі так я змог дастаць блютуз. Гэта незвычайна прыгожае возера, з высокімі і густым лесам. Ніякая Нарач і блізка не стаяла поруч з гэтым возерам. Няшмат людзей ведае, дзе яно знаходзіцца».

Пра важнасьць моманту

«За навінамі сачу настолькі, наколькі дазваляюць магчымасьці. Нават тут я цудоўна ўсё разумею. Ня варта мне гэта тлумачыць у лістах, каб не злаваць цэнзара.

Цяпер сапраўды гістарычны момант для Беларусі і яе народу. Але ня варта прысьпешваць падзеі. Паглядзім, як і што будзе далей. Выдатна, што людзі вераць у добрае. Хлусьня ніколі не павінна перамагаць праўду. Рана ці позна ўсё павінна быць добра».

Цяпер пісаць вязьню можна на адрас: Мікалай Аўтуховіч, турма № 1, К-8, вул. Кірава, 1, 230023 Горадня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG