«Тут стаіць смурод сьмерці». Мэр Марыюпалю расказаў, як выглядае пры акупацыі горад і як там жывуць людзі. ФОТА

Пахаваньні ахвяр расейскай агрэсіі ў Марыюпалі, сакавік 2022
Пахаваньні ахвяр расейскай агрэсіі ў Марыюпалі, сакавік 2022

Мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка заявіў, што па выніках блякады, зьнішчэньня гораду і ягоных мірных жыхароў зарэгістравана 1 256 злачынстваў, учыненых расейскімі войскамі.

«Амаль кожны будынак, а іх у горадзе 2 600, пашкоджаны, зь іх у 70% былі прамыя пападаньні авіяцыі ці артылерыі, 50% будынкаў цалкам зруйнавалі, і ў кожным гэтым будынку хаваліся марыюпальцы. У горадзе забіта больш за 20 тысяч мірных жыхароў, і гэта вельмі аптымістычная лічба», — паведаміў Вадзім Бойчанка 3 чэрвеня на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, у горадзе не зьбіраецца сьмецьце, не працуе каналізацыя.

«У горадзе ў закладніках застаюцца 100 тысяч жыхароў, у горадзе ёсьць стыхійныя пахаваньні. У горадзе стаіць смурод сьмерці. У горадзе няма ежы, апошні раз яны (расейцы) завозілі гуманітарную дапамогу ў красавіку, цяпер нічога не адбываецца».

«І галоўная праблема — адсутнасьць пітной вады, таму што сыстэма водазабесьпячэньня і водаадвядзеньня цалкам разбураная. Летам, ва ўмовах высокай тэмпэратуры, усё гэта можа выклікаць успышку інфэкцыйных захворваньняў. Людзі сядзяць каля сваіх дамоў і чакаюць, калі адкрыюць сталыя „зялёныя“ калідоры і яны ўратуюць свае жыцьці», — падкрэсьліў мэр Марыюпалю.

Вадзім Бойчанка дадаў, што цяпер рэгіянальныя праваахоўныя органы фіксуюць усе злачынствы, учыненыя расейскімі вайскоўцамі і самаабвешчанай акупацыйнай уладай у дачыненьні да цывільнага насельніцтва.

Руіны Марыюпаля, 2 чэрвеня 2022
Руіны Марыюпаля, 2 чэрвеня 2022

«Ужо зафіксавалі 1 256 ваенных злачынстваў, і ўсе яны цяпер расьсьледуюцца рэгіянальнай і Генэральнай пракуратурай. Усё зло будзе пакарана», — падкрэсьліў мэр Марыюпалю.

Марыюпаль быў узяты ў аблогу расейскімі войскамі ў першыя дні маштабнага ўварваньня, якое пачалося 24 лютага. Украінскія падразьдзяленьні трымалі абарону гораду на Азоўскім моры да 20 траўня, калі з тэрыторыі заводу «Азоўсталь» былі вывезеныя апошнія абаронцы Марыюпалю. Яны цяпер знаходзяцца на падкантрольнай Расеі тэрыторыі і ня маюць сувязі са сваімі сваякамі.

Дзячынка ў Марыюпалі каля магілы на пахаваньні яе сваякоў
Дзячынка ў Марыюпалі каля магілы на пахаваньні яе сваякоў
Жанчыны гатуюць ежу на вуліцы разбуранага Марыюпаля. Красавік 2022
Жанчыны гатуюць ежу на вуліцы разбуранага Марыюпаля. Красавік 2022

​
XS
SM
MD
LG