Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскіх крамах скараціўся асартымэнт тавараў, некаторых — амаль на траціну, — дасьледаваньне


Пасьля таго, як многія замежныя брэнды пакінулі расейскі рынак з прычыны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, выбар прадукцыі ў расейскіх крамах стаў бяднейшым.

Згодна з дасьледаваньнем аналітычнай кампаніі NielsenIQ, скарачэньне асартымэнту паказалі агулам 155 катэгорый тавараў — як харчовых, так і нехарчовых, піша ВВС.

З канца сакавіка па пачатак траўня асартымэнт бытавой хіміі і сродкаў для догляду сябе скараціўся на 22,9% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Мацней за ўсё скараціўся асартымэнт пральных парашкоў (на 33%), сродкаў асабістай гігіены (на 32%), сродкаў для мыцьця посуду (на 31%), кандыцыянэраў для бялізны (на 30,4%), кандыцыянэраў для валасоў (на 26,9%), сродкаў для твару (на 25,9%), шампуняў (на 25,5%), зубной пасты (на 23,8%).

У групе харчовых тавараў больш за ўсё звузіўся выбар кансэрваваных грыбоў (на 22%), алею (на 19%) і ёгуртаў (на 15%).

Дырэктар па працы з раздробнымі сеткамі ў расейскім офісе NielsenIQ Канстанцін Локцеў лічыць, што асартымэнт прадукцыі скарачаецца зь некалькіх прычынаў: адны пастаўшчыкі больш не пастаўляюць свае тавары ў Расею, іншыя адчуваюць цяжкасьці з сыравінай. Некаторае зьніжэньне разнастайнасьці, паводле яго, справакавалі і самі пакупнікі, якія ў сакавіку запасаліся таварамі працяглага захоўваньня.

На думку аналітыкаў прадуктовага рынку, дэфіцыту тавараў і голаду ня будзе, аднак чакаецца нястача тавараў пэўных брэндаў. «Там, дзе раней было дзесяць пазыцый, будзе дзьве. Там, дзе былі варыянты, варыянтаў ня будзе», — казаў у сакавіку гендырэктар кансалтынгавага агенцтва INFOline Іван Фядзякоў.

  • Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны больш за тысячу кампаній згарнулі сваю дзейнасьць у Расеі, а ЗША і ЭЗ рэгулярна ўводзяць санкцыі, якія забараняюць або абмяжоўваюць супрацоўніцтва з расейскімі арганізацыямі.
  • У пачатку траўня расейскае Міністэрства прамысловасьці і гандлю апублікавала пералік тавараў і брэндаў, якія можна ўвозіць у Расею ў рамках так званага «паралельнага імпарту», гэта значыць без дазволу праваўладальніка.
  • Па дадзеных Міністэрства эканамічнага разьвіцьця РФ, эканоміка Расеі ў красавіку перажыла спад на 3% на фоне транспартна-лягістычных абмежаваньняў і скарачэньня ўнутранага попыту. Абарот розьнічнага гандлю ўпаў на 9,7%.
  • У дакладзе Расстату аб сацыяльна-эканамічным становішчы ў першым квартале адзначаецца рост цэнаў практычна на ўсе віды тавараў і паслуг, прычым на некаторыя ён дасягае двухзначных значэньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG