У амбасадзе Ўкраіны ў Беларусі расказалі дэталі «спэцапэрацыі» КДБ па вывазе беларусаў з украінскай тэрыторыі.
Надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім заявіў, што вывозіць беларускіх кіроўцаў грузавых аўтамабіляў з Украіны пасьля пачатку расейскага ўварваньня актыўна дапамагалі дыпляматы абедзьвюх краін.
«Увогуле незразумела, чаму КДБ прыпісвае сабе „посьпехі“, бо беларускія дыпляматы зрабілі ня менш (калі ня больш), каб вярнуць беларускіх грамадзян дадому, у тым ліку і пры дапамозе Пасольства Ўкраіны ў Беларусі. Бо пасольства Беларусі было эвакуавана з Украіны, хоць магло б, як многія іншыя, перамясьціцца з Кіева, дзе сапраўды было небясьпечна заставацца, у іншы горад і працягваць дапамагаць сваім грамадзянам на месцы», — напісаў Ігар Кізім на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле ўкраінскага дыплямата, праблемы былі толькі з кіроўцамі ў Малыне (Жытомірская вобласьць. — РС), а па іншых групах беларусаў праблемаў не было.
«Іх ніхто асабліва не зьбіраўся затрымліваць. Але „на вайне як на вайне“. Кожнае ведамства мае свой „інтарэс“, і ўсё, што зьвязана з пытаньнямі бясьпекі, у часе вайны становіцца галоўным. Гэта, вядома ж, зацягвала працэс. Але, напрыклад, зь беларусамі ў Чарнаўцах наш консул падтрымліваў сталы тэлефонны кантакт, як зь іхнымі сваякамі, так і з прадстаўнікамі Мінтрансу», — дадаў ён.
«А калі вывозілі целы двух загінулых ад ракетнага ўдару (зразумела, адкуль прыляцела ракета) беларусаў у Корасьцені, то гэтым займаліся ня толькі ўкраінскія і беларускія консулы і прадстаўнікі Мінтрансу, але і польскія калегі. Пра КДБ гаворкі ўвогуле не было. Калі не лічыць, што валянтэраў, якія прывезьлі целы ў Мазыр, пасьля вяртаньня адразу ж выклікалі „для дачы паказаньняў“. І, нарэшце, „апагей“ апэрацыі — сустрэча на Варшаўскім мосьце. Тут, праўда, „працавала“ КДБ. Нават мне тэлефанавалі і „папярэджвалі“, што калі што, то... Гэта, уласна, сутнасьць „апэрацыі“, аб пасьпяховым правядзеньні якой публічна казалі 7 красавіка», — удакладніў Ігар Кізім.
Паводле яго, украінскія прадстаўнікі аўтаперавозчыкаў вялі перамовы з расейскімі перавозчыкамі аб узаемным абмене сваімі кіроўцамі, якія пасьля пачатку вайны апынуліся на тэрыторыі Расеі і Ўкраіны.
«Дамовіліся, што месцам „абмену“ будзе памежны пераход у Берасьці. Аўтобус з украінцамі павінен быў прыехаць туды празь Беларусь, а з расейцамі з Украіны — праз Польшчу. І тут пачалася „спэцапэрацыя“. Калі расейцы перасеклі мяжу і апынуліся ў Беларусі, беларускія памежнікі ня выпусьцілі ўкраінскіх і паставілі ўмову, што вызваляць іх толькі „ў абмен на сваіх“. Разьмясьцілі іх у асобным вагоне і паставілі вакол ахову. То бок фактычна ўзялі ў закладнікі ўкраінскіх кіроўцаў», — дадаў украінскі дыплямат.
Ігар Кізім не выключае, што гэта магло адбыцца па ўзгадненьні з Расеяй.
«Але гэта ўжо ня важна. Важна тое, што яшчэ раз паказалі, што тэрыторыя Беларусі небясьпечная для ўкраінцаў. Бо калі б абмен адбываўся на мяжы Расеі з Латвіяй, то такая сытуацыя ня ўзьнікла б», — падкрэсьліў ён.
На думку ўкраінскага дыплямата, беларускія СМІ, расказваючы пра гэтую «спэцапэрацыю», чарговым разам стварылі з украінцаў вобраз ворага і ўкінулі ў інфармацыйную прастору Беларусі «яшчэ адну порцыю антыўкраінскай прапаганды».
31 траўня Лукашэнка ўзнагародзіў супрацоўнікаў КДБ нібыта за сакавіцкую апэрацыю па вывазе беларускіх грамадзян з украінскай тэрыторыі, ахопленай вайной. Вядома, што тады два беларускія дальнабойнікі загінулі пры абстрэле Жытоміршчыны з расейскіх самалётаў, што выляталі з тэрыторыі Беларусі.
Лукашэнка заявіў 31 траўня:
«Некалькі дзясяткаў людзей засталіся там, проста скажам, закладнікамі сытуацыі. І іх трэба было вяртаць дадому, у сем’і. На жаль, па-мойму, двум чалавекам так і не ўдалося вярнуцца дадому. Яны проста нахабна былі забітыя ўкраінцамі. Прыйдзе час, мы разьбяромся і зь імі».
Выпадак з гібельлю беларускіх дальнабойнікаў сапраўды быў у сакавіку, аднак яны загінулі пры расейскім абстрэле гораду Корасьцень Жытомірскай вобласьці. Раніцай 11 сакавіка памёр 38-гадовы Дзьмітры Шылец — беларускі кіроўца, які пацярпеў падчас авіяўдару па ўкраінскім горадзе Корасьцень. Да гэтага ён быў у рэанімацыі. Другі беларус, 34-гадовы Іван Рогаў, загінуў 10 сакавіка.
Рогаў і Шылец пры абстрэле расейскімі ракетамі атрымалі моцныя апёкі і памерлі ў рэанімацыі. Мэр Корасьценя тады сказаў, што расейскія самалёты адправіліся на бамбаваньне Корасьценя акурат з тэрыторыі Беларусі.
Раней Лукашэнка падтрымаў расейскую збройную агрэсію супраць Украіны. Беларуская тэрыторыя выкарыстоўвалася расейскімі войскамі для наступу на поўдзень, перафармаваньня і разьмяшчэньня войскаў. Параненых расейскіх вайскоўцаў прывозілі ня толькі на іх радзіму, але і ў беларускія шпіталі.
З прычыны вайны, разьвязанай Расеяй, ратавацца вымушаныя былі і тысячы беларусаў, якія жывуць ва Ўкраіне. За падтрымку вайны супраць Рэспублікі Беларусь краіны Захаду ўвялі шэраг новых санкцый, якія дапоўнілі ранейшыя санкцыі, уведзеныя ў 2020-м за палітычныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць грамадзян.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.