Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўная Рада Ўкраіны звольніла ўпаўнаважаную па правах чалавека


Людміла Дзянісава
Людміла Дзянісава

Украінскі парлямэнт звольніў упаўнаважаную па правах чалавека Людмілу Дзянісаву. За гэтае рашэньне прагаласавалі 234 дэпутаты, супраць — 9.

Дзянісава займала сваю пасаду з сакавіка 2018 году. 31 траўня дэпутаты прапрэзыдэнцкай фракцыі «Слуга народу» сабралі подпісы за яе адстаўку.

Дэпутат фракцыі Павал Фралоў у Фэйсбуку расказаў аб прэтэнзіях «Слугі народу» да амбудсмэна. Паводле яго, чыноўніца паведамляла аб выпадках сэксуальнага гвалту «ў вычварнай форме» і ў дачыненьні да дзяцей жыхароў Украіны з боку расейскіх вайскоўцаў. Потым гэтыя паведамленьні не знаходзілі пацьверджаньня.

Паводле дэпутатаў фракцыі «Слуга народу», Дзянісава ня ўдзельнічала ў арганізацыі гуманітарных калідораў у зоне баявых дзеяньняў і шмат часу праводзіла ў Заходняй Эўропе, замест таго каб забясьпечваць правы ўкраінцаў у Расеі.

Дзянісава на прэсавай канфэрэнцыі 30 траўня заявіла, што яе звальненьне будзе незаконным. Яна лічыць, што ўлады не задавальняе яе актыўнасьць, у прыватнасьці ў зборы інфармацыі аб сытуацыі на акупаваных тэрыторыях. Яна назвала ціск на яе ўмяшаньнем у справы офісу ўпаўнаважанай па правах чалавека.

  • Міжнародныя арганізацыі паведамлялі аб масавых парушэньнях правоў чалавека ў зоне ваеннага канфлікту ва Ўкраіне, у прыватнасьці, на тэрыторыях, якія знаходзяцца пад кантролем расейскіх вайскоўцаў.
  • У дакладах Amnesty International і АБСЭ паведамлялася пра пазасудовыя пакараньні сьмерцю, забойствы, сэксуальны гвалт, катаваньні і іншыя злачынствы супраць цывільных жыхароў. «Парушэньні расейскіх вайскоўцаў, у параўнаньні з украінскімі, несувымерна больш сур’ёзныя па сваёй прыродзе і маштабе», — гаворыцца ў апублікаванай у красавіку справаздачы АБСЭ.
  • Дзясяткі супрацоўнікаў украінскіх СМІ раней напісалі адкрыты ліст Дзянісавай з заклікам паведамляць толькі пра тыя выпадкі сэксуальнага гвалту, якія знаходзяць пацьверджаньне з боку сьледчых органаў. На думку журналістаў, паведамленьні, якія пасьля не пацьвярджаюцца, кідаюць цень на намаганьні па расьсьледаваньні рэальных злачынстваў расейскіх вайскоўцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG