Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё паміж вайной і мірам. У Кіеў усё актыўней вяртаюцца жыхары, але ўлада кажа, што пагрозы застаюцца


Кіеў, 9 траўня 2022
Кіеў, 9 траўня 2022

Свабода паназірала, чым цяпер жыве Кіеў і ці сапраўды сталіца вяртаецца да мірнага жыцьця.

Жыцьцё паміж вайной і мірам. У Кіеў усё актыўней вяртаюцца жыхары, але ўлада кажа, што пагрозы застаюцца

У ноч на 24 лютага Кіеў прачнуўся блізка пятай гадзіны раніцы ад гукаў моцных выбухаў — па некалькіх аб’ектах украінскай сталіцы Расея нанесла авіяўдары. Адначасова адразу ў некалькіх раёнах Кіева пачалі працаваць расейскія выведвальна-дывэрсійныя групы. Іх змаглі нэўтралізаваць цягам першых двух дзён пасьля вулічных баёў.

Сьцяна памяці ў Кіеве, 20 траўня 2022
Сьцяна памяці ў Кіеве, 20 траўня 2022

Наступ на сталіцу ўдалося спыніць цягам вялікіх ахвяр у Кіеўскай вобласьці — баі пад Гастомелем, у Бучы і Ірпяні. Але і пасьля адыходу расейскіх войскаў з поўначы Ўкраіны Кіеў яшчэ не аднойчы абстрэльвалі.

Паводле гарадзкіх уладаў, першы мільён кіеўлян выехаў з гораду на працягу тыдня перад вайной. Цягам месяца ад пачатку вайны выехаў кожны другі.

Блёк-пастоў менш, затораў больш

Ад пачатку вайны на выездах з Кіева арганізавалі блёк-пасты. Ахвочых пакінуць сталіцу было шмат, і ўтвараліся шматгадзінныя чэргі.

Цягам першых тыдняў «вожыкі» і абарончыя траншэі, абкладзеныя мяхамі зь пяском, пачалі ўзьнікаць ледзь не на кожнай вуліцы. Рух рабіўся ўсё больш павольны, а горад пусьцеў.

Майдан незалежнасьці, сакавік 2022
Майдан незалежнасьці, сакавік 2022

Багдан А. выехаў з Кіева на трэці дзень, хацеў вывезьці ўнукаў. Спачатку на паўднёвы захад Кіеўскай вобласьці ў вёску паблізу Фастава, адтуль пасьля актывізацыі расейскіх абстрэлаў езьдзіў у Матыжына, каб эвакуаваць сваякоў. Іх там праводзіла стараста вёскі, якую потым расейцы закатавалі і расстралялі разам з усёй яе сям’ёй. Але і тая вёска не была бясьпечнай. Пасьля таго як ракета трапіла ў мясцовы Дом культуры, яны рушылі аўтамабілем на захад, у Хмяльніцкі.

«Там давялося памяняць чатыры месцы жыхарства. Дапамагалі знаёмыя і знаёмыя знаёмых. Людзі вельмі дапамагалі, але, на жаль, маглі даць прытулак толькі на кароткі час. Празь месяц я вярнуўся ў Кіеў, і мяне ўразіла, які ён стаў пусты. Ад гэтай бязьлюднасьці трывога толькі нарастала, і я зноў паехаў на захад. Вярнуўся ўжо пасьля 9 траўня. Для мяне, напэўна, як і для большасьці кіеўлян, гэтая дата была вызначальная. Я вырашыў, калі ня спраўдзяцца прагнозы аб новых спробах атакі на Кіеў, я буду вяртацца», — расказаў Багдан А.

Гарадзкія ўлады таксама кажуць, што пасьля 9 траўня ў Кіеў вяртаецца ўсё больш грамадзян. З кожным днём, нягледзячы на паліўны крызіс, на дарогах становіцца ўсё больш аўтамабіляў, і горад зноў пачаў спыняцца ў заторах, як у даваенны час. Таму вырашылі патроху разьбіраць блёк-пасты, але так, каб пры патрэбе іх можна было адразу аднавіць.

«Больш нікуды не паеду»

Вяртаючыся дадому, кіяўляне намагаюцца вярнуцца і на працу. Але шанцуе найперш тым, хто працуе ў сфэры абслугоўваньня.

Хрысьціна М., як і большасьць кіяўлян, перажыўшы страх, роспач і расчараваньне, вярнулася ў Кіеў 6 красавіка. Пасьля гэтага Кіеў яшчэ некалькі разоў абстрэльвалі.

«Пасьля таго як пабачылі вулічныя баі на маёй Абалоні (раён у Кіеве на правым беразе Дняпра. — РС), мы з мужам вырашылі зьехаць у вёску на поўдні Кіеўскай вобласьці. Знаёмыя вайскоўцы сказалі, што лепш выяжджаць, і сказалі, што той кірунак нібыта бясьпечны. Больш за месяц даводзілася грэць ваду, каб памыцца. І кожны раз, калі я мылася ў тазіку, я на ўсю акругу крычала: „Дзякуй, рускі мір!“», — згадвае Хрысьціна.

Дзяўчына працуе ў beauty-бізнэсе, і як вярнулася, адразу выйшла на працу. Кажа, што іхны бізнэс моцна пацярпеў.

«З чатырох салёнаў у нас засталося толькі два. Перад вайной завезьлі абсталяваньне для пятага салёна, каб быць прысутнымі ва ўсіх раёнах Кіева, але цяпер ужо не адкрыем. Шмат супрацоўнікаў разьехаліся і пакуль не вярнуліся», — дадала яна.

Хрысьціна кажа, што ёй прапанавалі выехаць у Польшчу і адкрыць там свой салён. «Каб адкрыць бізнэс у іншай краіне, патрэбна вялікая маркетынгавая праца. Я не хачу на гэта марнаваць час, тут я ўжо ўсё ведаю. Я ўвогуле больш нікуды не паеду. Няма нідзе лепш, чым дома. Дома і родныя сьцены дапамагаюць».

Дзяўчына кажа, што пачалі вяртацца і кліенты іхных салёнаў у Кіеве. «Калі казаць у лічбах, то мы цяпер працуем недзе на 50% загрузкі ад даваеннага часу».

У час нашай размовы ў мабільным дадатку тэлефона спрацавала паветраная трывога, і мы вымушаныя былі перабрацца ў бясьпечнае месца. Па дарозе Хрысьціна сказала, што на сыгнал небясьпекі ўжо мала хто рэагуе ў Кіеве. «Часам я бачу паведамленьне аб трывозе ўжо пасьля яе адбою, чамусьці тэлефон не заўсёды рэагуе на гэтыя сыгналы. А на вуліцы сыгналы больш не ўключаюць», — адзначыла яна.

Дзень гораду сьвяткавалі онлайн

У нядзелю, 29 траўня, Кіеў адзначаў 1540 гадоў ад свайго заснаваньня. Гарадзкая ўлада прапанавала адсьвяткаваць дзень нараджэньня гораду онлайн. Пэўна, упершыню за шмат гадоў не адбылося ніводнага масавага мерапрыемства.

Прапанаваныя ўладай віртуальныя конкурсы, канцэрты і экскурсіі прыцягнулі мала цікаўных. А ў рэальным сьвеце жыхары сталіцы накіраваліся ў свае любімыя месцы. Днямі свае дзьверы адчыніў Нацыянальны батанічны сад імя Мікалая Грышка, у якім адна з найбольшых у Эўропе калекцый. Магноліі і сакура, якія заўсёды выклікаюць ажыятаж у наведнікаў, сёлета адцьвілі ў самоце. Аднак ёсьць яшчэ бэз і архідэі і яшчэ некалькі тысяч відаў дрэў і хмызьнякоў.

Іншыя рушылі на пляж. Але большасьць кіеўскіх пляжаў яшчэ не рэкамэндуюць наведваць, бо яшчэ не завяршылі праверку на выбуханебясьпечныя прадметы.

Улада заклікала грамадзян выконваць правілы бясьпекі і ня грэбаваць сыгналамі трывогі. У нядзелю іх было тры: першы — неўзабаве пасьля шостай гадзіны раніцы, а апошні — у 22.56.

Большасьць кіяўлян вярнуліся, але небясьпека застаецца

У сярэдзіне траўня гарадзкія ўлады паведамілі, што ў Кіеў вярнуліся 2,5 мільёна жыхароў. Перад вайной насельніцтва Кіева ацэньвалася ў 3,5 мільёна.

Украінскія ўлады разьлічваюць, што грамадзяне, якія выехалі з краіны, уцякаючы ад вайны, абавязкова вернуцца дадому. Некаторыя экспэрты сьцьвярджаюць, што ўжо цяпер ва Ўкраіну вярнуліся 60% грамадзян, якія з 24 лютага шукалі бясьпекі за межамі краіны.

У той жа час кіраўнік Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Мікола Жырноў заявіў, што Расея не адмовілася ад сваіх плянаў захапіць усю тэрыторыю Ўкраіны, таму Кіеў як сталіца застаецца прыярытэтнай мэтай для расейскіх войскаў.

Паводле яго, у Бранскай і Курскай абласьцях Расеі ўкраінская выведка пакуль ня бачыць прыкмет фармаваньня наступальных войскаў. «Але мы ведаем, што Расея можа выкарыстаць і тэрыторыю Беларусі», — заявіў Мікола Жырноў.

Кіраўнік вайсковай адміністрацыі Кіева лічыць, што небясьпека паўторнага наступу на Кіеў застаецца, але для гэтага неабходны пэўны час, каб падрыхтаваць асабовы склад, узбраеньне і матэрыяльна-тэхнічныя сродкі.

«У сёньняшніх умовах раптоўна і за кароткі час гэта зрабіць немагчыма. Мы кожны дзень сочым за дзеяньнямі праціўніка і рыхтуемся яго сустрэць: рыхтуем рубяжы і пазыцыі ў інжынэрным вымярэньні, вызначана мясцовасьць для замінаваньня, рыхтуюцца войскі з улікам ужо набытага досьведу. Пагроза ёсьць і будзе існаваць да таго часу, пакуль мы не пераможам. Аднак Кіеў рыхтуецца даць належны адпор ворагу», — запэўніў Мікола Жырноў.

Музыка Аляксей Берагавы на Майдане Незалежнасьці, 9 сакавіка 2022
Музыка Аляксей Берагавы на Майдане Незалежнасьці, 9 сакавіка 2022

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG