Візыт у Кіеў стаўся адным зь першых для Катрын Каляна на пасадзе міністаркі замежных спраў Францыі, якую яна заняла 20 траўня.
У сталіцу Ўкраіны цягніком прыбыла новапрызначаная міністарка Эўропы і замежных спраў Францыі Катрын Каляна.
«Я прыехала ва Ўкраіну, каб паказаць падтрымку Францыю перад украінскім народам», — напісала Каляна ў Twitter.
Як паведамляе Міністэрства Эўропы і замежных спраў Францыі, візыт закліканы прадэманстраваць салідарнасьць Францыі з украінскім народам і яе рашучасьць узмацніць падтрымку Ўкраіны супраць расейскай агрэсіі як у гуманітарным і фінансавым пляне, так і ў пастаўках абароннага абсталяваньня.
«Спадарыня Катрын Каляна сустрэнецца са сваім украінскім калегам Дзьмітром Кулебам пасьля іх першага кантакту 25 траўня, каб абмеркаваць падтрымку Францыяй Украіны ва ўсіх сфэрах і, у прыватнасьці, абмеркаваць блякаду экспарту збожжа і алею з Украіны, што павялічвае рэальную харчовую небясьпеку і патрэбы як мага хутчэй знайсьці канкрэтныя рашэньні для іх ліквідацыі. Яе таксама прыме прэзыдэнт Зяленскі», — гаворыцца ў заяве міністэрства ў панядзелак.
У ведамстве адзначылі, што Каляна наведае Бучу і перадасьць украінскім уладам пажарныя машыны і машыны хуткай дапамогі. Міністарка таксама павітае супрацоўнікаў амбасады Францыі ў Кіеве.
Катрын Каляна ўзначаліла МЗС Францыі 20 траўня. 30 і 31 траўня ў Брусэлі праходзіць саміт ЭЗ, які разглядае шосты пакет санкцыі супраць Расеі за яе вайну ва Ўкраіне.