Мяжу Херсонскай вобласьці з тэрыторыямі, падкантрольнымі Кіеву, закрылі, паведамляе «РИА Новости» са спасылкай на прызначанага акупацыйнымі расейскімі войскамі «намесьніка кіраўніка» рэгіёну Кірыла Стрэмусава.
«Перасячэньне мяжы з боку Мікалаеўскай і Днепрапятроўскай абласьцей вельмі небясьпечна, улічваючы сыстэматычныя абстрэлы ўкраінскіх баевікоў. Пасьля апошніх абстрэлаў зь іх боку загінулі мірныя людзі, якія апынуліся ў буфэрнай зоне. Таму мы не рэкамэндуем увогуле езьдзіць ва Ўкраіну, ні пад якой падставай», — заяўляе Стрэмавусаў.
Выехаць з рэгіёну цяпер можна толькі ў анэксаваны Крым ці ў тую частку Запароскай вобласьці, якую кантралююць расейскія войскі.
- Херсонская і Запароская вобласьці пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага часткова перайшлі пад кантроль войскаў РФ. Гаворка ідзе пра большую частку тэрыторыі Херсонскай вобласьці з абласным цэнтрам і прыкладна палову Запароскай. Сам горад Запарожжа — пад кантролем Украіны.
- Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны Ўладзімір Пуцін і іншыя расейскія прадстаўнікі заяўлялі, што мэтай Расеі не зьяўляецца акупацыя ўкраінскай тэрыторыі. Аднак у занятых расейскімі войскамі раёнах поўдня краіны былі сфармаваныя падкантрольныя Расеі адміністрацыі, кіраўнікі якіх сталі сьцьвярджаць, што Херсонская і Запароская вобласьці павінны быць прыняты ў склад Расеі.
- Раней на гэтым тыдні Пуцін падпісаў указ, які дае права спрошчанага атрыманьня расейскага грамадзянства жыхарам Херсонскай і Запароскай абласьцей Украіны. Яны змогуць атрымаць расейскі пашпарт па той жа працэдуры, што і жыхары так званых самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», якія Масква лічыць незалежнымі рэспублікамі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
- Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
- У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.