Падбіты расейскі танк на ўсходзе Ўкраіны. Травень 2022
Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай заявіў, што расейскія войскі кантралююць 95% Луганшчыны.
«Сытуацыя вельмі цяжкая, таму што Расея кінула ўсе свае сілы на захоп Луганскай вобласьці. Ідуць найскладанейшыя баі на ваколіцах Севераданецку, горад яны цалкам зьнішчаюць, расстрэльваюць штодзённа. Няма нават вялікіх перапынкаў між абстрэламі», — паведаміў Сяргей Гайдай у эфіры тэлеканалу «Україна 24».
Паводле яго, колькасьць расейскіх войскаў у гэтым кірунку ў некалькі разоў перавышае колькасьць украінскіх падразьдзяленьняў.
Адначасова расейцы ўзмацнілі абстрэлы Харкава і Харкаўскай вобласьці. Кіраўнік абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў, што 9 мірных жыхароў загінулі і яшчэ 19 атрымалі раненьні.
«Вораг зноў вераломна тэрарызуе мірнае насельніцтва. Яшчэ раз прашу ўсіх безь неабходнасьці не выходзіць на вуліцы, а ў часе сыгналаў трывогі бегчы ва ўкрыцьці. Расслабляцца яшчэ зарана», — заявіў ён.
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што расейскія войскі аднавілі штурм і наступы на некалькі населеных пунктаў у Харкаўскай вобласьці, але беспасьпяхова.
У Галоўным апэратыўным кіраўніцтве Генштабу Ўзброеных сіл Украіны сьцьвярджаюць, што расейскія войскі маюць перавагу ў авіяцыі і артылерыі, але гэта пакуль не дазволіла ім выйсьці на адміністрацыйныя межы Луганскай і Данецкай абласьцей. У раён Папаснай (Луганская вобласьць) для ўзмацненьня сіл Расея перакінула падразьдзяленьні ПВК «Вагнэр».
Як прагназуюць у Генштабе Ўкраіны, расейскія войскі будуць спрабаваць замацавацца на сваіх пазыцыях у Мікалаеўскай вобласьці, каб заблякаваць украінскія падразьдзяленьні і не дазволіць ім атрымаць рэзэрвы.
«Адначасова захоўваецца магчымасьць наступленьня на асобных кірунках, каб палепшыць тактычныя пазыцыі і, імаверна, выйсьці на адміністрацыйную мяжу Херсонскай вобласьці», — паведаміў прадстаўнік Галоўнага апэратыўнага кіраўніцтва Генштабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксей Громаў.
Перавагу ў кіраваньні войскамі мае ўкраінская армія
У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны (ISW) лічаць, што, нягледзячы на тое, што расейскія войскі ў цяжкіх баях павялічылі колькасьць захопленых тэрыторый на ўсходзе Ўкраіны, украінская армія дэманструе сваю эфэктыўнасьць.
«Расейскія сілы ў захопленых раёнах поўдня Ўкраіны рыхтуюць „трэцюю лінію абароны“ для ўзмацненьня доўгатэрміновага кантролю над рэгіёнам і для падрыхтоўкі адбіцьця імаверных контранаступленьняў Украіны ў будучыні», — адзначаецца ў справаздачы амэрыканскіх экспэртаў.
Паводле іх, расейскія войскі аслабленыя ў жорсткіх баях і ім будзе надзвычай цяжка кампэнсаваць панесеныя страты.