«Медиазона» сабрала інфармацыю пра Сазанава і Ступніцкага.
На сайце «Міратворца» сказана, што 49-гадовы Сяргей Сазанаў родам з Рэчыцы, а 32-гадовы Аляксандар Ступніцкі нарадзіўся ў Воршы. Абодвух беларусаў праект лічыць баевікамі «ЧВК Вагнера», якія «трапілі пад удар ЗША ў Сырыі» ў 2018 годзе. У ліпені 2018 году СБУ паведамляла пра 11 байцоў «ЧВК Вагнера» зь Беларусі — у гэтым сьпісе былі імёны Сазанава і Ступніцкага.
«Міратворац» называе Сазанава былым маёрам міліцыі. «Медиазона» папрасіла групу «Кібэр-Партызаны» пашукаць зьвесткі пра Сазанава і Ступніцкага ў ведамасных базах МУС. У адказ хакеры даслалі рэдакцыі некалькі скрыншотаў.
Сяргей Сазанаў
Паводле зьвестак, пададзеных «Кібэр-Партызанамі», Сяргей Сазанаў 17 гадоў адпрацаваў у міліцыі, у тым ліку нядоўгі час быў інспэктарам па справах непаўналетніх і інспэктарам-дзяжурным у выцьвярэзьніку. Большую частку сваёй міліцэйскай кар’еры Сазанаў служыў на пасадзе опэрупаўнаважанага крымінальнага вышуку. У 2007 годзе яму прысвоілі званьне маёра, а ў 2011 — звольнілі паводле артыкула «ў сувязі з парушэньнем умоў кантракту».
«Лічыўся адным зь лепшых сьледчых у горадзе, раскрыў дзясяткі крымінальных спраў. Мясцовая газэта „Днепровец“ неаднаразова прысьвячала яму захопленыя артыкулы. Што стала прычынай ягонага звальненьня з органаў — невядома», — гаворыцца ў кнізе Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільляша «Беларускі Данбас».
У 2006 годзе рэчыцкая газэта «Днепровец» расказвала, як Сазанаў выратаваў бяздомнага падчас пажару. Праз чатыры гады, у 2010-м, Сазанаву далі ўзнагароду «За заслугі». «Днепровец» удакладняў, што Сазанаў выратаваў жыцьцё чатырнаццацігадовай дзяўчынцы, якая танула на гарадзкім пляжы. «Гэта ўжо чацьвёрты чалавек, выратаваны маёрам міліцыі на вадзе», — адзначала газэта.
У 2015 годзе былога міліцыянта пазбавілі правоў кіроўцы — у яго аналізах выявілі сьляды барбітуравай кіслаты, вытворныя якой — барбітураты — маюць псыхатропны эфэкт.
Аўтары «Беларускага Данбасу» зьвязваліся з дачкой Сазанава Валерыяй. Дзяўчына расказала журналістам, што яе бацька жыве ў Расеі, але рэгулярна прыяжджае ў Беларусь наведаць дзяцей.
«Усе ведаюць, што ў 2014 годзе ён езьдзіў на Данбас, перавозіў гуманітарную дапамогу. Магчыма, праз гэта і пайшлі чуткі [пра тое, што ён найміт]», — сказала дзяўчына аўтарам кнігі.
Аляксандар Ступніцкі
Згодна са зьвесткамі, што даслалі «Кібэр-Партызаны», ураджэнец Воршы Аляксандар Ступніцкі з 2010 году служыў у ППС, а ў 2012-м быў звольнены «за парушэньне службовай дысцыпліны». Дэталі ягонага звальненьня невядомыя.
Аўтары «Беларускага Данбасу» мяркуюць, што Ступніцкі ўступіў у «ЧВК Вагнэра» ў 2014 годзе. Перад «камандзіроўкай» на Данбас ён пабываў на трэніровачнай базе ў Краснадарскім краі, пісаў «Белсат». Паводле зьвестак «Міратворца», беларус атрымаў пазыўны «Малік» і пасаду «выведніка-сувязіста».
У Данецку ён сустрэў будучую жонку Насту і пасьля вясельля вярнуўся зь ёю ў Воршу. У 2015 годзе ў іх нарадзілася дзіця, гаварылася ў кнізе. Журналісты пісалі, што Ступніцкі адправіўся ваяваць пасьля таго, як прывёз жонку ў Беларусь, а ў 2016 годзе атрымаў раненьне ў раёне Пальміры. Пазьней яго ўзнагародзілі ордэнам Мужнасьці «за ўдзел у апэратыўна-выведных і спэцыяльных мерапрыемствах у раёне Пальміры», пісалі аўтары «Беларускага Данбасу».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.